Выбрать главу

ці ня ўсе фільмы па ягоных творах, а больш за ўсё – “Альпійская балада”, што ён ня любіць тэатр, што для яго найлепшая музыка – цішыня, уяўленьня ня мае, што такое каханьне і г.д. Праз некаторы час ён выкінуў тую выратавальную паперчыну, на ўласным вопыце зразумеўшы: ня мае асаблівага значэньня, як сказаць, важней за ўсё – што сказаць. А сказаць што – у яго заўсёды было...

Мы тады даволі часта езьдзілі разам па вобласьці, і я шчыра радаваўся, што з кожным выступленьнем Васіль Уладзіміравіч набывае ўпэўненасьць, без аніякіх аратарскіх прыёмаў завалодвае любой аўдыторыяй. Здаецца, менавіта ў гэты час нашы добрыя, цёплыя таварысцкія адносіны перарасьлі ў прыязныя, сяброўскія. Спрыялі таму і нашы агульныя службовыя інтарэсы – працуючы намесьнікам загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі абкаму, я курыраваў аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, якое ён узначальваў, і нейкім чынам творчыя: я пачаў актыўна пісаць апавяданьні і гумарэскі, якія ахвотна друкаваў “Вожык”, і неўзабаве выдаў іх асобнай кніжачкай.

– Ага, аказваецца, мы з табой пачыналі, так сказаць, аднолькава, – шчыра павіншаваў ён. – Мая ж першая кніжка таксама выйшла ў “Бібліятэцы Вожыка”...

Я гэтага ня ведаў, быў вельмі зьдзіўлены, што пра тое нідзе ніхто не пісаў, першай кнігай Васіля Быкава лічылі “Жураўліны крык”. Аказваецца, ягоная сатырычна-гумарыстычная кніжачка “Ход канём” выйшла таксама ў 1961 годзе, але трошачкі раней.

– Ну, а цяпер, так сказаць, за табою аповесьць... – зусім сур’ёзна і зычліва сказаў ён.

Неўзабаве і насамрэч напісалася першая аповесьць “Час прылёту журавоў”, ухваленая Васілём Уладзіміравічам і надрукаваная ў “Маладосьці”. Так што Быкаў, можна сказаць, быў маім “ стариком Державиным”. А потым даваў рэкамендацыю ў Саюз пісьменьнікаў, прадстаўляў у “Литературной газете,” напісаў прадмову для першай кніжкі ў перакладзе на рускую мову, што выходзіла ў маскоўскім выдавецтве “Молодая гвардия”.

Сустракацца мы сталі даволі часта – і па справе, і проста так, пасядзець-пагаманіць за чаркаю ці ў яго, ці ў мяне, ці дзе-небудзь на “нейтральнай” тэрыторыі, каб не рабіць лішніх клопатаў жонкам. Часам заседжваліся дапазна і ён заставаўся начаваць у мяне, ледзь сьвет прачынаўся і званіў Надзеі Андрэеўне, каб не хвалявалася, атрымліваў на арэхі па тэлефоне, цяжка ўздыхаў і пакорна ішоў

“здавацца”.

У адрозьненьне ад Карпюка ён не любіў хадзіць па начальстве, нават у памяшканьне абкаму заходзіў надзвычай неахвотна. Звычайна, званіў і далікатна пытаўся: “Ты калі будзеш выходзіць з работы?” Гэта значыла, што яму нешта трэба абгаварыць. Сустракаліся часьцей за ўсё ля выхаду з абкаму на Замкавай, калі спрыяла надвор’е – спускаліся па сходках да Нёману, гулялі па наберажнай, абмяркоўваючы нейкія пытаньні – ці то арганізацыю сустрэч харошымі хлопцамі з Менску, што маюць намер прыехаць у Гродна групай альбо паасобку, ці прыняць нейкую замежную пісьменьніцкую дэлегацыю, ці абгаварыць нейкія дэталі па арганізацыі дзён беларускай літаратуры, якія мы рэгулярна праводзілі ў вобласьці, ці проста так, пагаманіць, абмяняцца нейкай цікавай для нас абодвух інфармацыяй. Калі ў мяне не было неадкладных службовых спраў і ў яго быў настрой трохі адарвацца ад пісьмовага стала, дамаўляліся выехаць у людзі. Я сазвоньваўся з нейкім раёнам, выклікаў з абкамаўскага гаража машыну...