Выбрать главу

Кожны год бацька гадаваў двух кабанчыкаў, аднаго сьвежавалі перад калядамі, а другога – перад вялікаднем, і заўсёды наказваў прыехаць памагчы ўправіц­ца, узяць сьвежаніны, зробленых сямейнай талакой пальцам пханых каўбасак, а мусіць, галоўнае – пабачыць у роднай хаце нас усіх разам. Я прыязджаў не заўсёды, зрэдку – дарога пад трыста кіламетраў не жартачкі, аднак бацька ўсё роўна дзяліў сьвежаніну, каўбасы на чатыры часткі, настойліва загадваў сястры пазваніць мне, каб хутчэй прыехаў і забраў сваю долю. Ня столькі патрэбна была тая сьвежаніна, колькі боязь пакрыўдзіць бацьку, пабачыцца ў рэшце рэшт. Ну во, пэўна, апошні раз вас частую, кожны раз гаварыў ён, сілаў няма... Аднак не прахо­дзіла і тыдня, як у апусьцелым хляве весела парохквала-папісквала парачка парасятак. Да апошняга ён трымаў карову, якой, па словах маці, колькі жылі не мелі, і Бог даў напаследак – летам бацька надойваў па тры вядры за дзень, і ня ведалі куды падзець тое малако, асабліва – калі нейкі час перасталі прымаць у калгас. Ад пуза пілі парасяты, сабака, напаўдзікія каты, якія галоднай зграяй хаўрусіліся ля хлява ледзь толькі ў вядро ўдаралі першыя струменьчыкі.

Звычайна, дома бываў я наездам, толькі летам прыязджаў на нейкі больш-менш працяглы час, каб нарыхтаваць сена на зіму, абкасіць межы, падрамантаваць платы, страху ці яшчэ што, памагчы па гаспадарцы, проста пабыць з бацькам і маці, па пераездзе ў Менск з якімі бачыўся радзей і радзей. У апошнія тры гады асабліва відно было, што ўпраўляцца з гаспадаркай бацьку ўсё цяжэй і цяжэй, і мы ўгаворвалі збыць карову, махнуць рукой на парасяты – вунь куды маладзейшыя і здаравейшыя не трымаюць. Ён нібыта і згаджаўся, што і, праўда, сілы ўжо не тыя, здавалася, усур’ёз намерыўся адмовіцца ад дзялкі сенакосу. Аднак назаўтра заглядваў брыгадзір з пытаннем: колькі вам пракосаў, Максімавіч? Бацька нейкі час думаў і рашуча казаў: пяць, а потым, нібы вінавацячыся за нястрыманае слова, патлумачваў: апошняя гэта справа жыць у вёсцы і купляць малако, дый не магу чужога, ад чужой каровы... Трымаў удалую сваю да апошняга, рашыўшыся прадаць усяго за колькі дзён да сьмерці, калі малодшы з нявесткай зьехалі ў Шчучын і больш за месяц не паказвалі носу...

Прыкметней і прыкметней занемагаючы, ён у свае амаль дзевяноста заставаўся пры абсалютна сьветлым розуме і незатуманенай, вострай памяці. У апошнія гады ўсё больш і больш выклікаў трывогу і нядобрае прадчуваньне ягоны незнаёмы самотна-тужлівы, трохі адчужаны, скіраваны ў далячынь доўгі пагляд: ат, мне ўжо ўсё роўна, сваё я адгаспадарыў... Бы знарок кідалася ў вочы, кранаючы халадком душу, што на ўсім тут, пачынаючы з варот, плоту, вуллёў, канчаючы хлеўчыкам, разгалістымі яблынямі, самой хатай, неяк раптам стала выразна праяўляцца старэньне, струхленьне, запусьценьне – прыкмета паміраньня...