Выбрать главу

Шчасьлівы лёс дараваў мне не адчуваць сябе сіратой да шасьці з паловай дзесяткаў гадоў, а значыць – і свайго ўзросту, бо пакуль жывыя бацькі, дзеці заўсёды адчуваюць сябе маладымі. Розумам разумеў, а сэрцам ня верылася, не хацелася верыць, што так будзе ня вечна... На ўсе нашы, асабліва маёй жонкі-урача прапановы легчы ў бальніцу палячыцца ці то ў Шчучыне, ці то ў Гродне, ці то ў нас у Менску толькі махаў рукою: і нікуды я не паеду, і хто гэта мяне ўжо вылечыць...

У пачатку сакавіка, не чакаючы вялікадня, нечакана бацька склікаў усіх нас на сьвежаваньне кабанчыка. Я кепска сябе адчуваў, здаецца, грыпаваў, і не паехаў, рашыўшы, што як заўсёды, управяцца без мяне. Вярнуўшыся з вёскі, пазваніла сястра і перадала бацькаву просьбу хутчэй прыехаць, і паведаміла: пакуль што трымаецца малайцом, хоць суседка Жэня – медсястра, якая ці не штодня заходзіць зрабіць яму ўкол, папярэджвае, што трэба быць гатовымі да самага горшага. Асьцерагаючыся ўводзіць суседзяў у траты, ён амаль ніколі не званіў мне ў Менск, я сам час ад часу набіраў Жэнін нумар, прасіў паклікаць ці проста даведацца, як пачувае бацька, перадаць яму прывітаньне, а тут патэлефанаваў сам і настойліва папрасіў хутчэй прыехаць і забраць падрыхтаваны гасьцінец. Толькі як праз колькі дзён здарылася непапраўнае, да мяне дайшло: мусіць, адчуваў, што канчаецца адлік ягоных дзён, і меў патрэбу пабачыцца са мной апошні раз, мо сказаць нешта самае важнае перад тым, як назаўжды разьвітацца... Некалі напаўжарт дамовіліся: ён нізашто не дазволіць сабе адыйсьці, не разьвітаўшыся са мною. Шчыра кажучы, па ягоным голасе чуў, што ён вельмі чакае мяне, але нешта падсьвядома змушала адкласьці паездку да трохі цяплейшых дзён, цешачы надзею: само чаканьне надасць яму сілы трымацца, дачакацца выхаду з вульлёў у першы аблёт ягоных пчол, а там ўжо, як заўсёды па вясьне, ажыве душою... Каб жа ведаў! Пехам пайшоў бы...

Бог яму даў лёгкую сьмерць. Прыселі з маці на цёплы мурачак перад тэлеві­зарам глядзець чарговую серыю бясконцага серыялу. Да пачатку заставалася хвілінаў пятнаццаць, і маці папрасіла, каб перасеў на канапу, яна ж трохі пагрэе сьпіну лежачы. Ён перасеў, раптам застагнаў, асунуўся – і...

Мы з жонкай дабраліся а другой палове наступнага дня, калі ён спакойны, зусім не падобны на нябожчыка ўжо ляжаў пасярод хаты ў труне... Пастаяўшы, пасядзеўшы ля бацькі, выйшаў уняць сьлёзы на вуліцу. Пахадзіў ля гумна, зайшоў у агарод – і застыў, бы токам працяты: ад вульля да вульля на яшчэ не зусім уляжалым сьнезе ягоныя зусім-зусім сьвежыя сьляды...

Пахавалі яго на старых дзембраўскіх могілках, дзе ўжо амаль нікога не хаваюць, побач з магілай дзеда Максіма. Такое было ягонае жаданьне. Ён даўно абгарадзіў выбранае месца жэрдачкамі і кожны год хадзіў з сякеркаю высякаць дужа агрэсіўны кустоўнік... Не прайшло і паўгоду, як сюды побач, пакінуўшы месца для маці, лёг і Віктар, каб недалёка было прасіць дараваньня ў бацькі, якога не пасьпеў папрасіць на гэтым сьвеце...

Пасьля памінак мы з жонкай і сястра з мужам ад’язджалі разам, на іхняй машыне – яны рабілі кругаля, каб падкінуць нас да Шчучына на менскі аўтобус. Сядаючы ў машыну, механічна павярнулі галовы, і ўпершыню за многія гады ня ўбачылі ля варот самотную бацькаву постаць, ягонага доўгага журботна-пранізь­лівага разьвітальнага позірку...

Я ня надта веру ў розную містыку, хоць часам цяжка патлумачыць нейкія дзіўныя рэчы. Тым летам, як заўсёды, я наведаўся на колькі дзён у вёску. Выбраўся схадзіць у Дзембрава да бацькі на магілку. Ва двары падзівіўся, убачыўшы на страсе маладога цыбатага бусла, што самавіта аглядваў хату, нібы цікуючы сабе месца для будучага жытла. У нас на вёсцы яны ніколі не вяліся, вялізная буслянка колісь была толькі ў Дзембраве ля касьцёлу, пакуль старую падгнілую прысаду не зваліла бура. Угледзеўшы мяне, бусел скокнуў на комін, а як я накіраваўся праз вёску ў дарогу, узьляцеў і стаў кружыць і кружыць пада мною. Пасярод вёскі мяне пераняў трохі ўжо вясёленькі Коля Ключнік, чый двор аж кішэў ад дзятвы – зьехаліся дзеці з унукамі адсьвяткаваць юбілей гаспадыні, увішнай і спрытнай Эмы, немкі па нацыянальнасьці, якую колісь прывёз з цаліны Коля. Эму адразу ж упадабалі, прынялі за сваю ў вёсцы. Мо за тое, што амаль адразу ж, а праз нейкі час і без аніякага акцэнту загаварыла па-нашаму, а мо за дабрыню, працавітасьць і акуратнасьць – павучыцца кожнай мясцовай гаспадыні. Адмовіц­ца завярнуць ва двор, павіншаваць, узяць чарку за здароўе юбіляркі я проста не мог, і калі заўважыў, што бусел на радасьць дзятвы, сеў на слуп перад Колевай хатай, нібыта цярпліва чакае мяне, – бы токам працяло. Падзякаваўшы гасцінным гаспадарам, паспяшаўся пакінуць устаўлены прысмакамі стол ва двары. Бусел адразу ж узьляцеў са слупа, працягваў кружыць нада мной аж да самых могілак. І толькі там, зрабіўшы апошні круг, растварыўся ў паднябесьсі...