Выбрать главу

Тым ня менш, думаецца, той юбілейны вечар з масавым паломніцтвам моладзі да Караткевіча, узнагароджаньне яго ордэнам не апошняй пробы шмат каму адкрыў вочы на адметную фігуру гэтага расхрыстанага чалавека і пісьменьніка, які жыў, як хацеў, пісаў, як умеў – часьцей за ўсё пад натхненьне, на адным дыханьні, пераважна начыставую, без аніякіх правак і паправак, менш за ўсё дбаючы пра славу, узнагароды, званьні і пра тое, што яго тут абыходзяць на паваротах меней таленавітыя, але болей спрытныя калегі. Удумлівыя чытачы ведалі цану кожнаму, не давалі залежвацца кнігам Караткевіча, якія разыходзіліся па-беларуску нечуванымі тады накладамі. У адрозненне ад многіх калег ён не шукаў прызнання, ня гнаўся за славай, яна даганяла і знаходзіла яго...

На жаль, сышліся блізка мы з Уладзімірам Сямёнавічам толькі ў апошнія гады, мо нават месяцы ягонага жыцьця. Са сваім падарваным здароўем ён ледзь ці ня цераз месяц трапляў у бальніцу, дзе нудзіўся, і быў вельмі рады, калі мы наведваліся да яго ў палату. Караткевічава здароўе і лячэньне трымаў пад пільным асабістым кантролем АТК. Ён распарадзіўся Караткевіча без аніякіх ганаровых званьняў і лаўрэатцкіх медалёў прыпісаць да лечкамісіі, а галоўурач ледзь ці не штодня дакладваў яму пра стан здароўя пісьменьніка. Раз-два на тыдзень сакратар па ідэалогіі ЦК бываў у хворага, дзе падоўгу вялі нетаропкія гаворкі пра жыцьцё альбо слухалі розныя вясёлыя і павучальныя гісторыі, на якія абодва былі вялікія мастакі. Выпісаўшыся з бальніцы, Уладзімір Сямёнавіч у цёплы час і добрае надвор’е любіў выходзіць у купалаўскі сквер побач з домам, сядаў на адну і тую ж лаўку непадалёк ад старога фантану, абкладваўся кнігамі, чытаў ці проста адпачываў пад прыемны пошум водных струменьчыкаў, чакаў, калі мы з Сяргеем Законьнікавым і Генадзем Бураўкіным, насьпех адабедаўшы ў цэкоўскай сталоўцы, на хвілінаў сорак, а то і на добрую гадзіну далучымся да яго разам пабавіць час. Заўсёды гэта былі вельмі цікавыя гаворкі. Часьцей за ўсё нешта займальнае расказваў Караткевіч, а мы слухалі ці жартавалі наперабой. А каля дзьвюх ці ў дзьве роўна разьбягаліся, разьвітваючыся да наступнага дня. А ў тое апошняе лета мы амаль увесь чэрвень правялі з ім разам. Мяне тады трохі прыціснула сэрца, і дактары на месяц уклалі ў бальніцу. Праз дзень усё ўляглося, аднак працягвалі лячыць. Урачэбны абход і працэдуры заканчваліся да адзінаццаці. Пасьля іх нацягваў спартыўны касцюм і накіроўваўся ў купалаўскі скверык да Караткевіча, які амаль заўсёды чакаў мяне на адной і той жа лаўцы непадалёк ад фантану. Побач праходзілі сур’ёзныя, заклапочаныя людзі да будынку ЦК, прабягалі чародкі студэнтачак і студэнтаў гістарычнага факультэту БДУ на Чырвонаармейскай, і ніхто не зважаў на старога чалавека з кніжкамі на лавачцы, а хутчэй за ўсе проста не пазнавалі яго. Ён вельмі і вельмі здаў пасьля сьмерці жонкі Валянціны, і тым, хто ведаў Караткевіча па ранейшых сустрэчах і фотакартках, насамрэч няпроста было ўгледзець у пагрузьнелым, непазнавальна і не па гадах пастарэлым чалавеку рамантыка і летуценьніка, маладзёвага куміра Уладзі­міра Караткевіча, убачыўшы на лаўцы ў скверы. Ён без усялякага шкадаваньня адкладваў кніжку, і пачыналася наша доўгая гаворка пра ўсё на сьвеце, што толькі прыдзе ў галаву. Кідалася ў вочы, што браў з сабою ў сквер ён пераважна кнігі пазнавальнага зьместу – па гісторыі, прыродазнаўстве, краязнаўстве, пра розныя займальныя падарожжы і вельмі рэдка томікі паэзіі ці мастацкай прозы. Я і сёньня не магу зразумець, чаму Уладзімір Сямёнавіч гэтак лёгка перапыняў чытаньне, адкладваў кніжку ўбок, аддаючы перавагу бавеньню часу ў гаворках са мною. Ці то па сваёй далікатнасьці і тактоўнасьці, ці то яму ўжо хацелася болей выказацца, чым пра нешта ўведаць з кніжак, ці то ён, гранічна кампанейскі па натуры, калі здароўе не дазволіла браць ані грама, пачуваў сябе самотным, забытым сябрамі-прыяцелямі і быў вельмі рады тым кароткім пасьляабеддзенным сустрэчам з намі, а мо знайшоў у маёй асобе ўважлівага і ўдзячнага слухача. Сам ён быў цудоўны суразмоўца, выдатны з насамрэч энцыклапедычным кругаглядам апавядальнік. Не пасьпявалі і агледзецца, як падыходзіў абед і да нас далучаліся Сяргей з Генадзем. А калі іх клікала служба, наступала нашая чарга – Уладзімір Сямёнавіч паціху рухаўся дадому, а я бег у бальнічную сталоўку, каб праз гадзіну-другую зноўку сустрэцца на тым жа месцы.