Выбрать главу

У нас былі добрыя планы і персьпектывы на новы 2002 год. Прыкметна павялічылася падпіска, куды лепш “Нёман” стаў распаўсюджвацца ў кіёсках “Белсаюздруку”, засьвяціла рэальная магчымасьць ужо ў першым квартале займець для набору і вёрсткі тры новыя сучасныя кампутары з прафісійнымі лазернымі прынтарамі, сканерамі, ксераксам, што прыводзіла ў захапленьне нашых жанчынак, якія мучыліся на дапатопнай тэхніцы, а “выбіты” мною ў Падгайнага перад новым годам новы прынтар падаваўся немаведама якой раскошай. Мы ставілі перад сабой задачу – дасягнуць і стабільна трымацца на 75-95-працэнтнай акупальнасьці, каб мець максімальныя прэміі, і больш ні кроку наперад, паколькі пры поўнай акупальнасьці тут жа ліквідуюцца пэўныя прэферэнцыі і па арэндзе памяшканьня, і па аплаце паштовых, паліграфічных паслугаў, і падаткаабкладаньні, і г.д. На першы погляд такія парадкі былі нейкай абсурднай недарэчнасьцю. Але за тым абсурдам была хітрая палітыка – ні ў якім разе не дапушчаць фінансавай незалежнасьці, а значыць, і свабоды, магчымасьці рабіць і пісаць што заўгодна. Словам, памянялі адыёзны ідэалагічна-цэнзурны на меней прыкметны і кідкі, але куды больш дзейсны і эфектыўны эканамічны наморднік для прэсы, літаратуры, цынічна ўдасканальваючы і ўдасканальваючы яго.

Дык вось, пакуль мы абдумвалі, пралічвалі “наших планов громадьё”, у высокіх уладных кабінетах абдумваліся далейшыя стратэгічныя планы і тактычныя захады, каб канчаткова прыжучыць, прыбраць да рук, зрабіць паслухмянай і лагоднай і літаратуру, і ейных залішне самастойных і незалежных творцаў. Работа ў гэтым накірунку вялася даўно, метадычна і мэтанакіравана, паэтапна, маленькімі крокамі, каб ня выклікаць розгаласных міжнародных скандалаў і пратэстаў. Спачатку Саюз пісьменьнікаў пазбавілі фінансаваньня: маўляў, хай падумаюць, як жыць далей, і нікуды не падзенуцца, прыдуць на паклон. Не прыйшлі, знайшлі выйсьце, здаючы ў арэнду частку памяшканьняў у прасторным Доме літаратара. Наступным крокам стала экспрапрыяцыя Дому літаратара заадно з асабняком па суседству, дзе разьмяшчалася пісьменьніцкая паліклініка, на карысьць Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Праўда, офіс Саюзу пісьменьнікаў пакуль ня выкінулі на вуліцу, але перакрылі кісларод, пазбавіўшы платы за арэнду, больш таго – на яе пасадзілі і саміх былых гаспадароў – во цяпер запяеце Лазара, станеце згаворлівымі, на каленях прыпаўзеце... Не дачакаліся.... Тады стварылі ініцыятыўную групу па арганізацыі новага, згаворлівага і паслухмянага пісьменьніцкага Саюзу пад эгі­дай і ўзяўшы за сьцяг Героя, Народнага, вядомага і аўтарытэтнага, лаяльнага да ўсіх уладаў Івана Пятровіча Шамякіна, дакляраваўшы вярнуць гэтаму Саюзу калі ня ўсё, то частку рэквізаванага. Абышлі-аб’ехалі ледзь ці не ўсіх 500 пісьменьні­каў, але набытак аказаўся невялікі – за новы Саюз падпісалася толькі трохі больш за 60 чалавек. Прынесьлі сьпіс Шамякіну. Мудры Іван Пятровіч уважліва прачытаў і гэтак па-шамякінску ўсьміхнуўся: а-а-а, ды тут жа адны творчыя імпатэнты і графаманы! Не-е, з імі мне не па дарозе... Задуму засунулі ў доўгую пыльную скрыню, дзе яна праляжала да сьмерці Шамякіна, затым зноў выцягнулі на сьвет божы, даручыўшы рэалізацыю яе не нейкаму там літаратурнаму аўтарытэту, а каранаванаму ў сенатары міліцэйскаму генералу Мікалаю Чаргінцу. Генерал куды больш пасьпяхова справіўся з пастаўленай задачай. Але гэта я ўжо забег наперад. Да таго былі яшчэ этапы паступовага закручваньня гаек, прыжучваньня занадта гордага, незалежнага і непачцівага Саюзу пісьменьнікаў. Фактычна адабралі ў яго “ЛіМ”, “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, “Крыніцу”, пазбавіўшы права выступаць заснавальнікам пісьменьніцкіх выданьняў. Аднак і гэта ня стала вялікай трагедыяй. Заціскальнікі гаек не маглі ня бачыць, што рэдакцыі літаратурна-мастацкіх выданьняў, дзе па-сутнасьці і адбываецца, матэрыялізуецца бягучы літаратурны працэс, ўсё роўна працягвалі пачуваць сябе занадта вольна і незалежна як у выбары тэм, зместу публікацыяў, так і аўтараў, твораў. Па-ранейшаму на старонкі часопісаў трапляла ўсё, што выходзіла з-пад пяра Быкава, Брыля, Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча, Казько, іншых на думку ўладаў апазіцыйна настроеных пісак, розная сумніўная эмігранцкая літаратура, папулярызаваліся, на думку кансультантаў высокіх уладаў, аўтары з “цёмным мінулым”. Выкараніць гэта было немагчыма, спыніць можна толькі адначасовым шырокамаштабным пагромам літаратурна-мастацкіх выданьняў, перадачай іх у адны надзейныя рукі...