Выбрать главу

З ранку да позьняга вечару – і ніякага канца не відно...

– А што рабіць, Васіль Уладзіміравіч? – пажартаваў я. – Як кажуць, цярпі Зося, так прышлося – слава, як і прыгажосьць, патрабуе ахвяраў... – І дадаў сур’ёзна: – Ды пасылайце вы сяго-таго к чортавай матары...

– Яно, канечне, так... – згадзіўся Быкаў і замоўк. Адчувалася, у яго ёсьць нейкая справа-просьба да мяне. Ён не любіў такіх спраў, зьвяртаўся толькі ў крайнім выпадку, пры гэтым пачуваў сябе заўсёды нейк вінавата, бы намерваўся

ўзваліць на цябе свае нямаведама якія цяжкія клопаты. Пасьля паўзы сказаў:

– Слухай, а ці ня мог бы ты памагчы мне па-сяброўску адбівацца хоць ад самых нахрапістых праныраў? – І злавіўшы мой трохі зьдзіўлены погляд, патлумачыў:

– Ня будзеш вельмі супраць, калі жонка званкі пачне скіроўваць на цябе? А ты сам рашыш, каго варта ўважыць, каго – ты ведаеш куды пасылаць... Дый з тваёй пасады лягчэй адганяць ...

Канечне ж, я ня мог адмовіць Васілю Уладзіміравічу і, пэўна, месяцы два-тры, пакуль трошкі не ўляглося, выконваў абавязкі “дысьпетчара-рэгуліроўшчыка” ў ягоных стасунках-дачыненьнях з прэсай і грамадскасьцю. Ды і пасьля даводзілася ня раз рашуча аберагаць занятага творчай справай пісьменьніка ад занадта рашучых і назойлівых аматараў “пакалякаць” з Быкавым ці займець яго ў якасьці вясельнага генерала. Ён ведаў гэта і заўжды плаціў удзячнасьцю.

Мяне заўсёды зьдзіўляла, як Быкаў пры сваёй сусьветнай вядомасьці, з кім лічылі за гонар сустрэцца-пазнацца найслыньнейшыя людзі нашага часу, змог заставацца такім жа сьціплым, далікатным, уважлівым, простым у абыходжаньні, якім быў у тыя “гарадзенскія” часы, калі яшчэ ня ўведаў слодычы і горычы славы. Хіба толькі з гадамі стаў мудрэйшым, стрыманейшым, памяркоўнейшым, навучыўся дароўваць людзям шмат што з таго, чаго нізашто не дараваў бы ў маладосьці, стаў глядзець на сьвет, на людзей, нейкія іхнія слабасьці вачыма мудрага філосафа – трошачкі паблажліва, трошачкі з разуменьнем. Канечне ж, прайсьці выпрабаваньне гэтакай славай і заставацца самім сабой магла толькі Асоба, цэласны ва ўсіх сваіх супярэчнасьцях характар, з высокім духоўным стрыжнем характар, які ўзрос на спрадвечнай сялянскай мудрасьці, беларускай ментальнасьці і меў той перасьцярагальны механізм, што дазваляў яму з гонарам і годнасьцю абмінаць тысячы спакусаў, дапамагаў і разумную, заслужанаю пахвалу, і дылетанскія, часам прыдуркаватыя дыфірамбы, і нават выпады зласьліўцаў успрымаць як нешта фатальна-непазбежнае, да тых і іншых ставіцца з пэўнай іроніяй, не зважаць і не абвяргаць, незалежна ад каго яны сыходзяць, нават калі і ад блізкіх людзей, паводзіць сябе абсалютна абыякава, быццам усё гэта ня мае ніякага дачыненьня да яго, звычайнага жывога чалавека па імені Васіль Быкаў. Ён і ў Гродне, калі яшчэ ня быў такім знакамітым, і ў Менску на вяршыні сваёй славы не любіў і, як мог, пазбягаў выстаўляцца ў цэнтр увагі, на першыя ролі, весьці рэй, нават тады, калі рабіць гэта было амаль немагчыма, як, напрыклад, на ўласных днях нараджэньня, вечарынах з нагоды прысваеньня Героя працы, званьня Народнага пісьменьніка, Ленінскай прэміі і г.д., дзе рэй звычайна вёў востры на язык Генадзь

Бураўкін, часам ня надта цырымонечыся перапыняў, падпускаў віноўцу урачыстасьці кепікі, іншы раз і добранька падперчаныя, і той першы сьмяяўся, ніколі ня крыўдзіўся, любіў яго яшчэ больш як роднасную душу. У любой бяседзе ён неяк неўпрыкмет умудраўся сьціпла адыходзіць у цень, дзе адчуваў сябе натуральна і больш камфортна.

Разам з тым пры ўсёй сьціпласьці, абсалютна натуральнай простасьці і даступнасьці ў абыходжаньні з людзьмі ў ім была нейкая незразумелая ўнутраная сіла, якая ўтрымлівала, не дазваляла нават блізкім сябрам гэтак па-просту, запанібрата паляпваць яго па плячы, а я дык і ня змог перайсьці з ім на “ты”, хоць ня раз і ў Гродне, і ў Менску, ён настойваў, патрабаваў, нават злаваўся, пагражаючы, што і ён да мяне “завыкае” афіцыёзна, але я яго лавіў на слове:

– А вы хіба “тыкаеце” старэйшым па ўзросьце Танку, Брылю, Панчанку, нават амаль равесьніку Шамякіну?

– Ага, так... Ну да-а... – неяк скрушліва ўсьміхаўся Васіль Уладзіміравіч. – Ды, так сказаць, я не гаджуся ва ўзорна-паказальныя, з якіх варта рабіць жыцьцё, так сказаць, браць прыклад...

Цяжэй за ўсё напачатку яму давалася тое, чаго не ставала ці не было ў характары, чаго трошкі не дадала прырода – ну ніяк ён ня ўмеў выступаць: хваляваўся, губляўся, зьбіваўся, часам увогуле ня ведаў, што гаварыць. А яго запрашалі ў розныя аўдыторыі, хацелі бачыць, хацелі слухаць, і ён разумеў, што бяз гэтага ну ніяк не абыйсьціся, асабліва, калі ўзначаліў абласную пісьменьніцкую арганізацыю. Ён па-добраму зайздросьціў Карпюку, які трымаўся ў любой аўдыторыі, як рыба ў вадзе. Таго хлебам не кармі, а дай трыбуну. Гэта пасьля Васіль Уладзіміравіч сваім ня надта пастаўленым, глухаватым, манатонным голасам умеў гадзінамі заварожана трымаць тысячныя аўдыторыі, ды так, што муха праляціць – чутно. А тады самае што ні ёсьць ардынарнае выступленьне дзе-небудзь перад вучнямі і настаўнікамі патрабавала ад яго неймаверных душэўных высілкаў. Неўзабаве ён даўмеўся напісаць прыдатны для любой аўдыторыі выратавальны тэкст хвілінаў на пятнаццаць – аб Гарадзеншчыне літаратурнай, пачынаючы ад Адама Міцкевіча, канчаючы Юркам Голубам і Валянцінам Блакітам. Цікавае пачыналася толькі тады, калі задаваліся нейкія вартыя ўвагі пытаньні, і ён абсалютна шчыра і адкрыта пачынаў адказваць, ніколькі не клапоцячыся, што яго ня так могуць зразумець, ня так успрыняць. Ён агарошваў аўдыторыю, заяўляючы, што яму не падабаюцца ледзь