Выбрать главу

Калі напачатку ледзь ці не штодзённыя і на ўвесь дзень у прамым эфіры тэле-радыйныя шоў на чале з першай службовай асобай рэспублікі выклікалі пэўную цікавасьць і захапленьне ў людзей, то па меры пагаршэньня эканамічнага становішча, зьяўленьня талонаў, татальнага дэфіцыту сталі выклікаць недаўменьне і злосьць – не ўкладвалася ў галовы, што галоўны начальнік Шушкевіч займаецца ня справай, а дні напралёт ладзіць з дэпутатамі не заўсёды зразумелыя спрэчкі і пустую балбатню, быццам кіраваць гэтым не могуць ягоныя намеснікі ці старшыні пастаянных камісій. Кемлівая наменклатура выдатна выкарыстоўвала і незайздроснае эканамічнае становішча, да якога нібыта давялі дэмакраты на чале з Шушкевічам, каб паступова і мэтанакіравана ўбіваць у грамадскую сьвядомасьць: парламенская рэспубліка, на якой настойвае апазіцыя і палова дэпутацкага корпусу, – шлях у нікуды. Патрэбная цьвёрдая рука, моцны прэзідэнт з царскімі паўнамоцтвамі. Але зацятыя шматмесячныя спрэчкі, шматлікія пайменныя і непайменныя галасаваньні і перагаласаваньні не давалі канстытуцыйнай большасьці. І наменклатура пайшла на адчайны крок – галасаваньне імяннымі бюлетэнямі. І ўздыхнула з палёгкай: нарэшце, удалося...

Адразу ж пад відавочных і магчымых кандыдатаў у прэзідэнты сталі стварацца партыі, рухі, клубы, дэпутацкія групы, складвацца нейкія кааліцыі. Пад Кебіча арганізавалі магутную дэпутацкую групу “Беларусь”, якая склала парламенцкую большасьць і магла заблакаваць любое рашэньне. Не хаваў сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і Шушкевіч, які меў магчымасьць хоць псіхалагічна пакарыстацца адміністратыўным рэсурсам, адцягнуць галасы ад Кебіча, таму наменклатура вырашыла, што наступіў час – і з другога заходу пры сітуацыі, калі БНФ устрымалася ад галасаваньня, адправіла яго ў адстаўку – хай адбірае галасы ў Пазьняка. А зачэпкай абралі анекдатычную скрынку цьвікоў, якую выкрыла антыкарупцыйная камісія, старшынём якой па ініцыятыве і настойлівай прапанове Шушкевіча ў свой час абралі дэпутата Лукашэнку. Пасьля эмацыянальнага выступленьня ў прамым тэлеэфіры з сенсацыйным дакладам аб карумпаванасьці ў вышэйшых эшалонах улады ён праславіўся на ўсю рэспубліку як самы сьмелы, самы прынцыповы і непахісны народны заступнік і барацьбіт з карупцыйнай гідрай. Пасьля эфектнай дэманстрацыі з трыбуны пухлых папак з кампраматам да яго кінуліся журналісты ўведаць яшчэ якую сенсацыю. Я гэтаксама злавіў яго ў вестыбюлі, прапанаваў падрыхтаваць серыю фельетонаў, на што ён ахвотна пагадзіўся, але калі гаворка зайшла пра характар нейкіх канкрэтных матэрыялаў, адказваў ухіліста, агульнымі словамі і фразамі, а больш дык лозунговымі прапіснымі ісьцінамі, і маё журналісцкае чуцьцё падказвала: ды няма ў яго ніякіх нявыкарыстаных ці новых, невядомых матэрыялаў, а дэманстрацыя пухлых папак – блеф, ці як сёньня сказалі б, чысты піяр. Гэтая здагадка ўзмацнілася пасьля гаворак з калегамі-журналістамі, нікому з якіх таксама не ўдалося вывудзіць хоць нейкі невядомы яшчэ матэрыял. А калі неўзабаве Лукашэнка ў прэс-цэнтры перад журналістамі, дзе і я прысутнічаў, наколькі памятаю, нават задаў нейкае ня дужа зручнае пытаньне, упершыню заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі і пра тое, што пачынае перадвыбарную кампанію, навіна, здаецца, трапіла не буйным шрыфтам на першыя палосы газетаў, а ў разрад кур’ёзаў, нараўне з самавылучэньнем журналісткі Масьлюковай, нейкага беспрацоўнага і нікому невядомага дробнага прадпрымальніка. Калегі-дэпутаты, журналісты іранічна і паблажліва пасьмейваліся, падахвочваючы: давай, Саша, давай, толькі нас пасьля не забудзь... Праўду кажуць, што сьмяецца той, хто сьмяецца апошні...

З абвяшчэньнем даты і афіцыйным пачаткам перадвыбарнай кампаніі высьветлілася, што за прэзідэнцкае крэсла, апроч Кебіча, Шушкевіча, Пазьняка, на левым фланзе будзе змагацца кандыдат ад камуністаў і нехта з аграрнага саюзу, мо нават ягоны кіраўнік старшыня знакамітага вярцялішкаўскага калгасу, Герой, лаўрэат Дубко, а таксама малады, энергічны барацьбіт з карупцыяй Лукашэнка, які можа трохі патаптацца па ўсіх дзялянках, і вельмі папулярны маладзечанскі мэр, былы дырэктар вядомага прадпрыемства парашковай металургіі акадэмік Карпенка, пад якога арганізавалася партыя Народнай згоды. Карпенку падтрымлівала значная частка наменклатуры і дэмакратычна настроенай грамадскасьці, бальшыня навуковай і тэхнічнай інтэлігенцыі. На той час, на думку многіх, гэта была, бадай, самая прыймальная і самая рэальная для перамогі кандыдатура, здольная згуртаваць вакол сябе самыя прагрэсіўныя і інтэлектуальныя сілы, адцягнуць значную колькасць выбаршчыкаў літаральна ад усіх прэтэндэнтаў, а найбольш дык у Кебіча, Шушкевіча і, вядома, Лукашэнкі. Карпенка для сваёй рэгістрацыі вырашыў пайсьці самым простым і лёгкім шляхам – заручыцца подпісамі калегаў-дэпутатаў, што было прадугледжана ў Законе аб выбарах, і махнуць рукой на збор подпісаў сярод выбаршчыкаў. І ў тым была ягоная найвя­лікшая памылка. Напярэдадні рэгістрацыі пачался паддывановыя гульні-інтрыжкі, і 8 дэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі, сярод якіх былі вядомыя інтэлектуалы Анатоль Вярцінскі, Алег Трусаў, адклікалі свае подпісы, тым самым з-за недахопу літаральна некалькіх дэпутацкіх галасоў найбольш рэальны кандыдат быў зьняты з рэгістрацыі, выведзены з гульні. Электаральныя сімпатыі на той час складваліся прыкладна так: ні Кебіч, ні Шушкевіч яўна былі непраханжэ – з імі атаясамлівалася бяздарнае кіраўніцтва апошняга часу з гіперінфляцыяй, татальным дэфіцытам, зьбядненьнем асноўнай масы насельніцтва і зьяўленьнем класу нахабных нуворышаў. Шэранькі і бязьлікі камуніст Новікаў, як і другі пракамуністычны вылучэнец Дубко, таксама ня мелі шанцаў. Пазьняк сваімі заявамі наконт расій­скага імперыялізму, абразьлівых выказваньняў пра Леніна і асабліва пра неабходнасьць люстрацыі камуністаў насьцярожыў недасьпелую ўспрымаць такія думкі і ідэі грамадскасьць, зводзіў свае шанцы на нішто. Рэальны выбар такім чынам мог ісьці паміж разважлівым, вопытным, адукаваным адміністратарам Карпенкам, які меў за плячыма неблагія дасягненьні ў Маладзечне, і маладым гаваркім барацьбітом з карупцыяй Лукашэнкам... Гістарычны народны вопыт, мудрая ментальная ўзважанасьць і разважлівасьць, у рэшце рэшт інстынкт, пэўна ж, аддалі б перавагу першаму... З выбыцьцём Карпенкі Лукашэнка практычна застаўся без альтэрнатывы. Менавіта да яго перайшлі дапамагаць здабыць перамогу многія Карпенкавы памочнікі, у тым ліку і ягоны бліжэйшы спадзьвіжнік па будаўніцтве гораду-сонца Мала­дзечна Віктар Ганчар, спадзеючыся займець рэальныя рычагі ўлады, маніпуляаваць маладым і нявопытным прэзідэнтам. Чым гэта скончылася – усім вядома...