Выбрать главу

– А я і ведаў, што ты выкінеш... Думаеш, мне не дакладвалі, што ты яшкаешся з Быкавым?

Мяне гэта страшэнна ўразіла. Паашываўшыся трошкі ва ўладных калідорах, многа чаго пабачыўшы, тым ня менш я ня мог і думкі дапусьціць, што тады ў Гродне за Быкавым так пільна сачылі і дакладвалі на самы верх, хто з ім сустракаецца і, пэўна ж, якія гаворкі вядзе... І прыгадалася, як неяк у тыя часы Васіль Уладзіміравіч са шчырай заклапочанасьцю запытаўся, ці не баюся я гэтак адкрыта, на людзях сустракацца з ім? Я недаўменна і абсалютна шчыра зьдзівіўся: а што тут страшнага і незаконнага – мы ж ня змову супроць Савецкай улады ўчыняем? Ён нічога не сказаў, толькі ўсьміхнуўся неяк сумна і трохі загадкава. Па сваёй наіўнасьці я тады не даваў веры Быкаву, што да яго гэтак па-дурному чапляецца цэнзура. У мяне ў сейфе быў той знакаміты сакрэтны “Перечень” – салідны фаліянт, змацаваны пячаткай і подпісам галоўнага маскоўскага “літчыка”, дзе тое, што забаронена друкаваць, даходліва і акуратна раскладзена па палічках, а ўсе аператыўныя зьмены прыкладваліся на асобных паперках з той жа пячаткай і тым жа подпісам. Таго, за што, па словах Быкава, чапляліся да яго, ні ў “Перечне”, ні ў ягоных дадатках і блізка не было. Васіль Уладзіміравіч толькі ўсьміхаўся маёй наіўнасьці, а я паверыў значна пазьней, калі самому давялося сутыкнуцца... Аказалася, “перечень перечнем”, а “літаўскія” жанчынкі, кіруючыся нейкім іншым, тайна спушчаным ім “перачнем”, праяўляюць куды большую ідэйную вытрымку і рэвалюцыйную пільнасьць, чым аўтар, які ў Маскве стацыянарам з чырвоным дыпломам закончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і займае пасаду загадчыка сектару ЦК. Ды што казаць пра мяне ці Быкава, калі яны “літавалі” нават самога Машэрава. Насамрэч нейкая д’ябальская сіла стаяла за гэтымі “літаўскімі” жанчынкамі...

Памаленьку, са скрыпам ня толькі ў Гродне, а і ў Менску пасьля рашучых пісьменьніцкіх выступленьняў у абарону Быкава кампанія па цкаваньні пісьменьніка губляла энергію, глухла, выраджалася, хаця сям-там па інерцыі адыёзныя артадоксы і форменныя прыдуркі працягвалі “бараніць сьвяшчэнныя прынцыпы сацрэалізму ад Быкава і яму падобных”. Аднак гэта быў ужо фарс. Быкава на нейкі час пакінулі ў спакоі, бы забыліся, потым сталі зьяўляцца стрымана-асьцярожныя артыкулы, у якіх ужо была спроба аб’ектыўна прааналізаваць ягоныя творы, ягоныя філасофскія, этычныя і эстэтычныя прынцыпы. Тым больш, што была добрая зачэпка для такой гаворкі і сур’ёзнага аналізу – амаль штогод і ў арыгінале, і ў перакладзе на рускую мову выходзілі ў Менску ў “Маладосьці” і ў Маскве ў “Новом мире” новыя аповесьці Васіля Быкава, якія заўсёды мелі шырокі чытацкі розгалас.

А потым... А потым паступова і, канечне ж, заканамерна антыбыкаўская кампанія паціху-памалу пераходзіла, праз няпоўныя два гады перайшла ў сваю супрацьлегласьць. Спакваля, нясьмела, бы вінавацячыся перад пісьменьнікам, сталі гаварыць, пісаць пра станоўчае ў ягонай творчасьці, а неўзабаве ўсё тое, што яшчэ зусім нядаўна шальмавалася, пачало прызнававцца, падавацца як сьмелае наватарства, як найвялікшае дасягненьне Быкава-празаіка. І гэта была праўда. Аднак, як заўсёды ў нас, не абыходзілася без шараханьняў у крайнасьці, перасолаў і перасалодаў, казённай алілуйшчыны, якая так цешыць вушы і душы абласканых уладай творцаў, а сьціпламу, цкаванаму гэтулькі год уладамі і аглабельнай крытыкай Васілю Уладзіміравічу ад гэткай увагі і хваласьпеваў часта хацелася скрозь зямлю праваліцца. Пра гэта ён з поўнай шчырасьцю сказаў у “Доўгай дарозе дадому”, апісваючы свой душэўны стан на ўрачыстым сьвяткаваньні пяцідзесяцігадовага юбілею ў Гродне. Я назіраў за ім тады з сярэдзіны вялізнай залы самага сучаснага і раскошнага на той час Палацу хімікаў. Што я толькі-толькі вярнуўся з Масквы і знаходжуся ў зале – ён і не здагадваўся. Рабіў спробу раніцой пазваніць, павіншаваць, але марна. Мы даўнавата ня бачыліся, я ня мог не прыйсьці на ягоны вечар, пра які даведаўся з абвесткі, як толькі ступіў на прывакзальную плошчу. Шчыра кажучы, было вельмі цікава на свае вочы пабачыць, як адаптуецца ён да грамадскай увагі, да свайго заслужанага прызнаньня, парадавацца за яго. Ад хлопцаў даведаўся, што Быкаў, як толькі мог, упарціўся, адбіваўся ад грандыёзнага публічнага сьвяткаваньня, але не ўстаяў пад напорам абкама, менскіх сяброў, а перш за ўсё Карпюка, які зрабіў сваёй вялікай саюзьніцай жонку Васіля Уладзіміравіча Надзею Андрэеўну.

Гэта быў першы ягоны выхад на такую агромістую аўдыторыю. Кідалася ў вочы, што ў вялізным з пазалотаю крэсьле, падобным на царскі ці каралеўскі трон, у якое ўсадзілі яго на сцэне, ды яшчэ пад уласным партрэтам юбіляр пачувае сябе дужа няўтульна. Ён то здымаў, то навешваў акуляры, то вымаў, то зноў клаў у бакавую кішэню нейкія складзеныя папалам паперкі.