Выбрать главу

Працяг будзе.

Беларусь зрабіла свой выбар. Гэта былі апошнія вольныя, дэмакратычныя выбары. Пра тое магу засьведчыць і як намесьнік старшыні па этыцы пры Цэнтр­выбаркаме, у якую ўваходзілі вельмі аўтарытэнныя, прынцыповыя і незалежныя ад чыйго б там ні было ўплыву, нават ад старшыні Цэнтрвыбаркаму Абрамовіча, які вельмі лічыўся з нашай думкай. З выбарам першага прэзідэнта, несумненна, узяла пачатак найноўшая гісторыя шматпакутнай Беларусі. Пра гэты перыяд напісаны ўжо палітыкамі, гісторыкамі, сур’ёзнымі і ня надта сур’ёзнымі палітолагамі, сацыёлагамі, журналістамі дзесяткі салідных кніг, дзе даволі поўна і ўсебакова даследуюцца вядомыя і малавядомыя факты, прычынна-пасьледкавыя сувязі, адкрытыя і скрытныя спружыны, якія прадвызначалі і вызначалі ход па­дзеяў. Апалагетамі розных палітычных сілаў выдадзена на гара тысячы, мо і дзесяткі, сотні тысячаў розных публікацыяў, супастаўляючы аргументы і факты з якіх удумліваму і разумнаму чытачу можна адшукаць ісьціну. Ну і для старэйшага, сярэдняга, дый маладзейшага пакаленьня найноўшая гісторыя яшчэ на памяці і на слыху, таму мае нейкія прыпамінкі, ацэнкі палітычнага і грамадскага жыцьця наўрад ці могуць дадаць нешта новае, невядомае. Мусіць, лепш хоць кораценька, пункцірна, фрагментарьна прыгадаць нейкія падзеі, зьвязаныя з літаратурным і культурніцкім побытам, з блізкімі і ня надта блізкімі, але дарагімі мне людзьмі, з кім шчасьлівы лёс зьвёў у гэтым жыцьці і каго так не хапае ня толькі мне і маім сябрам, але найперш маці-Беларусі...

Паэта Пімена Панчанку я адкрыў для сябе – дакладна памятаю – у год заканчэньня дзесяцігодкі і пачатку работы ў рэдакцыі раённай газеты ў 1956, калі прачытаў у “ЛіМе” падборку пад агульнай назвай “Прыстасаванцы”. Вершы настолькі ўразілі, што дастаткова было прачытаць іх два ці тры разы, каб назаўсёды засталіся ў памяці. І сёньня праз паўстагоддзя, пабудзі хоць пасярод ночы, магу прыгадаць амаль без запіначкі. З таго часу стаў пільна сачыць за ўсім, што выхо­дзіла з-пад пяра любімага паэта. Вучыўся, пераймаў ягоны стыль, пакуль сам займаўся вершаваньнем. Мо і свайго паэтычнага Пегаса адпусьціў на волю, цьвяроза ацаніўшы, які ён нягегленькі і клоленькі ў параўнаньні ў Панчанкавым.