Выбрать главу

Бадай кожны месяц, а то і часьцей у вестыбюлі зьяўляліся жалобныя партрэты з кароткімі біяграфічнымі зьвесткамі памерлых выкладчыкаў. Як правіла, гэта былі людзі ў вельмі-вельмі шаноўным узросьце. На іхнія месцы прыходзілі маладзейшыя, а то і зусім маладыя кандыдаты навук, і яны прыносілі з сабой новыя, сьвежыя павевы і парадкі. З незапамятных часоў, напрыклад, існавала ледзь ці не сакральная традыцыя – кожны слухач абавязаны прачытаць і закансьпектаваць усе чатыры тамы Марксавага “Капіталу”. Кансьпекты патрабаваў на праверку выкладчык, бяз іх слухачы не дапускаліся ні да экзаменаў, ні да залікаў, нават да семінарскіх заняткаў. Гэтая ж завядзёнка перадалася і ў рэгіянальныя партшколы. Народная творчасьць у сьценах вышэйшай партыйнай вучэльні выдала поўныя роспачы радкі:

Товарищ Маркс, о, если б знал,

Что ты для нас мученьем стал!

Ты не писал бы “Капитал”,

А написал бы “Капитальчик”,

Ну, толщиною этак с пальчик…

Толькі-толькі заселі за кансьпектаваньне, дакладней – кампіляцыю з перададзеных у спадчыну кансьпектаў – першага тому “Капітала”, як у вестыбюлі ў чорнай рамцы зьявілася фотакартка нашага выкладчыка. Праводзілі ў апошні шлях да самага крэматорыю, а праз колькі дзён зьявіўся новы палітэканом па прозьвішчы Міронаў, больш чым удвая маладзейшы за былога. Прапануем яму нашыя кансьпекты, а ён зьдзіўлена паціскае плячыма: а навошта? Кажам: ад нас патрабавалі. А ён: калі хочаце – кансьпектуйце, а мне гэта непатрэбна. Дый вам, думаю, – гэтаксама... Любы падручнік па палітэканоміі капіталізму – гэта практычна той жа кансьпект “Капіталу”, але зроблены прафесійна, сістэматызавана, асучасьнена і, канешне ж, больш папулярна. Важна адчуць дух Марксава вучэньня, а ня цяжкую, архаіч­ную фразеялогію перакладаў ягонай геніяльнай працы. Нам чорнай зайздрасьцю зайздросьцілі калегі з іншых групаў, пакуль на трэцім томе бязглуздае рытуальнае кансьпектаваньне не адмянілі паўсюдна. Пагаворвалі, пасьля таго, як адзін тупаваты ад прыроды дзівак узнамерыўся вызубрыць “Капітал” на памяць, аднак нешта “заела”, адбыўся зрух у мазгах – стаў крычаць, нібыта Маркс украў у яго сюртук, патрабаваць аддаць таго пад суд. З паўгоду лячылі небараку, а потым адлічылі, па-вайсковаму кажучы, камісавалі па стане здароўя. Канешне ж, наўрад ці гэты дзівак-недарэка стаў прычынай, хутчэй быў апошнім штуршком, апошнім аргументам для злому дагматычна-талмуднага стэрыатыпу. У ВПШ прыходзілі слухачы ўсё новай і новай генерацыі з веданьнем рэальнага жыцьця, рэальных сацыяльных працэсаў, якія ну аніяк не хацелі ўкладвацца ў закасьцянелыя тэарэтычныя схемы. Новы рэктар рашуча ўзяў курс на амаладжэньне прафесарска-выкладчыцкага складу – і сьвежыя павевы сталі неадольна ўрывацца ў непрыступную цытадэль зафецішаванага тэарэтычнага фундаменталізму. Асабліва гэта назіралася на лекцыях і практычных занятках курсаў канкрэтнай эканомікі прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і траспарту, дзе выкладчыкі дазвалялі сабе гаварыць такое, што ў нас аж дых займала, пасьля чаго падручнікі, якія ледзь ці не штогод мяняліся-падпраўляліся ў сьвятле найноўшых рашэньняў і ўказаньняў, падаваліся недарэчнейшымі адзін за другі. “Крамола” ўсё часьцей і часьцей стала выпаўзаць на лекцыях і семі­нарскіх занятках па курсах “Дяржава і права”, “Міжнародны рабочы і камуністычны рух”. Як сёньня памятаю шок у Ленінскай аўдыторыі, зроблены на слухачоў абодвух курсаў вядучым эксьпертам Міністэрства замежных справаў па прозьвішчы Богуш, які заявіў, што чатыры астравы Курыльскай грады належаць Японіі і рана ці позна будуць вернутыя ёй. Нават у сьвятая сьвятых гісторыі КПСС пад няўсыпным вокам прафесара Крэтава маладыя выкладчыкі асьцярожна знаходзілі пэўныя нестыковачкі, адсылалі да тых ленінскіх работ, якія ніколі не рэкамендаваліся да чытаньня і кансьпектаваньня. Абсалютна сучасным, чуйным да новага быў і наш куратар Рафаіл Рыгоравіч Грыгар’ян. Ужо тое, што ён у Берлінскім універсітэце на нямецкай мове абараніў дысертацыю па Гегелю, выклікала да яго павагу. Ён паступова, даходліва, займальна ўводзіў нас у складаны сьвет гегелевай дыялектыкі, і мы ўсё ўпэўненей і ўпэўненей пачыналі спасьцігаць, чаму супярэчлівасьці з іх колькасна-якаснымі пераходамі ёсьць і рухаючая сіла, і выток усялякага разьвіцьця, чаму перапынак паступовасьці, скачкі, адмаўленьне сыходнага моманту і адмаўленьне самога гэтага адмаўленьня, паўтор на вышэйшай аснове пэўных рысаў першапачатковага стану зьяўляюцца своеасаблівай саманаладжвальнай спружынай бесьперапыннасьці і паступовасьці разьвіцьця прыроды, грамадства, мысьленьня па ўніверсальных аб’ектыўных законах, вучыліся ўспрымаць, прымяняць іх да аналізу і пазнаньня логікі разьвіцьця і ягоных магчымых накірунках. Усё гэта было надзвычай цікава, і неўзабаве сталася, як ён і абяцаў: пачыналі спакойна, за кубачкам кавы з захапленьнем чытаць сьпецыфічную філасофскую літаратуру, якая яшчэ зусім нядаўна падавалася мудрагелістай, завумнай, незразумелай. Я дык на працягу многіх год пасьля заканчэньня вучобы выпісваў і чытаў “Философский журнал”. І яшчэ Рафаіл Рыгоравіч пастаянна раіў нам вучыцца адсарбіраваць патрэбнае для жыцьця і будучай нашай практычнай дзейнасьці, спрыяльнае для пазнаньня і павышэньня інтэлекту ад рознай непатрэбшчыны, глупства, якімі нам ўсё яшчэ працягвалі забіваюць галовы. Настойліва рэкамендаваў як можна паўней выкарыстаць час вучобы ў Маскве для знаёмства з тэатрамі, музеямі, маскоўскімі і падмаскоўнымі славутымі мясьцінамі, бо мець такую магчымасьць наўрад ці хто з нас калі-небудзь будзе... І трэба аддаць належнае арганізатарам і куратарам вучэбнага працэсу: яны стваралі для гэтага належныя ўмовы. Дэфіцытныя білеты ва ўсе лепшыя маскоў­скія тэатры і нашумелыя сьпектаклі слухачам часта было дастаць прасьцей, чым адказным работнікам апарата ЦК. Апроч абавязковых курсаў этыкі і эстэтыкі са здачай экзаменаў, функцыяваў факультатыў па праблемах літаратуры і мастацва, дзе чыталі лекцыі, праводзілі семінарскія заняткі кваліфікаваныя выкладчыкі з літаратурнага, акадэмічных інстытутаў. У школу з канцэртнымі праграмамі запрашаліся знакамітыя кампазітары і выканаўцы, якія ведалі перад кім выступаюць і выкладваліся спаўна. Асабліва запаважалі Іосіфа Кабзона, які без аніякіх фанаграм “трымаўся” на сцэне больш за чатыры гадзіны, сьпяваў усё, што яго прасілі. І ў першы, і праз год у другі раз. Праз нацыянальныя зямляцтвы запрашаліся калектывы з саюзных рэспублік, якія гастралявалі ці ўдзельнічалі ў нейкіх мерапрыемствах у Маскве. Часьцей за ўсё гэта былі калектывы этнаграфічнага кшталту, і ня ўсе з іх рабілі належнае ўражаньне на шматнацыянальную публіку. Затое галасістая беларуская прыгажунька Вольга Шутава ўчыніла літаральна фурор, якога, казалі, яшчэ ня бачыла Ленінская аўдыторыя. Асабліва, калі загучаў яе каронны “Дубочак зялёненькі”, і яе, стоячы, не адпускалі мо з паўгадзіны. І падбадзёраная доўгімі авацыямі, выкрыкамі “брава!”, “біс!” пасьля кожнага нумара сьпявала Вольга, як ніколі, натхнёна з найвялікшым душэўным уздымам, нібы адчувала, што зусім мала наканавана ёй, магчыма, кожнае выступленьне – гэта ейная лебядзіная песьня...