Выбрать главу

жалобныя дні свой фотаздымак побач з Быкавым (ведай нашых!), зроблены недзе у кулуарах пісьменьніцкага зьезду, але разьвітальнае слова пра Быкава, падпісанае вялікай групай слынных беларускіх пісьменьнікаў, друкаваць адмовілася. Другая літаратурная дама пасьля таго, як Быкаў начытаў старонкі сваёй кнігі ўспамінаў на радыёстанцыі “Свабода”, вырашыла не адставаць, высунулася туды ж са сваімі “мемуарамі”, дзе падала сябе ледзь ці не павівальнай бабкай беларускай дэмакратыі, ледзь ці не душапрыказчыцай Быкава яшчэ з “гарадзенскіх” часоў. Але, як кажуць, Бог ім суддзя...

Толькі, здаецца, аднойчы была парушаная традыцыя зьбегчыся ў Быкава сваёй звыклай кампаніяй. Гэта было ў ягоны папярэдні прыезд з Прагі – вясною 2002 году. Нешта тады не атрымалася – нездаровілася Ірыне Міхайлаўне і падціскаў час з ад’ездам, таму сабраліся ў “халасьцяцкай” на той дзень кватэры Валянціна Тараса, дзе апроч нас траіх, былі Рыгор Барадулін і Міхась Тычына. Васіль Уладзіміравіч быў нейкі заклапочаны, засяроджаны, нязвыкла маўклівы. Нягледзячы на ўсе намаганьні Генадзя і Рыгора, шчырая, з жартамі і пацьвелкамі гамонка, якой яна бывала амаль заўсёды, не клеілася. Выйшлі завідна. Ладны кавалак дарогі па вуліцы Багдановіча ішлі гуртам па нешырокім ходніку. Загаварылі “сепаратна” з Васілём Уладзіміравічам, трошкі адстаўшы ад кампаніі. Ён сказаў тое, чаго мы ўсе трое ад яго даўно чакалі: “Рашыў вяртацца дадому. Во паеду, уладжу там сякія-такія фармальнасьці – і вяртаюся”. І ў ранейшыя свае прыезды ён заводзіў гаворку аб непазьбежным вяртаньні, але гаварыў неяк няпэўна, у гепатэтычным плане, бы толькі для таго, каб ведаць на гэты конт нашую думку. Ён нудзіўся ў эміграцыі, адчуваў там сваю непатрэбнасьць, унімаў настальгію штодзённай катаржнай працай – і над чыстым аркушам паперы, і за кампутарам, які асвоіў на старасьці год. Пра ягоную напружаную працу сьведчыць багаты плён – добрых два тамы мастацкай прозы, дзе і такі знаёмы, і незнаёмы, зусім новы Быкаў, які чакае яшчэ свайго дасьледчыка. Безумоўна, тут, на Радзіме, ён гэтага ня зьдзейсьніў бы. І ён гэта адчуваў, і мы гэта ведалі. З аднаго боку – вымотвала б нервы, псавала настрой, забірала б душэўныя сілы дурная, бязмозгая, нечуваная па нахабнасьці кампанія па шальмаваньню яго, Народнага, Героя, Лаўрэата, сусьветна вядомага пісьменьніка, што ўсчалася ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Па почырку адчувалася рука таго ж рэжысёра і сцэнарыста, які яшчэ ў шасьцідзесятыя гады рабіў кар’еру на цкаваньні маладога Быкава, затым разьдзімаў кадзіла пагромніцкай антыбыкаўскай кампаніі ў Маскве. Кампанія

пацярпела фіяска, але кар’ера на Старой плошчы зробленая была, і ён усё жыцьцё, колькі мог і як толькі мог, паскудзіў Быкаву. Што ж, герастратава слава для людзей такога кшталту – таксама слава. Калі састарэламу адыёзнаму “паліттэхнолагу” адусюль у Маскве далі высьпятка, ён пераехаў у Менск і быў запатрабаваны ў самых высокіх кіруючых сферах. І з другога боку – не давала б ні спакою, ні магчымасьці засяродзіцца на творчасьці розная назойлівая, нахрапістая калялітаратурная, але перш за ўсё – каляпалітычная шалупонь, якой патрэбна было імя Быкава, ягоны аўтарытэт і сусьветная вядомасьць, і злоўжываючы мяккасьцю характару, інтэлігентнасьцю і далікатнасьцю натуры пісьменьніка, яна не жадала лічыцца ні з ягонай занятасьцю, ні з ягоным здароўем...