Выбрать главу

Бяру з паліцы апошнюю прыжыцьцёвую кнігу Васіля Быкава... “Доўгая дарога дадому”... У чорнай вокладцы, як і чорная дата, што тады няўмольна набліжалася... Ён, фаталіст па натуры, фаталіст ва ўсёй сваёй творчасьці, ведаў, ня меў ніякіх ілюзіяў, адчуваў, што тая дата няўмольна насоўваецца, і чакаў гэтую кніжку, як ніякую іншую (мо хіба толькі некалі першую). Яна была самай асабістай, самай дакументальнай ягонай кнігай, падсумоўвала і творчае жыцьцё пісьменьніка Васіля Быкава, і зямное існаваньне Васіля Уладзіміравіча Быкава як чалавека, як асобы. Ён сам выбраў для яе чорную апратку і быў шчасьлівы, што пасьпеў патрымаць у руках, падпісаць сябрам і блізкім людзям...

Адкрываю вокладку з ягоным апошнім аўтографам. Апускаю ўсё, толькі апошнія словы – “З даўняй, гродзенскай прыязнасьцю...” Дастаю і перачытваю зробленыя ў розны час ягоныя аўтографы на падораных ім практычна ўсіх, што выходзілі па-беларуску дый па-руску ягоных кнігах, і аж зьдзівіўся: усе яны – і кароткія, і разгорнутыя, наколькі дазваляла вольная плошча фарцтытульнага ліста, зробленыя ў Менску, маюць спасылкі на “незабыўную Гародню, дзе пачыналася наша сяброўства”, “сьвятую і пакутную Гродзеншчыну, дзе напісалася амаль усё”, што ўвайшло ў ягоны чатырохтомнік, і ва ўсіх – спасылка на гарадзенскае зямляцтва. Цяжка сказаць, якім ён больш быў – вушацкім ці гарадзенскім. У рэшце рэшт гэта ня мае істотнага значэньня: ён быў Вялікім Беларусам...

Як без ахвоты ехаў у Жалудок, так быў задаволены, рады, нават шчасьлівы, што прыехаў – мусіць, заўсёды так бывае. Зрабіў нечаканае адкрыцьцё: а жыць і працаваць у маленькім гарадку, дзе кожны кожнага ведае, дзе ты заўсёды ва ўсіх на віду, куды цікавей, чым у гарадской абязьлічцы. А галоўнае – тут была зусім іншая службовая атмасфера з больш шчырымі і цёплымі, пазбаўленымі інтрыжак і недобразычліўства стасункамі між людзьмі, у якой кожны пачуваў абсалютна натуральна, як рыба ў вадзе. Ва ўсякім разе я адчуваў сябе тут менавіта так, меў поўную свабоду дзеяньня, канешне ж, у межах літаўскага “Перечня”, установак ЦК КПСС і ўказаньняў райкаму партыі, якія пры добрым паразуменьні з ягоным начальствам можна было і беспакаранна праігнараваць альбо разумна абыйсьці. Рэдактар быў чалавек вельмі заняты – толькі першы сакратар райкаму і ён засядалі і на бюро, і на выканкаме, а тады было нормай, што гэтыя доўгія на ўвесь дзень пасяджэньні праводзіліся па разу, а то і па два разы на ты­дзень. Да ўсяго як член бюро райкаму і выканкаму райсавету ён меў замацаваны калгас, за які як упаўнаважаны адказваў галавой і партбілетам. А яшчэ ў Абрама Данілавіча была і на ўсё жыцьцё засталася неадольная звычка корпацца ў машыне, за што меў вечныя канфлікты з жонкай Тацянай Іванаўнай – дужа экспрэсіўнай, але мілейшай і дабрэйшай душы кабетай. Ён мог доўгімі гадзі­намі нешта прыкручваць, адкручваць у дабітым да ручкі рэдакцыйным “Масквічы”, каб раз выехаць, а потым зноў пачынаць нешта прымяраць-падкручваць, вяртацца дамоў у забруджанай, замасьленай адзежыне, чарговы раз атрымліваць ад жонкі на арэхі, якія адскоквалі ад яго, як гарох ад сьцяны. А мне дык падабалася і ягоная занятасьць, і прадастаўленая мне самастойнасьць. Бадай, нідзе і ніколі больш не працавалася так узьнёсла, з такім імпэтам, натхненьнем і самааддачай, імкненьнем самарэалізавацца, як тут. І ў калектыве, і ў раённага начальства, і ў гаспадарнікаў адчуваў да сябе добрае, прыязнае стаўленьне, быў дапушчаны да раённай кіруючай эліты ці, як сказаў сёньняшні народны класік, у “узкий круг ограниченых людей”...

У памяці захавалася шмат розных гісторыяў з тых часоў. Прыгадаю толькі адну – вясёлую і адначасова сумную пра Папялушку, якая на нейкі час стала прынцэсай, да чаго меў непасрэднае спрычыненьне...

Неяк пазваніў з райкаму рэдактар і загадаў неадкладна прыбыць у кабінет першага сакратара Мікалаенкава. Падзівіўся: навошта спатрэбіўся першаму, калі там рэдактар? Але клічуць дык клічуць – завёў матацыкл і праз дзьве-тры хвіліны быў у райкаме.

У першага сядзелі заклапочана абодва сакратары Грыгор’еў і Нялюбін, старшыня райвыканкаму Апрышчанка са сваімі намесьнікамі, загадчыкі аддзелаў, інструктары, усе тры сакратары райкаму камсамолу на чале з Мішам Крупіцам ды Абрам Данілавіч.

– Такая справа... – зьвярнуўся першы, ледзьве я пераступіў парог. – Ты шастаеш па калгасах, то мо ведаеш сьвінараку альбо цялятніцу, каб была да дваццаці пяці гадоў, беларуска, беспартыйная і не камсамолка, з пачатковай адукацыяй і, вядома, мела добрыя паказчыкі?.. – Мусіць, заўважыў на маім твары пытаньне і патлумачыў: – Трэба знайсьці кандыдатуру з такімі параметрамі на вылучэньне дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР па Савеце нацыянальнасьцяў, гэта значыць – адна на пяць раёнаў. Нельга ўпусьціць, трэба знайсьці і тэрмінова – ужо заўтра-пасьлязаўтра жывую-здаровую даставіць у абкам партыі...