Выбрать главу

Нефармальны збор з добрай чаркай ускладчыну вельмі зблізіў, зрадніў нас, адкрыў нечыя незвычайныя таленты. Вылучыўся перш за ўсё Валодзя Дзедаў, які добраахвотна ўзяўся за арганізацыю і рэалізацыю складчыны, папрасіўшы сабе двух памочнікаў для закупкі, транспарціроўкі правіянту і на ягоным жаргоне гаруча-змазачных матэрыялаў. Каржакаваты, невысокага росту, настолькі рухавы і спрытны, што насамрэч здавалася ў яго ўсё гарыць у руках. Тут жа ён, як некалі вялікія рэвалюцыянеры, атрымаў падпольную мянушку “Кок” і насіў яе аж да выпускнога вечару. Валодзя тут быў проста талент – у самае безграшоўе напярэдадні стыпендыі мог амаль з нічога зварганіць стол – закачаешся. Дзедаў першы атрымаў сваю падпольную мянушку. З цягам часу іх займелі ледзь ці ня ўсе. Мы з Камаём сталі “партызанамі”...

Першым часам існавала адчуваньне нейкай амаль нерэальнасьці новага ладу жыцьця, нават паверыць, прывыкнуць было не зусім проста да амаль неабмежаванай свабоды, калі адышлі, перасталі турбаваць звыклыя службовыя клопаты з вечнай адказнасьцю, кантролем, і ты рэальна пачынаеш адчуваць сябе гаспадаром станові­шча – рабі, што сам лічыш патрэбным, прыходзіць разуменьне, што за сьценамі Мітронаўскай слабады да цябе нікому няма ніякай справы, нібыта ты пайшоў у адпачынак, ды такі доўгатэрміновы, што і думаць ня хочацца, якія клопаты наваляцца ў туманнай, амаль нерэальнай далечыні... І ад гэтай нязвыкласьці зьяўлялася пачуваньне нейкай незразумелай няўтульнасьці. Ды ненадоўга – ня пройдзе і месяца, як хочацца паўтараць за пакаленьнямі былых гадаванцаў Мітронаўскай слабады: “спасибо партии родной за двухгодичный выходной”...

Ды, мусіць, нам толькі падавалася, што прадстаўленыя самі сабе, ніхто намі не цікавіцца, ня сочыць, не прыглядаецца. Інакш бы, як правіла, трох-чатырох выпуск­нікоў штогод не забіралі б у апарат ЦК КПСС, а туды без дэталёвага назіраньня, вывучэньня і праверкі ня возьмуць. А нашага чарнявага Аляксея Камая ўгледзелі людзі на Лубянцы – паклікалі і настойліва, з намёкам на магчымыя наступствы для ягонай кар’еры, калі адмовіцца, прапанавалі перайсьці ў іхнюю галоўную вучэльню, дзе пасьля адпаведнай падрыхтоўкі яго чакала адказная і гераічная работа на нелегальным становішчы ў гарачым ва ўсіх сэнсах Блізкаўсходнім рэгіёне. На роздум далі роўна суткі бяз права казаць і раіцца з кім бы там ні было, нават з жонкай. Аляксей добра ведаў, што з “хлопцамі” з Лубянкі гульні і жартачкі кепскія. Занепакоены, сам ня свой ён паклікаў мяне на вуліцу і па вялікім сакрэце расказаў, просячы парады, як лепш адбрыкацца... Да позьняга вечару прахадзілі мы ўзад-уперад па спакойнай нялюднай Селязнёўскай, абмяркоўваючы стратэгію і тактыку, розныя варыянты і аргументы, як годна і прыгожа выйсьці з сітуацыі. Найперш, канешне, рашылі ціснуць на сямейныя абставіны – жонка без сьпецыяльнасьці, двое малых дзяцей, а затым – роспачна прыкідвацца абсалютна тупым да вывучэньня замежных моваў... Словам, спрацавала, і Камай вярнуўся ў прыўзьнятым настроі, купіўшы на дарозе пару пляшак. Моўчкі і таемна ўзялі добрую чарку за загубленага на карані новага Шцірліца...

Толькі ў Ленінскай аўдыторыі дазваляў сабе чытаць лекцыі нязьменны старшыня экзаменацыйнай камісіі прафесар Крэтаў, можна сказаць, рэлікт ВПШ з дарэвалюцыйным партыйным стажам, які сустракаўся з Леніным. Лекцыі ветэрана былі мітынгова-эмацыянальныя, ні на крок не адступалі ад знакамітага “Кароткага курса”, у напісаньні якога нібыта ён прымаў удзел, хоць сам сцвярджаў, што ад першай да апошняй літары напісана рукою таварыша Сталіна. Для прыліку ягоныя лекцыі кансьпектавалі, хоць разумелі, што пры наяўнасьці столькіх талковых падручнікаў карысьць ад іх будзе невялікая.