Выбрать главу

Заняткі пачаліся 1 верасьня агульным сходам у Ленінскай аўдыторыі з віншаваньня, знаёмства з рэктарам, прарэктарамі, сакратаром парткама, прафсаюзным лідэрам, найбольш імянітымі выкладчыкамі, як легенда ВПШ Фёдар Крэтаў, які сустракаўся з самім Леніным, кароткага расповяду пра гісторыю, традыцыі і парадкі ў вышэйшай партыйнай навучальнай установе. А затым разышліся па вучэбных групах, сьпісы якіх былі вывешаны ў вестыбюлі з указаньнем нумара аўдыторыі, куды павінны сабрацца праз паўгадзіны...

Вучэбныя групы па шаснаццаць чалавек кожная збольшага былі сфарміраваны па інтарнацыянальным прынцыпе. Але складальнікі сьпісаў ці то сьпяшаліся, ці то не надавалі вялікага значэньня гэтаму прынцыпу, і інтэрнацыянал не заўсёды вытрымліваўся. У пяці групах увогуле не было беларусаў, а ў нашай шостай, празванай пасьля гвардзейскай, аказаліся два – Аляксей Камай і я. Можна зразумець, чаму ня ў кожную патрапілі прыбалты, армяне, грузіны, азербайджанцы – іх было мала, але тое, што ў нашай не было ўкраінца, а ў некаторых зьбіралася па двое-трое, сьведчыла, што інтэрнацыянальны прынцып ня меў прынцыповага значэньня...

Першым, сеўшы за стол выкладчыка, прадставіўся наш куратар – Рафаіл Рыгоравіч Грыгар’ян, малады, амаль нашага веку выкладчык з кафедры філасофіі. Забягаючы наперад, зазначу, што нам страшэнна пашчасьціла – Рафаіл Рыгоравіч аказаўся ня толькі выдатным, усебакова адукаваным педагогам, інтэлектуалам, але і добрым чалавекам, дэмакратычным, памяркоўным, сапраўдным старэйшым таварышам і сябрам. Ён па алфавіце даваў слова для знаёмства, і кожны з нас кораценька называўся, хто ён, адкуль і з якой пасады прыехаў, што закончыў і якую базавую прафесію атрымаў, колькі словаў казаў і пра сям’ю. З групы толькі мы, беларусы, і балгары ўжо трохі зналіся. Аляксея Камая пабачыў і даведаўся, што будзе маім аднакурсьнікам з экрану тэлевізара, дзе ён, першы сакратар Краснапольскага райкаму, у дэмакратычнай разьлятайцы з кароткімі рукавамі даваў інтэрв’ю ў полі на жніве і на пытаньне карэспандэнта, як плануюць закончыць сельскагаспадарчы год, сказаў, што вынікі будзе падводзіць нехта іншы, паколькі ён на два гады едзе на вучобу ў Маскву, у ВПШ. А пазнаёміліся асабіста, калі праходзілі медыцынскую камісію, і адразу ж адчулі ўзаемную прыязь і сімпатыю, добра дружылі і пад час вучобы, дый пасьля, пакуль ён не пайшоў у вельмі высокія партыйна-кіраўнічыя рэспубліканскія сферы, а я сышоў з партыйнай работы.

У групе сабраліся пераважна трэція і другія сакратары райкамаў, некалькі інструктараў абкамаў партыі. У нас з Камаём аказаліся найбольш высокія службовыя статусы, гэта мела, але адначасова ўжо ня мела ніякага значэньня, паколькі трэба было адразу ж, з першага дня засвойваць залатое правіла Мітронаўскай слабады – на два гады напрэч забыць, кім ты быў, зрабіцца роўным сярод роўных, інакш – будзеш адчуваць сябе, мякка кажучы, вельмі і вельмі няўтульна. Хоць інтэрнацыянал у групе падабраўся не зусім поўны і дасканалы, затое сышлася ўся геаграфія Саюзу – Валодзя Дзедаў з прыморскага раёна на Далёкім усходзе, Міша Ліванаў з Калінінграду і я з Гародні з зусім блізкага захаду, Тамара Акілеева з паўднёвай Кіргізіі, Генадзь Шабаеў з паўночнай Хакасіі. У групе аказаліся рэсьпектабельны сівавалосы зямляк Расула Гамзатава табасаранец Абдурыза Аліеў, высокарослы, плячысты калмык Сяргей Сагаеў, ці то абруселы башкір, ці то абашкіраны рускі Васіль Нікалаеў, стройны, сімпатычны казах Сабіт Валіеў, Іван Какоткін з Варонежскай, Яўген Цімашкоў са Смаленскай, Галя Разіна з Кастрамской вобласьці, Валянцін Волкаў з Разані, рускі Ваня Астравушка прадстаўляў Узьбекістан. Апроч нас, савецкіх, у калектыве прыпісаліся два балгарыны – мажны, каржакаваты Бенча Дочаў і худзенькі, невысокага росту Мікола Дзінеў, якія ня надта любілі, калі мы іх звалі савецкімі балгарамі, ня дужа любілі свайго генсека Тодара Жыўкава, які насіўся з ідэяй уступленьня Балгарыі ў СССР шаснаццатай рэспублікай. Усе мы былі прыкладна ў адным (32-35 гадоў) узросьце, за выключэньнем двух аксакалаў – Абдурызы Аліева і Івана Какоткіна, якім пераваліла за 38. І прафесійны разнабой быў зусім невялікі – аграрыі, інжынеры, эканамісты, настаўнікі і адзін журналіст у маёй асобе. На два гады нам належала здружыцца, зьесьці разам не адзін пуд солі. Многае ў тым залежала ад выбару кіраўніцтва групы – старасты і партгрупорга. У нас гэты выбар аказаўся вельмі ўдалым – старастам стаў спакойны, зычлівы Генадзь Шабаеў, і тут жа, перавёўшы проста сход у партыйны, партгрупоргам абралі Аляксея Камая. На тым першае знаёмства і закончылася. Абмяняліся тэлефонамі і па існуючай тут даўняй традыцыі дамовіліся сабрацца для яшчэ больш блізкага знаёмства пасьля першай стыпендыі ўскладчыну... А яе чакаць доўга не давялося – ужо праз два дні выплацілі па сто рублёў авансу. Па тым часе, калі сярэдняя месячная зарплата па краіне не дасягала і шасьцідзесяці рублёў і за рубель можна было пражыць дзень не галадаючы, то былі даволі сур’ёзныя грошы...