Выбрать главу

Заняткі, звычайна, праходзілі а першай палове дня, праўда, зрэдку, як выключэньне, мо раз у два месяцы на пасьля абеда прызначаліся нейкія выніковыя семі­нары, залікі ці экзамены, аднак тады першая палова дня была вольнай. Паабедаўшы тут жа ў сваёй сталоўцы самаабслугоўваньня, адпачывалі, перакурвалі і пачыналі займацца самападрыхтоўкай, па-просту кажучы, хто чым хацеў. Нехта ішоў у чыталку, паколькі ў суседа па пакоі былі нейкія зусім іншыя, далёкія ад вучобы і навукі планы, нехта нешта чытаў, усеўшыся за стол ці ў мяккае крэсла, альбо лежачы на ложку, а бальшыня дык знаходзіла нейкі іншы занятак, і перш за ўсё – як мага хутчэй асвоіць Маскву. Фарміраваліся групы і кампаніі па інтарэсах, і яны не абмяжоўваліся нацыянальнымі, вучэбна-групавымі, нават курсавымі сувязямі. Адных аб’ядноўвалі культурніцкія, другіх – гісторыка-пазнавальныя інтарэсы, трэціх яднала любоў да парылкі з бярозавым венікам, чацьвёртых – залацістае піва, пятых – больш істотныя напоі, шостых – шахматы, сёмых – прэферанс, восьмых – звычайны рабоча-сялянскі падкідны і г. д. Сёй-той ставіў задачу ўвогуле экзатычную – за два гады паймець і запісаць у сваю калекцыю ня менш за сто масквічак. Задача была зусім рэальная, паколькі з пратэндэнткамі ў такія калекцыі вялікіх праблем не было – тэлефоны ў пакоях, асабліва на пачатку навучальнага года, аж абрывалі гульлівыя жаночыя галасы. Па статыстыцы ў Маскве тады пражывала за 80 тысячаў няўцешных удавіц і разьвядзёнак у дабальзакаўскім і бальзакаўскім узросьце, гатовых хоць ночку пагрэцца ля чужога агню, і вэпэшоўскі тэлефонны камутатар, за кожным нумарам якога жылі прыстойныя, згаладнелыя па жаночай ласцы мужыкі ў самым саку, быў вядомы, карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод іх... Але ня ўсе былі калекцыянеры па натуры, ведалі, чым яно можа скончыцца, таму надоўга, часам на ўвесь тэрмін прыжываліся ля сімпатычных бяз комплексаў і аніякіх прэтэнзіяў маладзіц, пакідаючы суседу маскоўскі тэлефон на выпадак “трывогі”. І тут іншы раз здараліся сьмешныя і грэшныя гісторыі.

Часам маскоўскія пасіі пераходзілі ў спадчыну ад выпускнікоў да першакурсь­нікаў, па тым жа знаёмым тэлефонным нумары. Апошнія і не здагадваліся. Часам высьвятлялася зусім выпадкова, калі нехта прыязджаў у камандзіроўку ў сталіцу і рашаў наведацца па старых адрасах... Мусіць, пра маскоўскія спакусы ведалі ці жаночай інтуіцыяй адчувалі, бо некаторыя жонкі кідалі ўсё і ехалі разам з мужамі ў Маскву, дзе здымалі кватэрку ці пакойчык, уладкоўваліся на работу. З нашай групы такім макарам прыехала жонка Івана Какоткіна Люся, урач. Пакуль яна была на рабоце, Іван прападаў з намі, а на ноч амаль дзьве гадзіны дабіраўся на ўскраек гораду, дзе яны здымалі пакойчык.