Выбрать главу

Потым ён ці то сам трохі стаміўся, ці далікатна палічыў, што досыць частаваць і стамляць доўгім расповедам нас, рашуча спыніўся і перавёў гаворку на нейкую іншую датычную нас усіх тэму. Генадзь з усёй сваёй рашучасьцю настойліва стаў раіць гаспадару занатаваць пачутае намі на паперы, больш таго – прапанаваў прыслаць чалавека з “Рэпарцёрам”, каб нагаварыў у мікрафон, потым расшыфруецца на паперы, зробіць, якія палічыць патрэбнымі, папраўкі. Я гэтаксама падтрымаў, аднак Пімен Емельянавіч не прыняў усур’ёз і блізка нашых прапаноў, аднекнуўшыся з усьмешкай, што ня ўмее гаварыць у мікрафон, а пра гэта і шмат што іншае абавязкова напіша, калі кіне пісаць вершы... У тое, што Панчанка некалі можа кінуць пісаць вершы, слаба верылася нават мне, ня кажучы пра Генадзя, які не адзін год добра ведаў Пімена Емельянавіча. Калі мы ледзь ужо ці ня позьнім вечарам вышлі ад Панчанкі, Генадзь мовіў і да мяне, і больш да самога сябе: такое трэба запісваць, ведаючы, што дзёньнікі ня піша ні ён, ні я, і разумеючы, што запісаць, захаваўшы непаўторныя Панчанкавы інтанацыі, тоны, ягоную яркую, вобразную мову нават па самай свежай памяці немагчыма.

Тэма напісаньня ўспамінаў узьнікала заўсёды ў розных і вузкіх, і больш пашыраных гаворках, калі Пімен Емельянавіч быў у добрым гуморы і выдаваў чарговую порцыю сваіх цікавых, яркіх, дасьціпных згадак пра сустрэчы з Янкам Купалам, Якубам Коласам, пра страшныя хапуны ў канцы трыццатых, пра армейскія ваенныя, цяжкія, але вясёлыя пасьляваенныя гады. І ўсе аднадушна ледзь ці ня ўпрошвалі яго напісаць, пакінуць для нашчадкаў. Панчанка аднекваўся ў сваёй звычайнай манеры: ды я ўжо пра шмат што напісаў, калі гадоў дзесяць назад добра пісаліся розныя артыкулы па заяўках і просьбах рэдакцыяў, выдавецтваў, сяброў, дый па сваёй ініцыятыве, вазьмуся ўсур’ёз, як толькі закончу апошнюю паэтычную кнігу і ўвогуле перастану пісаць вершы. Мусіць, праўда, што кропля і камень крышыць, бо з гадамі ён, здаецца, і сам адчуў патрэбу напісаць прозу, а найперш павесьці расповед пра свае бягомельскія юначыя гады. Асабліва ў апошні перыяд жыцьця, калі ўжо не выходзіў на вуліцу, як любіў пажартаваць, “да маіх дзевак” – бабулек з суседніх двароў, якія імгненна акружалі яго, як толькі зьяўляўся на лавачцы ў скверыку непадалёк ад свайго пад’езду, каб паслухаць ягоныя вясёлыя баечкі і мудрыя жыцьцёвыя развагі. Пра тое, што больш ня будзе пісаць вершы, а займецца толькі прозай ён усё настойлівей, нібы пераконваючы самога сябе, стаў гаварыць ня толькі на сяброўскіх бяседах, але і публічна ў прэсе, аднак праходзіў нейкі час – і ў “Полымі” ці “ЛІМе” зьяўляліся ягоныя выдатныя паэтычныя нізкі. Мусіць, яно так і ёсьць: паэзія для сапраўднага вялікага паэта непадуладная ягоным жаданьням і намерам, яна для яго і крыніца натхненьня, і сэнс быцьця, і само жыцьцё, і своеасаблівы спосаб духоўнага існаваньня...

Хваробы даймалі яго, як нейкае насланьнё. Падымаўся ранкам, закружылася галава, упаў, пашкодзіў пазваночнік, пасьля чаго з паўгоду мусіў ляжаць на мулкіх дошках. Трымаўся мужна, жартаваў: гэта пакараньне за непаслушэнства... Гарэзьлі­ва ўсьміхаўся і тлумачыў: гэта ж колькі разоў і Максіма, і мяне папярэджваў Кандрат – не забывайце, хлопцы, на свае гады, прачнуўся, то не сьпяшай ускокваць з ложку, як малады жарабок, а нагамі паварушы, сядзь, спусьціўшы іх долу, рукою прытрымайся, інакш закружыцца галава і – у лепшым разе давядзецца тлумачыць знаёмым паходжаньне гузака ці ліхтара... А для мяне дык во чым скончылася...