Выбрать главу

Наступны раз сустрэліся, а калі дакладней – перазнаёміліся з Уладзімірам Караткевічам больш чым праз дзесяць гадоў, калі я пераехаў у Менск. Да таго часу ў яго прайшоў той буйны шал – браў рэдка, пераважна адну-другую чарачку віна для падтрымкі кампаніі, аджартоўваючыся, што свой ліміт вычарпаў, і толькі сяды-тады з нейкай важнай нагоды ці ў кампаніі старых “разакоў” “узмахваў сярэбраным крылом”. Нас прадставіў адзін аднаму Генадзь Бураўкін на нейкім мерапрыемстве ў Доме літаратара. Уладзімір Сямёнавіч пазнаў мяне, але нейкай зацікаўленай агульнай тэмы не знайшлося, яго абступілі іншыя людзі. У наступны раз пабачыў яго ў купалаўскім скверыку, дзе ён сядзеў на першай ад уваходу з прасьпекту лаўцы, і было падобна, што некага чакаў. Я паздароўкаўся, выказаў сваё захапленьне ягоным выступам на нядаўнім зьезьдзе пісьменьнікаў, ён прапанаваў мне, калі не сьпяшаюся, прысесьці, і з найвялікшай зацікаўленасьцю, нават болем пачаў разьвіваць, паглыбляць тое, пра што гаварыў на зьезьдзе і што ня ўсім прыйшлося даспадобы і было ўспрынята. А ён заклікаў: для таго, каб павярнуць чытача да нашай літаратуры і роднай мовы, давайце пісаць цікава і займальна, дбаць пра сюжэт, не цурацца дэтэктыўнасьці, авантурнасьці, як гэта сьвядома рабілі колісь чэшскія пісьменьнікі, практычна з нуля адраджаючы родную мову. Адчувалася, гэтая праблема яго дужа хвалюе, ён працягвае жыць ёю і па пісьменьніцкім зьезьдзе. Пасьля той п’янаватай сустрэчы ў Гродне і Скідзелі я і ўявіць сабе ня мог, наколькі ён насамрэч шчыры, далікатны і тактоўны чалавек.

Потым неяк пад канец лета мы сустрэліся ў Васіля Быкава. Яны сем’ямі адпачывалі разам у Піцундзе. А па вяртаньні з нейкіх вандровак Васіль Уладзіміравіч, звычайна, зьбіраў нашу кампанію, каб расказаць, што бачыў, што чуў, як правёў час, паслухаць, што адбылося-надарылася тут у ягоную адсутнасьць. На гэты раз “справаздачу” трымалі абодва вясёлыя, у добрым гуморы вандроўнікі. Яны як ніколі добра адпачылі, былі вельмі задаволеныя, расказвалі розныя сьмешныя гісторыі, што надараліся з імі. А найперш пра свае паходы ў горныя аулы на пошукі сапраўднага самаробнага абхазскага віна, і цяжка было зразумець, асаблі­ва ў Караткевіча, дзе тут праўда жыцьця, дзе прыпраўлены паўднёвым гумарам літаратурны вымысел. Мы за жываты браліся, яны таксама пасьмейваліся, дабаўляючы ці папраўляючы адзін аднаго, ад чаго намаляваныя сітуацыі падаваліся яшчэ больш камічнымі. Прысутнічалі тады, добра памятаю, Генадзь Бураўкін, Мікалай Матукоўскі, здаецца, ня буду сьцьвярджаць дакладна, і Ніл Гілевіч... (...)

Тады з-за адсутнасьці па нейкай прычыне Сяргея Законьнікава ў кампаніі аказаліся толькі два заядлыя курцы – Караткевіч і я. Ён быў ужо зусім не пітак, прыгубляў толькі за кампанію чарачку з віном, я гэтаксама ніколі не вылучаўся імпэтам да чаркі, і мы даволі часта адлучаліся на балкон праз гаспадароў кабінет, дзе дымілі на сьвежым паветры. Балкон рукамі Васіля Уладзіміравіча быў абсталяваны, але без зашкленьня, атрымалася ўтульнае месьцейка з маладым дзікім вінаградам зьнізу даверху ды яшчэ нейкай расьлінай з буйнымі цёмна-чырвонымі кветкамі. Сьцены акуратненька пафарбаваныя ў прыемны сьветлы колер, ніз засланы дывановай дарожкай. Шчыльна зачынялі дзьверы, каб дым не трапляў у памяшканьне, Караткевіч па старой звычцы аддаваў перавагу папяросам, а я смактаў адну за другой цыгарэты. Завязваліся розныя гаворкі. Адна асабліва запомнілася. Узгадалі Івана Пятровіча Шамякіна, ягонае ўменьне закруціць і раскруціць сюжэт, што вельмі цаніў у ім Уладзімір Сямёнавіч. Я запярэчыў: усё роўна па майстэрству закруціць сюжэт, захапіць чытача Шамякіну далёка да Караткевіча і ўвогуле па майстэрству, а найперш культуры мовы Караткевіч куды больш маштабная велічыня. Сказаў гэта зусім не для таго, каб падпусьціць лёстачку, капнуць бальзам на душу суразмоўцы, а зусім шчыра, у чым быў абсалютна перакананы, не падазраючы, як гэта зьбянтэжыць Караткевіча. Уладзімір Сямёнавіч спалохана, ледзь ці не адчайна замахаў рукамі: ну што ты, ну што ты!.. І гэта ў яго было так шчыра і непасрэдна, што я аж зьбянтэжыўся ад нечаканкі. Відаць было, што падобныя самаацэнкі яму і насамрэч не прыходзілі ў галаву, хоць ня думаю, што сказанае мною не спадабалася яму. Але ён быў чалавек гранічна сьціплы, не разбэшчаны ўвагай і не расьпешчаны славай... Нават пасьля сьвяткаваньня свайго пяцідзесяцігоддзя ў перапоўненай зале Дома літаратара, дзе ён з толькі што ўручаным ордэнам на грудзях у ганаровым прэзідыуме побач з высокімі цэкоўскімі і ўрадавымі чынамі, мусіць, упершыню наслухаўся такіх хваласьпеваў, пасьля якіх нельга было, ну, хоць трошачкі, не паверыць у сваю геніяльнасьць і вялікасьць. А ён пачуваў сябе ніякавата, няўтульна за сталом з высокім начальствам, раз-по-раз, мнучы папяросіну, выходзіў пакурыць за кулісы. Я прыгадаў яму той вечар, і ён патлумачыў, што ставіцца да юбілейных хваласьпеваў па-філасофску, як да нечага непазьбежнага, і даволі іранічна – толькі юбіляраў і нябожчыкаў заведзена абкуродымліваць на поўнае кадзіла...