Выбрать главу

Сёньня я ня ведаю пісьменьнікаў, у тым ліку і сярод крытыкаў, літаратураведаў, хто сістэмна сочыць за літаратурным працэсам, больш-менш поўна знаёміцца з публікацыямі ў літаратурна-мастацкіх выданьнях, навінкамі сур’ёзных выдавецтваў. Магчыма, цалкам аддаюцца напісаньню ўласных, вядома ж, геніяльных твораў, магчыма, ня маюць патрэбы чытаць, як у тым анекдоце: “я не чытацель, я пісацель”, ці проста заядае лянота, і абмяжоўваюцца праглядам, зачапіўшыся за нешта позіркам па дыяганалі, каб быць у курсе, з разумным выглядам, калі ўзьнікне патрэба, падтрымаць гаворку. Ніколечкі не перабольшваю: ёсьць творцы, якія, здаецца, у найлепшых прыяцельскіх, мо нават сяброўскіх стасунках, але не прачыталі адзін у аднаго ніводнага радка. Сам сустракаў такіх. Нашы старэйшыя калегі і таварышы былі зусім іншыя. Да глыбокай старасьці Янка Брыль з траўмаваным, фактычна адным вокам чытаў ня толькі практычна ўсё, што зьяўлялася ў беларускай, але і даволі сістэмна сачыў, што робіцца ў рускай, польскай, украін­скай літаратурах, і да ўсяго меў патрэбу час ад часу вяртацца і перачытваць для душы любімую класіку. Тое ж можна сказаць і пра Пімена Панчанку. Нават у нямоглым стане ён ніколі не раставаўся з кнігай. Неяк я зьвярнуў увагу, што бальшыня кніг у ягонай бібліятэцы, а найперш класічныя прыкметна зачытаныя, выказаў здагадку: пэўна, бібліятэкай актыўна карыстаюцца дзеці, унукі мо і суседзі. Пімен Емельянавіч пацьвердзіў, што здараецца і не бяз гэтага, але больш дык ён сам чытае-перачытвае і Пушкіна, і Купалу, і Лермантава, і Коласа, і Талс­тога, і Твардоўскага дый іншых, нават маладзейшых, але ўжо відавочных неўзабаве класікаў, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін ды Генадзь Бураўкін, і патлумачыў, што пастаяннае вяртаньне да класікі для яго нешта кшталту настройкі душы на камертон і для ўласнай творчасьці, і каб меркаваць аб чужой. Усе, хто ведаў Пімена Емельянавіча, аднадушна адзначаюць ягоную высокую патрабавальнасьць і да сваёй, і да чужой творчасьці, строгія, часам да жорсткасьці прамыя і бескампрамісныя ацэнкі. Праўда, ён прызнаваўся, што іншы раз і яго ўламвалі падпусьціць некаму ялею, але заўсёды намагаўся рабіць гэта ў меру, каб пасьля не было сорамна і брыдка. Ён быў ўнікальны галоўны рэдактар – чытаў літаральна ўсю рэдакцыйную пошту “Маладосці” і сам вырашаў, што рыхтаваць да друку, на што не варта траціць часу, і ні гучнае імя, ні грамадскае становішча аўтара ня мела ніякага значэньня. Яшчэ з “маладосцеўскіх” часоў ён прызвычаіўся быць у эпіцэнтры літаратурнага працэсу, і не пакідаў гэтай звычкі да апошніх дзён – чытаў практычна ўсё, што друкавалася ў літаратурна-мастацкіх часопісах. Асаблівая ўвага і ягоны клопат быў пра маладых, прыход у літаратуру адметных талентаў, падтрымка іх і добрым словам, і канкрэтнай справай. У сямідзясятыя ён часта пісаў крытычныя артыкулы з аглядам творчасьці маладых, кароткія рэцэнзіі, сігналячы, вызначаючы вартыя ўвагі аб’екты для непаваротлівай і цяжкой на пад’ём прафесійнай крытыкі. А калі па стане здароўя і абцяжараны іншымі клопатамі перастаў забягаць на літаратурна-крытычную дзялянку, знаходзіў нейкі іншы шлях падтрымаць добрым словам аўтараў і творы, якія прыйшліся яму даспадобы...