Выбрать главу

Намер прасіцца на вучобу ў Маскву мой непасрэдны шэф Ульяновіч успрыняў без усялякага энтузіязму, але згадзіўся падтрымаць. А як дайшло да Мікуловіча, той тут жа паклікаў і заявіў:

– А нашто табе дарма час губляць?.. Дыплом атрымаеш і завочна, у Менску. Усё роўна яны аднолькавыя... Пакуль у Маскве будзеш дурня валяць ды штаны праці­раць, тут можна падняцца да...

Ён не сказаў, куды магу падняцца, але, як і кожнаму прыемна і ганарова, калі яго цэняць, бачаць у ім персьпектыву, вельмі ўсьцешыла душу. Шчыра прызнаўся, што хвалюе мяне не дыплом, галачка ў анкеце, а найперш адсутнасьць сістэмных ведаў па грамадскіх навуках, паколькі універсітэт канчаў завочна, а зараз даводзіц­ца камплексаваць, пачуваць сябе прафанам, няздольным размаўляць на роўных з адукаванымі людзьмі, з якімі даводзіцца мець справу па абавязку службы. Мусіць, ня часта яму даводзілася чуць, каб нехта шчыра прызнаваўся ў сваім невуцтве і прафанстве, паглядзеў на мяне з павагай і разуменьнем і прапанаваў:

– А мо лепш у Акадэмію грамадскіх навук? Кандыдатам навук вернешся. Пачакай, вось нам дадуць разнарадку на наступны год...

Гэта было, канешне, заманліва, але да навуковай работы я не адчуваў у сабе ні талентаў, ні жаданьня. Апроч таго, пры той жа, як і ў ВПШ, працэдуры залічэньня тут трэба было здаваць экзамен па навуковаму камунізму і залік па замежнай мове, а пры маіх пазнаньнях у нямецкай зусім рэальна загудзець пад фанфары, а потым сораму не абярэшся. І вучыцца там ня два, а тры гады, а потым... Акадэмію некалі стваралі для падрыхтоўкі тэарэтычных кадраў партыі, але з цягам часу стала не зусім зразумела: а навошта столькі тэарэтыкаў, калі разьвіцьцё тэорыі марксізму-ленінізму – абсалютная прэрагатыва палітбюро ў асобе генеральнага сакратара? І падрыхтаваныя Акадэміяй тэарэтыкі часьцей за ўсё апыналіся ў лектарскіх групах партыйных камітэтаў, выкладчыкамі ў рэгія­нальных партшколах, на кафедрах грамадскіх навук універсітэтаў ды інстытутаў. Я і ўявіць сябе ня мог у ролі выкладчыка, гэта было не маё, маё прызваньне – практыка, практычная журналістыка... Мікуловіч і тут паставіўся з разуменьнем, загадкава ўсьміхнуўся і як пра вырашанае сказаў:

– Што ж, практыка дык практыка...

Атрымаўшы згоду першага сакратара, махавік па ўзгадненьні маёй кандыдатуры ў інстанцыях, афармленьні патрэбных дакументаў закруціўся. Вобласьць мела разнарадку на двух чалавек, і разам са мной ехаў сакратар Ваўкавыскага райкаму партыі Яўген Рабко, які нядаўна быў сакратаром абкаму камсамолу па ідэалогіі і, натуральна, мы ня раз сутыкаліся па службовых справах.

У ліпені нас паклікалі ў Маскву для праходжаньня медкамісіі і субяседаваньня ў ЦК КПСС. Запомнілася, што стаяла неймаверная гарачыня, у Падмаскоўі гарэлі тарфянікі, і горад быў зацягнуты едкім, удушлівым смогам, ад якога быў паратунак, хіба, толькі пад зямлёй у метро. Пасялілі нас па двое ў інтэрнаце, і ледзь ці ня тыдзень з ранку да вечара здавалі розныя аналізы, хадзілі па ўрачах. На здароўе ніхто ня скардзіўся і прыдзірлівыя медыкі рэдка ў каго знаходзілі нейкія адхіленьні ад нормы. А потым групамі па чалавек трыццаць з інтэрвалам у дзьве гадзіны арганізавана езьдзілі ў новы прыземісты корпус ЦК КПСС трохі на задворках, дзе разьмяшчаўся аддзел аргпартработы. Да таго ў сьвятая сьвятых – ЦК КПСС я быў толькі раз, падчас нейкага семінару, калі сазваніўся і наведаў нашых гарадзенцаў Грышкевіча і Русаковіча, якія заказалі для мяне пропуск. Корпус аддзелу прапаганды вокнамі выходзіў на неймаверна шумную Старую плошчу, і я быў страшэнна зьдзіўлены, уражаны ўмовамі, у якіх працуюць работнікі гэтакай саліднай установы – па два-тры чалавекі ў цесных кабінеціках, дзе і нармальных сталоў не паставіш. Нават праз шчыльна зачыненыя вокны чуўся такі вулічны гул, што цяжка было гаварыць нармальным голасам. Духацішча – не прадыхнуць, а ўсе – у чорных пінжаках і белых нейлонавых кашулях пры абавязковых гальштуках, як таго патрабаваў этыкет.

Тут, у новым корпусе, куды нас прапусьцілі строга праверыўшы дакументы і зьверыўшы са сьпісам, цішыню парушаў толькі лёгенькі пошум кандыцыянераў. Яны стваралі прыемную прахалоду, дазвалялі аддыхацца ўволю ад едкага паху гарэлых тарфянікаў, які то трохі радзеў ад набеглага ветрыку, то зноўку згушчаўся. На дзіва, і тут, у новым сучасным корпусе, усё было абстаўлена сьціпла, строга, без аніякай раскошы. У кабінет да намесьніка загадчыка аддзелу Пятровічава, які курыраваў падрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі партыйных кадраў і, як папярэдзілі, зьяўляўся кіраўніком аўтарскага калектыву адзінага капітальнага падручніка “Партийное строительство”, які нам патрэбна будзе штудзіраваць з алоўкам у руках, нас прапускалі згодна алфавітнага сьпісу па тры чалавекі адразу: з адным гутарылі, двое сядзелі напагатове, арыентуючыся, што і як адказваць, каб не зацягваць час. Мне выпала ісьці, здаецца, у другой ці трэцяй тройцы ў кампаніі ўзьбека і ўзьбечкі. У тарцы доўгага стала сядзеў, як можна было здагадацца, сам Пятровічаў – стары, стамлёны з выгляду, лысаваты чалавек сярэдняй камплекцыі, а паабапал зьлева і справа сем-восем гэтаксама немаладых людзей. Той, чыё прозьвішча называў Пятровічаў, уставаў і пераходзіў у другі тарэц стала і з ім пасьля зачытаньня асноўных дадзеных з даведкі-аб’ектыўкі пачыналася кароткая, у тэмпе, гаворка, якую наўрад ці можна назваць чыста фармальнай. Прысутныя, але часьцей за ўсё сам гаспадар кабінету, задавалі даволі істотныя пытаньні, нешта ўдакладнялі, нечым цікавіліся. У мяне запыталі пра ідэалагічную абстаноўку ў прыгранічнай вобласьці, кантакты, якія маем з польскімі таварышамі, і па ўсім відаць, засталіся задаволенымі маім адказам. Пятровічаў запытаў, як глядзіць мая сям’я на ад’езд у Маскву, на тым гаворка і закончылася. Узьбеку гэтаксама задалі нейкае пытаньне пра абстаноўку ў раёне, ніколечкі не зьдзівіліся, пачуўшы, што ў таго дванаццаць дзяцей. А калі ўзьбечка адказала, што ў яе толькі двое, зьдзіўлена пераглянуліся, а яна з дзёрз­касьцю ў голасе ўдакладніла: