Выбрать главу

На іхнія стасункі патыхнула халадком толькі на самым-самым канцы гарадзенскага перыяду Быкава, калі Карпюк з найлепшымі памкненьнямі, на правах старой дружбы са звычайнай сваёй напорыстасьцю, ня надта зважаючы на далікатнасьць, шчыра і самааддана ратаваў сямейны човен Быкава, працягваў адчайна змагацца нават тады, калі было відавочна, што човен ня проста даў цечу, а рассыпаўся, пайшоў да дна. Васіль Уладзіміравіч страшэнна не любіў выстаўляць напаказ свае асабістыя справы, не выносіў, калі нехта бяз спросу і такту мкнуўся совацца ў іх, таму празьмерная Карпюкова актыўнасьць з уцягваньнем усіх, хто мог і ня мог паўзьдзейнічаць на Быкава, выклікала ў яго прыкрасьць, пратэст, злосьць і раздражненьне, і ўсё гэта не магло не адбіцца на іхніх стасунках...

Аляксей Нічыпаравіч вельмі перажываў усё гэта, бліжэйшага за Быкава чалавека ў яго не было ў Гародні, ён сумаваў, яму вельмі не хапала Быкава, калі той пераехаў у Менск. Карпюк прыкметна стаў хінуцца да мяне, але я, вядома ж, ня мог замяніць яму Быкава – па-першае, Быкаў ёсьць Быкаў, па-другое, мы былі людзьмі розных пакаленьняў: яму падбіралася пад шэсьцьдзесят, а мне не было і сарака, і па-трэцяе, мусіць і праўда, што пад шэсьцьдзесят ужо не знаходзяць новых сяброў-прыяцеляў, а толькі губляюць старых...

Вестка пра сьмерць Карпюка летам 1992 году напачатку падалася неверагоднай, нейкай недарэчнай памылкай. Яшчэ зусім нядаўна ён прыязджаў у Менск, быў, як заўсёды, поўны энергіі, значна маладзейшы на свае гады, якія нібыта ня мелі ўлады над ім... Я праводзіў яго да самага апошняга ягонага зямнога рубяжу на алеі заслужаных людзей новых гарадзенскіх могілак, пакінуўшы і свае сімвалічныя жменькі жвіру на ягонай дамавіне... Тым ня менш і сёньня кепска сабе магу ўявіць Гародню, вузенькія вулачкі ў ягонай гістарычнай часцы без самабытнай, каларытнай Карпюковай постаці, роўна як і сьціплай Быкаўскай. Для мяне яны дык працягваюць жыць тут у гэтых старажытных мурах, гэтай адшліфаванай нагамі столькіх пакаленьняў старой, але па-ранейшаму надзейнай брукаванцы. Мо таму, што даводзіцца бываць тут, як кажуць, рады ў гады і цяжка прывыкнуць... Ідзеш сярод незнаёмага люду і міжволі паглядваеш, чакаеш насуперак усяму: вось-вось дзе-небудзь з-за павароту на вуліцу Ажэшкі альбо з вечнага натоўпу ля галоўнага ўнівермагу па Савецкай узьнікуць насустрач іхнія знаёмыя постаці, Быкаў усьміхнецца здаля сваёй добрай прыязнай усьмешкай, а Карпюк таропка працягне руку, коратка і энергічна павітаецца: ну, здароў!..

Каторы год мне сьніцца адзін і той жа з пэўнымі варыяцыямі дзіўны страхавіты сон: нібыта ніяк не магу выехаць з Масквы – няма на білет расейскіх грошай, а нашыя “зайчыкі” ніхто не бярэ і ніхто не мяняе. Нават капеек няма, каб трапіць у метро і праехаць усяго адзін прыпынак да Беларускага вакзалу!.. Сябры-паплечнікі разьехаліся, толькі я безнадзейна самотна сяджу на чамаданах у пустым інтэрнаце на Мівусах, ня ведаючы, дзе шукаць выйсьце... Прачынаюся ў халодным поце, рады, што гэта толькі сон, і настальгічна прыгадваецца некалі некім сказанае: калі праўда, што перад сконам перад чалавекам прамільгвае ўсё ягонае жыцьцё, то каму пашчасьціла прайсьці Мітронаўскую слабаду, яна будзе самай сьветлай і яркай старонкай. Мітронаўская – гэта ад прозьвішча нязьменнага, больш чым трыццаць гадоў, рэктара Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС Мітронава, чалавека ліберальнага і зычлівага. Слабада – ад станцыі метро Новаслабодская, з якой прычальвалі і адчальвалі ейныя гадаванцы – толькі ў нейкіх ста кроках па Вескаўскаму завулку пачынаўся квартал вучэбных і жылых карпусоў з выхадам на вуліцу Готвальда і Мівускую плошчу. Мітронаў пайшоў на пенсію, рэктарам стаў маладзейшы Чэхарын, а слабада да апошніх дзён свайго існаваньня так і засталася Мітронаўскай. Гэта была ня толькі ласкавая назва вучэльні, ня толькі запаведнае месца на карце сталіцы, а перш за ўсё дзіўны заманлівы сьвет і адначасова ні з чым не параўнальны спосаб быцьця са сваімі не характэрнымі для Масквы разьмернымі, нясьпешнымі парадкамі і распарадкамі, своеасаблівай зычлівай атмасферай радасьці пазнаньня і асабістай свабоды...

Некалі да бальшавіцкай рэвалюцыі тут быў знакаміты Народны універсітэт Шаняўскага, куды мелі доступ прадстаўнікі розных саслоўяў. Тут, дарэчы, слухаў лекцыі маладзенькі Сяргей Ясенін. Пасьля народнай рэвалюцыі Народны універсітэт быў зачынены, у ягоных вучэбным і жылых карпусах атабарыўся арганізаваны Сьвярдловым камуністычны універсітэт, дзе рыхтаваліся прапагандысты, агітатары і арганізатары, камандзіры і камісары каваць перамогу на франтах грамадзянскай вайны, а потым і на мірных будоўлях ударных пяцігодак. Тут перад слухачамі выступалі практычна ўсе бальшавіцкія правадыры і, вядома ж, Ленін. Пабудаваная амфітэатрам галоўная аўдыторыя, дзе ён выступаў, стала называцца Ленінскай і стала мемарыяльнай – з драўлянымі лаўкамі і нязручнымі вузенькімі, падобнымі на касьцёльныя, партамі. Тут з цыклам лекцыяў, якія склалі аснову ягонай знакамітай працы “Аб ленінізме”, выступаў Сталін. Сваю дзейнасьць гэтая элітарная кузьня кадраў, якая стала называцца Вышэйшай партыйнай школай пры ЦК КПСС, ні на дзень не спыняла ні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ні ў пасьляваенную галадуху і разруху. Вось такая кораценька гісторыя Мітронаўскай слабады, дзе лёс падарыў мне магчымасьць правесьці два лепшыя гады жыцьця...