Выбрать главу

Як чалавек мудры ён рэдка калі быў абсалютна катэгарычным, аднак заўсёды заставаўся цьвёрдым і непахісным у адстойваньні сваіх непарушных маральных прынцыпаў. Толькі адзін прыклад. У свой час, відаць, ня без пратэкцыі вельмі ўплывовай установы, пачалі афармленьне дакументаў на прысваеньне даволі вядомаму літаратару званьня Народнага. Даведаўшыся, Пімен Емельянавіч тут жа пазваніў сакратару ЦК Кузьміну і ў катэгарычнай форме заявіў: калі гэта здарыцца – ён, Панчанка, публічна адмівіцца ад званьня Народны паэт. АТК добра ведаў Панчанку, не сумняваўся, што той не жартуе і не палохае, і тут жа сам паехаў да яго на кватэру даведацца, у чым справа, і зьняць пытаньні. АТК не хацеў даваць веры, і тады Пімен Емельянавіч расказаў даўнюю гісторыю, калі яны з Броўкам зайшлі да гэтага таварыша і зьнячэўку дужа напалохалі яго: той літаральна выхапіў з карэткі машынкі нейкую паперчыну, борзьдзенька, перавярнуўшы тыльным бокам, падсунуўшы пад стос іншых. Гаварылі пра сёе-тое, потым гаспадар загаварыўся па тэлефоне ля ўваходых дзьвярэй, а тым часам ім так карцела хоць адным вокам зірнуць на тую дужа сакрэтную паперчыну. Не ўтрымаліся, неўпрыкмет заглянулі – і аслупянелі, убачыўшы вядомы злавесны псеўданім, па даносах якога фабрыкаваліся справы на пісьменьнікаў... Пытаньне са званьнем было зьнятае, ініцыятарам сказалі, што разгляд пераносіцца на пазьнейшы няпэўны час...

Гэтую гісторыю расказаў мне Кузьмін, калі, выконваючы нейкі час абавязкі ягонага памочніка, я выказаў зьдзіўленьне і недаўменьне, чаму ён змушае прыдумваць розныя прычыны, каб не прымаць гэтага літаратара. АТК глянуў на мяне доўгім дапытлівым позіркам, сказаў, што ў гэтага чалавека рукі па локці ў крыві, а рвецца ён да яго, каб выклянчыць званьне Народнага. Я зьдзівіўся, не хацеў даваць веры, і тады ён расказаў мне... Потым пачуў яе і ад самога Пімена Емельянавіча, які ў дадатак прызнаўся, што ня мог падтрымліваць былых цёплых сяброўскіх стасункаў з Аркадзем Куляшовым, калі той стаў вадзіцца, супрацоўнічаць, нават сааўтарнічаць на кіношнай ніве з паплечнікам сумнавядомага Бэндэ Кучарам. Ад поўнага разрыву з сябрам уратаваў толькі той факт, што Кучар у 1941 вывез за лінію фронту сям’ю Куляшова, і той быў абавязаны яму...

Тым ня менш ён любіў і высока ставіўся да паэтычнага таленту Аркадзя Куляшова, лічыў яго паэтам нумар адзін пасьля Купалы і Коласа ў сучаснай беларускай літаратуры. Пімен Емельянавіч, калі быў у добрым гуморы, вельмі ахвотна гаварыў пра сваё стаўленьне да творчасьці сучасных беларускіх паэтаў. Вялікім паэтам ён лічыў Аляксея Пысіна, да праўдзівай і суровай паэзіі якога ў яго былі ледзь ці не пяшчотныя, трапяткія пачуцьці. Вельмі высокую ацэнку ён даваў паэтычнаму таленту Сьцяпана Гаўрусёва, які на ягоны вялікі жаль, ня змог рэалізавацца і на палавіну, калі ня болей. Але найбольш таленавітымі, блізкімі яму па духу і творчасьці ён лічыў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. З маладзейшых самымі персьпектыўнымі на ягоную думку былі Сяргей Законьнікаў, Уладзімір Някляеў, Ніна Мацяш, Алесь Разанаў. Я заўважыў, што Пімен Емельянавіч чамусьці ўпусьціў прозьвішча шырока вядомага літаратара, і на маё зьдзіўленьне заявіў, што гэта слабы паэт. Выдатны фалькларыст, добры перакладчык, гумарыст, вельмі паважае яго як барацьбіта за родную мову, гатовы падпісацца пад кожным ягоным словам, але як арыгінальны паэт – вельмі пасрэдны. Я запярэчыў, Пімен Емельянавіч ня стаў спрачацца, прапанаваў толькі ўважліва прачытаць і параўнаць пераклады і арыгінальныя вершы – і ўсё стане зразумелым... Не ўтрымаўся і задаў яму не надта тактоўнае, мо нават трохі правакацыйнае пытаньне: а як ён ацэньвае сябе як паэта і сваё месца ў літаратуры? Панчанка падумаў, усьміхнуўся і ўхіліўся ад адказу... (...)

Праз паўгода ці мо болей застаў Пімена Емельянавіча ў вельмі добрым настроі. Ён пахваліўся, што толькі-толькі закончыў чытаць карэктуру аб’ёмнага тому выбраных твораў, прымеркаванага да ягонага сямідзесяцігоддзя, у які ўключыў усё, што хацеў, нават аднавіў, выправіў многае з таго, што раней выразалі-калечылі, і ўпершыню абышлося без аніякай цэнзуры, быў вельмі задаволены кнігай, якая насамрэч увабрала самае-самае лепшае, напісанае ім. Усьміхнуўся гарэзьліва і сказаў пра сябе ў трэцяй асобе: дык во прачытаў і зразумеў, што Панчанка – выдатны, мо нават вялікі паэт. Во табе і мой адказ на тваё ранейшае пытаньне! Толькі ж глядзі, не ўздумай спасылацца ці цытаваць, пакуль я жывы...