Выбрать главу

І не павер пасьля гэтага, што добрая бацькава душа ўсялілася ў гэтую сьвятую белую птушку...

Пэўна ж, белым буслом лунае над Беларусяй і светлая душа аўтара пранікнёнай “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча, з кім мне пашчасьціла знацца пры ягоным жыцьці. Пазнаёмілся мы недзе ў сямідзясятых, калі ён ад Саюзу пісьменьнікаў прыязджаў у Гародню на нейкі семінар з маладымі аўтарамі, які праводзіла абласное аддзяленьне. Ня ведаю, як у яго, а ў мяне першае знаёмства пакінула ня надта добрае ўражаньне – Уладзімір Сямёнавіч увесь час быў на добрым падпітку, і гэта шакавала нават мяне, не кажучы пра вялікага цьвярозьніка Карпюка. Уведаўшы, што мае прыехаць Караткевіч, Быкаў і Карпюк прапанавалі арганізаваць выезд з менскім госьцем у народ. Карпюк настойліва падбухторваў наведацца па суседству ў Скідзель, дзе ён ня быў, як яшчэ езьдзіў выступаць разам з Васільком, і любіў расказваць, як яму і гаварыць не давалі, патрабуючы слухаць толькі Васілька. І зараз яго дужа займала, цікавіла, як успрымуць яго, вядомага, у нечым скандальна вядомага, скідзельцы сёньня. Дый мне таксама хацелася пабыць у роднай школе, прывезьці туды вядомых пісьменьнікаў і ў першую чаргу, канечне, вельмі папулярнага ў моладзі Уладзіміра Караткевіча, аўтара раману “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Пазваніў сакратару Гарадзенскага сельскага райкаму Уладзіміру Мацкевічу: ёсьць такая прапанова... А прапановы з вышэйшых па рангу партыйных інстанцыяў тады было прынята ўспрымаць як дырэктывы...

У прызначаны час на абкамаўскай машыне выехалі за дваццаць сем кіламетраў у Скідзель. Спачатку наведаліся ў маю, а па-сутнасьці ўжо не маю, зусім незнаёмую, наноў пабудаваную ў зусім іншым месцы трохпавярховую школу пад нумарам адзін. Мая някідкая, маленькая месьцілася сярод прысадаў на ранейшым месцы на скрыжаваньні гарадзенскай шашы з дарогай на Лунна і насіла менш ганаровы нумар 2. На жаль дзеці былі ўжо на канікулах, і мы сустрэліся проста пагаварыць, як кажуць, за жыцьцё з настаўнікамі, а потым ужо меўся адбыцца агульнагарадскі літаратурны вечар у былым РДК, а зараз ГДК. І хоць Караткевіч быў ня надта ў форме, але як толькі пераступілі парог школы, хмель з яго, як рукой зьняло. Атрымалася добрая, нефармальная гаворка, якая доўжылася за дзьве гадзіны, і каб не падціскаў час сустрэчы ў ГДК, працягвалася б, пэўна, яшчэ столькі. Караткевіч быў гаваркі, раскаваны, падавалася, што з яго проста фантануюць разумныя думкі, дасьціпныя словы і жарты. Ён быў у цэнтры ўвагі, трымаў гаворку ў сваіх руках. Падумаў: бедны Карпюк, зноў табе, мусіць, не давядзецца пакупацца ў праменьнях увагі і славы... З былых маіх настаўнікаў працавала на паўстаўкі яшчэ толькі матэматычка Ася Яўсеена Кемель, яно і зразумела – прайшло амаль два дзесяцігоддзі. Затое ў строгіх, сур’ёзных настаўніцах пазнаваў былых вучаніц, адна з якіх Люба Буцвілоўская з паралельнага “А” класу.

У Доме культуры сабралася столькі народу, што мы ледзьве прабіліся да сцэны. Я прадставіў і першаму даў слова менскаму госьцю. Караткевіч быў беспадобны – узьнёсла-рамантычны, дасьціпны, ён нібыта заражаўся ўвагай залы, з новай і новай энергіяй расказваў, адказваў на пытаньні, чытаў свае вершы. Але ішла другая гадзіна і Карпюк стаў трохі хвалявацца, нагадваць мне, вядучаму, пра нейкі рэгламент. Караткевіч, мусіць, нейкім чынам атрымаў ягоныя флюіды, бо на канцы другой гадзіны пакланіўся зале і сеў. Быкаў сарыентаваўся і адчытаў сваю падрыхтаваную на ўсе выпадкі прамову ў зусім скарочаным выглядзе, коратка адказаў на колькі дзяжурных пытаньняў, і трыбунай завалодаў Карпюк. Што-што, а выступаць ён умеў, і атрымаў апладысментаў, пэўна, ня менш, чым менскі госьць.

А потым была абавязковая ў такіх выпадках пачостка ў прасторным доме дырэктара саўгасу на ўскрайку гораду пасярод старога зарослага панскага парку. Міма гэтага парку мы колісь штодня езьдзілі на веласіпедах у школу і са школы. Апроч нас, гасьцей, тут прысутнічалі людзі з кіраўніцтва гораду, саўгасу, нікога з іх я ня ведаў. Стол быў па вышэйшым класе, нават бочка са сьвежым півам у пакоі пры ўваходзе, і ніхто не адмовіўся ўзяць па куфлю з духаты ў зале ГДК. А потым гаспадыня паклікала за стол, і рэй адразу ж павёў Караткевіч. Ён расказваў вясёлыя гісторыі, анекдоты, практычна ніхто ня мог і слова ўставіць, і, як сёньня сказалі б, даваў майстар-клас, як трэба піць. Прадстаўнікоў мясцовай улады, дый усіх нас ахапіў жах, калі той разбаўляў куфаль піва фужэрам гарэлкі і піў гэта чарка ў чарку з усімі. Ня памятаю, як мы выбраліся адтуль, прыпамінаю толькі, што дзякуючы намаганьням цьвярозага, як шкельца, Карпюка, і тое, што было ўжо даволі позна...