Выбрать главу

За сімвалічную плату альбо і зусім без яе арганізоўвалі экскурсіі па знакамітых гістарычных мясьцінах сярэдняй Расіі – Ясная Паляна, Барадзінскае поле, Яраслаўль, Суздаль, Уладзімір і г.д. Ну, а славутыя мясьціны ў блізкім Падмаскоўі – Архангельскае, Абрамцава, Сергіеў Пасад (тады Загорск) і іншыя, аб’ехалі, і ня раз, самастойна і ў выхадныя, і ў будні, калі не было цікавых лекцый: сядалі кампаніяй на электрычку ці рэйсавы аўтобус – і праз гадзіну-другую на месцы. Асабліва прыцягваў нашу кампанію Загорск, дакладней – Сергіева лаўра з мноствам старадаўніх храмаў, манастыром, духоўнай семінарыяй, адміністрацыйнымі памяшканьнямі патрыярхата. На гэтым невялічкім цесным астраўку пад рознавялікімі пазалочанымі купаламі з урачыстымі блікамі сонечных промняў было нязвыкла іншае жыцьцё, і цякло нясьпешна яно па чужых для нас законах непрымірымай ідэалогіі. Было надзвычай заманліва, цікава зблізу глянуць на незнаёмае быцьцё, якое згодна нашаму матэрыялістычнаму вучэньню параджае памылковую, непрыймальную ідэалістычную філасофію, чужую, варожую нам ідэалогію, а калі пашчасьціць, то і візуальна пабачыць ейных вядомых тэарэтыкаў і практыкаў. На курсе навуковага атэіз­му выкладчык часта спасылаўся на мітрапаліта Нікадзіма як вядучага сучаснага тэарэтыка-тэолага, аднаго з самых верагодных пратэндэнтаў на патрыяршы прэстол, сьцьвярджаючы, што клопатаў не абярэмся, калі і насамрэч будзем мець справу з гэтым маладым, энергічным, схільным мімікрыраваць ідэйным праціўнікам. Тут мы ня раз бачылі таго самага Нікадзіма – высокага, рыжабародага, заўсёды элегантнага і велічнага ў сваім раскошным аблачэньні сярод сьвіты клірыкаў у чорным. Ён адчуваў, што робіць уражаньне, і бы знарок напаказ лёгкай спружыніс­тай паходкай прахаджваўся па тэрыторыі сярод застылага ў пачцівым паклоне шматлікага люду, дзе якога шэптам перадавалася: “мітрапаліт Нікадзім”... Канешне ж, нікому з нас і ў галаву не прыходзіла ўступаць з ім у кантакт, усчынаць нейкую ідэйную дыскусію, бо апрыёры адчувалі ягоную агромістую перавагу, дый выдаваць, што слухачы ВПШ топчуцца тут, было і не з рукі, і пры адпаведнай інтэрпрэтацыі магло абярнуцца нежартоўнымі пасьледкамі. Проста цікава было пана­зіраць збоку. Ня ведаю, ад чаго ў зусім маладых летах памёр Нікадзім, але зьвестка аб ягонай сьмерці выклікала зьдзіўленьне і недаўменьне. І яшчэ была простая чалавечая цікавасьць, нейкі пратэст і адначасова спачуваньне сімпатычным хлопцам у звычайных сьвецкіх касьцюмах, якія вярталіся з гораду, прад’яўлялі дакументы манаху ў брамцы-прахадной і звыкла, пасьпешным крокам, ішлі на тэрыторыю самай антаганістычнай нашай навучальнай установе – духоўнай акадэміі. О, як карцела хоць адным вокам зірнуць, што дзеецца за гэтымі змрачнаватымі мурамі з маленькімі акенцамі, абразуміць, вярнуць да нармальнага жыцьця хлопцаў, якім затлумілі галовы папы. Але і з маладымі ў чорных сутанах студэнтамі духоўнай акадэміі, з якімі сутыкаліся і ў цэрквах, і на прылеглых тэрыторыях, і нават у музеі народных рамёстваў, уступаць у дыспут, пераконваць замінала нейкая незразумелая страхавітасьць... Але больш за ўсё вабіла, змушала раніцой у нядзельку ці на нейкае сьвята сядаць у электрычку і больш за гадзіну ехаць сюды, каб паслухаць музыку царкоўных званоў. У вялікіх і малых гарадах яны былі забаронены, званы можна было пачуць, бадай, толькі тут, і іхняя музыка падавалася нечым неверагодным, неспасьцігальным. Пагляд міжволі падымаўся ўверх, дзе залатыя купалы на фоне сіняга неба з імклівымі белымі аблачынкамі стваралі ўражаньне, што не з рознавялікіх і рознаўзроўневых званіц, а і аднекуль значна вышэй падаюць свае галасы і галасочкі званы і званочкі, і нібыта дырыжыруе імі нехта нябачны з паднябесься. І ўсе гэтыя такія розныя, непадобныя галасы і падгаласкі стваралі адну стройную, велічную, урачыста-гімнавую мелодыю амаль незямнога гучаньня. Праз нейкую хвілю-другую з’яўлялася адчуваньне, што гэтая мелодыя паволі адрывае ці то цябе, ці тваю душу ад грэшнай зямлі, ачышчае, уздымае да царкоўных купалоў з ажурнымі крыжамі, вышэй і вышэй, аж да нябёсаў... Усё гэта падавалася па той бок розуму, па-за рацыянальным мысьленьнем, адбывалася на падкоркавым, мо нават генным узроўні...