Выбрать главу

Наступны раз быў недзе праз тыдні два, калі я зноў прывёз вырабляць клішэ. Міхасю Восіпавічу спадабалася, як паправіў вершы, пахваліў і цьвёрда сказаў: будзем рыхтаваць да друку. Даведаўшыся, што я амаль ягоны земляк, пачаў прыгадваць: бываў ці не бываў ён у нашай вёсцы, калі некалі хадзіў арганізоўваць ячэйкі сялянска-работніцкай Грамады. А як уведаў, што я вучыўся ў Скідзелі, друкаваўся ў “Красном знамени”, дзе ён працаваў пасьля вайны, ягоныя вочы яшчэ больш пацяплелі. А праз тыдні два, сустрэўшы мяне пад вечар на вуліцы, ня толькі пазнаў, а шчыра, з лёгкім дакорам запытаў: чаму не заходзіш? Ды ніякавата, кажу, так сабе, без усялякай патрэбы турбаваць, адрываць ад важных спраў.

– Ды якія там важныя справы! – махнуў рукой Міхась Восіпавіч. – Заходзь заўсёды, як толькі будзеш у Гародні, не саромся, я заўжды рады бачыць землякоў... – І нечакана прапанаваў: – Калі не сьпяшаешся – пойдзем пагуляем разам, бач пагода якая! Заадно і пагаворым...

Ён быў у добрым гуморы, распытваў, сам нешта расказваў, але больш распытваў. На кожным кроку яго пазнавалі, здароўкаліся і на мяне паглядвалі з цікаўнасьцю, што вядома ж, усьцешвала маю душу. Неўпрыкмет выйшлі да Нёману, дзе на прывязі, зьлёгку пагойдвачыся на плыні, стаяў баркас, прыстасаваны пад піцейную ўстанову. Міхась Восіпавіч пацікавіўся, ці я ўжо бяру чарку, і пачуўшы, што бяру патрошку, прапанаваў наведаць “паплавок”. Узялі – я толькі губы памачыць за кампанію, а ён то і добра, і гаворка ажывілася. Мне хацелася як мага больш пачуць і пра ягоную творчасьць, і пра рэвалюцыйную дзейнасьць у КПЗБ, і пра змаганьне ў партызанах, антыфашыстоўскім камітэце, аднак Міхась Восіпавіч ня надта ахвотна, толькі агульнымі словамі гаварыў на гэтыя тэмы, мне падалося, з-за сваёй сьціпласьці. Куды ахвотней апавядаў розныя вясёлыя эпізоды і гісторыі, удзельнікам якіх быў сам ці чуў ад некага, альбо пераводзіў гаворку на звычайную застольную гамонку. А ўвогуле яшчэ больш умацоўвалася ўражаньне, што ён любіць больш слухаць, чым гаварыць, нават калі субяседнік, як я, амаль жоўтароты шпачок. Мо з гадзіну прасядзелі ў тым “паплаўку”, затым праводзіў яго да дому. Жыў Васілёк тады насупраць педінстытуту, не даходзячы да храма ў старэнькім дамку з невялічкім дворыкам і хлеўчукамі ля спуску да Гараднянкі. Міхась Восіпавіч запрасіў зайсьці ў хату, але гэта было ўжо занадта, і я адмовіўся, спаслаўшыся, што клішэ вось-вось будуць гатовыя і хачу патрапіць на аўтобус... Потым я ня раз бываў у Васільковай гасьціннай хаце, дзе за лёгкай чаркай слухаў ягоныя цікавыя расповеды і пра Вільню, і пра Казлоў, цяперашні Мічурынск, дзе быў з бацькамі ў бежанстве, і пра сустрэчы з Якубам Коласам, каму яшчэ ў дваццатыя гады прысьвячаў вершы, якія друкаваліся ў заходнебеларускіх выданьнях і нейкім чынам даходзілі да Канстанціна Міхайлавіча. А пасьля вайны пры сустрэчы і асабістым знаёмстве на нейкім пісьменьніцкім сходзе дзядзька Якуб нахмурыў бровы і строга сказаў пры людзях: во, гэта ён замінаў мне расьці! Вытрымаў нейкі час недаўменныя позіркі, засьмяяўся: я ж – колас, а ён – васілёк...

Потым Міхася Восіпавіча перасялілі ў больш прасторны падобны на абшаляваную вагонкай стадолу дом на вуліцы Карбышава, а ягоны, дзе пражыў больш за дзесяць гадоў, зьнесьлі і на тым месцы ўзьвялі гмах абласнога Дома палітасьветы. Не магу дараваць сабе, што ў свой час не даўмеўся дамагчыся адзначыць гэта мемарыяльнай дошкай. Шкада, што, як кажуць, добрая мысьля заўсёды прыходзіць апасьля...

Калі прызнацца шчыра, то і псеўданім Блакіт зьявіўся праз Васілька, хоць ён пра тое і не здагадваўся. Любімы мой колер – блакітнае неба, блакітны васілёк. Мне, васемнаццацігадоваму, тады здавалася, што ледзь ці ня ўсе сапраўдныя пісьменьнікі мелі ці маюць прыгожыя псеўданімы – Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Янка Маўр, Міхась Васілёк, нават Янка Брыль, Ніл Гілевіч падаваліся псеўданімамі... І ўвосень 1956 году са старонак шчучынскага “Чырвонага сьцяга” зьніклі вершы Валянціна Болтача, а на раённым паэтычным неасхіле з’явілася новая зорка – Валянцін Блакіт. Неўзабаве яна перакачавала на старонкі абласной газеты, рэспубліканскіх выданьняў, але з цягам часу стала з’яўляцца радзей і радзей, каб у рэшце рэшт скаціцца паэтычнай зьнічкаю і праз гады ўзыйсьці на сатырычна-гумарыстычным небасхіле. Нават сам не ведаю, чаму стаў падпісваць гэтым малапрыдатным для сатырычных жанраў псеўданімам гумарэскі і апавяданьні. Пэўна, па двух прычынах: не меў поўнай упэўнасьці, што гэта ўсурёз і надоўга, і па-другое, ў той час займаў сур’ёзную пасаду ў вельмі сур’ёзнай установе, дзе, ведаў, яўна падазрона паставяцца да такіх несур’ёзных заняткаў. А калі выйшла першая кніжка ў “Бібліятэцы “Вожыка”, псеўданім набыў нейкае літаратурнае жыццё, крэсьліць якое не падымалася рука і тады, як стаў пісаць “сур’ёзныя” аповесьці...