Выбрать главу

За год-паўтара, здавалася, пасьпелі настолькі ўздоўж-упоперак асвоіць і вывучыць Маскву, што знайсьці, адкрыць нешта новае, незнаёмае, у прыватнасьці, дзе б можна добра адпачыць у выхадныя, проста ўжо немагчыма. Аж раптам даведваемся, што на тэрыторыі Ціміразеўскай акадэміі ёсьць чыстыя вадаёмы, дзе можна ня толькі пазагараць, але і добра пакупацца. А пад канец другога курсу адкрылі ўвогуле раскошнейшае месца адпачынку: сядаеш на Водным вакзале за прыймальную плату на цеплаход, які па канале праз шлюзы спускаецца да яшчэ ня надта шырокай, але чысьцюткай Волгі з цудоўнымі краявідамі, пясчаным дном і аксаміт­нымі берагамі, прышвартоўваецца да бязьлюднага берагу і ледзь ці не паўдня чакае, пакуль пасажыры накупаюцца-нагуляюцца, а ў прызначаны час склікае іх на борт густым хрыплаватым гудком. Гэта вам ня тлумны і забруджаны Сярэбраны бор, дзе і ў ваду заходзіць непрыемна! У цёплы час аздараўленьнем і адпачынкам займаліся пераважна самі, хто як можа, а зімою клопат браў на сябе прафкам. За сімвалічную плату па некалькі групаў арганізавана вывозілі ў Нагорнае – колісь камінтэраўскі, а зараз цэкоўскі прафілакторый. Летам тут жылі адказныя работнікі ЦК, якіх сьпецыяльныя аўтобусы з ранку адвозілі, а пад вечар прывозілі з работы, а ў несезоньне прафілакторый практычна пуставаў, і сюды на выхадныя завозілі групы ВПШ і Акадэміі грамадскіх навук. Тут былі надзвычай утульныя, нават раскошныя пакоі, смачна кармілі, меўся буфет з добрым наборам напояў рознай забойнай сілы. На ўсё жыцьцё запомнілася, як па-сямейнаму шчыра, весела адзначылі ў Нагорным усёй групай 38-годдзе Аляксея Камая першага красавіка...

Адпачынак адпачынкам, вольніца вольніцай, а многія, для каго не яны былі галоўнымі, не забывалі, для чаго сюды прыехалі. Адны мелі на мэце паехаць адсюль з гатовай дысертацыяй, а калі пашчасьціць, то і абараніцца, другія добрасумленна ці дзеля ўласнай цікавасьці заседжваліся ў прасторнай і зручнай “чыталцы” альбо цягалі зьвязкі кніг да сябе ў пакоі, не зважаючы на пацьвелкі пасьлядоўнікаў вядомага прынцыпу: лепш мець сіні дыплом і чырвоную морду, чым сінюю морду і чырвоны дыплом...

Можа ўзьнікнуць пытаньне: а як жа здавалі экзамены і залікі ўсе гэтыя “калекцыянеры” і “чырвонамордыя”? Па-першае, нікога не пакідалі на другі год, бо каб можна было – бальшыня гатова была б вучыцца да самай пенсіі, па-другое, у групах была дасканалейшым чынам адладжана з дубляжом і падстрахоўкамі так званая сістэма “секам” – здача па шпаргалках...

А ўвогуле разумна спалучаючы прыемнае з карысным і блізка не ўпадаючы ў нейкія мазгавыя перагрузкі і аскетызм, тут пры жаданьні можна было грунтоўна і ўсебакова заняцца самаадукацыяй, шукаць і знаходзіць, дакопвацца да самых патаемных ісьцінаў, нават калі яны схаваныя пад сям’ю замкамі. Галоўнае, што навучылі выкладчыкі, найперш Рафаіл Рыгоравіч – як і дзе шукаць гэтыя ісьціны, адсарбіраваць важнае ад малаважнага, істотнае ад неістотнага, знаходзіць, прасьледжваць прычынна-пасьледкавыя сувязі. У ВПШ была агромістая, найбагацейшая сьпецыялізаваная бібліятэка, дзе можна знайсьці практычна ўсё, пачынаючы з рарытэтаў, канчаючы найноўшымі выданьнямі па філасофіі, палітэканоміі, гісторыі, канкрэтнай эканоміцы, дзяржаве і праву, усёй іншай грамадска-палітычнай тэматыцы. Нават тое, што ў іншых бібліятэках даўно было зьнішчанае як шкоднае альбо пераведзенае ў засакрэчаныя сьпецфонды. Тут таксама меліся сьпецфонды, да якіх можна было даступіцца, не зьбіраючы шматлікія візы і рэзалюцыі, як у іншых, уключаючы Ленінку. Бібліятэка мела вельмі багатыя фонды мастацкай літаратуры, дзе можна было атрымаць тое, пра што нават цяжка было марыць. Напрыклад, часопісы 20-х – пачатку 30-х гадоў, дзе друкаваліся Булгакаў, Платонаў, Мандэльштам, практычна ўсе рэпрэсаваныя пісьменьнікі. Тут я прачытаў ня толькі вязьняў ГУЛАГу, эмігрантаў, але і забароненага Горкага, “Окоянные дни” Буніна, Аверчанку, на чыю злую сатыру пад назовам “Двенадцать ножей в спину революции” адклікнуўся сам Ленін, і шмат чаго яшчэ. Бадай, ніколі яшчэ гэтак асэнсавана і мэтанакіравана, з такім захапленьнем і натхненьнем не заглыбляўся я ў чытаньне, ня зьведваў такой радасьці пазнаньня і адкрыцьця. Часам літаральна адкрываліся вочы на шмат якія старонкі мінулага, якое падавалася афіцыйнай гісторыяграфіяй без аніякіх адценкаў, выключна ў закансерваванай, застылай чорна-белай інтэрпрэтацыі... Мусіць, мая цікавасьць, якая яўна выходзіла за межы вучэбных праграмаў, а таксама тое, куды я капаюся, дзе і што шукаю, кінулася ў вочы старэнькай, сухенькай бібліятэкарцы, пэўна, яшчэ са старых інтэлігентаў, і яна праніклася да мяне павагай, ахвотна і неяк неўпрыкмет накіроўвала маю ўвагу, падказвала, што можа зацікавіць, і тое насамрэч надзвычай захапляла мяне. Потым стала дапускаць да фондаў, на якія патрабаваўся высокі дазвол, які, звычайна, суправаджаўся насьцярожана-падазроным пытаньнем: а навошта гэта табе? А неўзабаве я заслужыў у яе такі давер, што дазваляла на вечар-два сёе-тое выносіць з чытальнай залы, узяўшы слова, што нікому ня буду казаць і паказваць...