Выбрать главу

Мікуловіч ставіўся да мяне па-бацькоўску, я адчуваў ягоную ўвагу і падтрымку, а як паставіцца да Мікуловічавых кадраў новы першы? Часьцей за ўсё новае начальства ўспрымае вельмі насьцярожана, недаверліва, нават непрыязна фаварытаў сваіх папярэднікаў. І неўзабаве пачаліся кадравыя перамены, найважнейшай і найнепрыемнейшай сярод якіх для нас з Жэнем Рабко было прызначэньне сакратара па ідэалогіі Ульяновіча першым намесьнікам міністра культуры і прыход на ягонае месца нікому невядомай Емяльянавай з кафедры грамадскіх навук медінстытуту. А для мяне дык увогуле мала прыемнага абяцала ўзвышэньне ў другія сакратары абкаму Кабяка, які, натуральна, стаў найпершым дарадчыкам і найбліжэйшым паплечнікам новага першага. Кабяк даўно меў на мяне зуб, яшчэ калі я быў загадчыкам сектару друку і ў тэматычным аглядзе раённых газетаў шчыра выказаўся пра ягонае, першага сакратара Лідскага гаркаму, дубаватае выступленьне ў сваёй раёнцы. Там жа была куды больш вострая крытыка кіруючых выступленьняў з іншых раёнаў, але ніхто і ня думаў крыўдаваць, затойваць нейкую злобу... Кабяк аж сьвяціўся ад радасьці на пленуме, дзе здымалі Мікуловіча і прызначалі Кляцкова – пэўна ж, ужо ведаў, што ідзе другім абкаму. Выпадкова сутыкнуўшыся са мной у вестыбюлі, пагардліва бліснуў вачыма, не паздароўкаўшыся... Я нічога ня маю супраць Кабяка, нават рады за яго, як земляка-гарадзенца: узначаліўшы Віцебскую вобласьць, Сяргей Цярэнцьевіч пакінуў там добры сьлед і добрую памяць пра сябе. Што ж, часам мудрасьць прыходзіць разам з узваленай на плечы высокай адказнасьцю першай асобы, а магчыма, не прайшла марна, дала плён вучоба ў мудрага Леаніда Герасімавіча Кляцкова...

Нарэшце, і нас паклікалі ў ЦК КПСС і паведамілі, якая на каго паступіла заяўка. У адрозьненьне ад іншых, нашым беларусам, якія ледзь ці ня ўсе цягнулі на чырвоныя дыпломы, нейкіх салідных прапановаў не паступіла – на адну прыступку вышэй, і ня болей. Аднаму Аляксею Камаю прапаноўвалася больш-менш салідная пасада сакратара абкаму партыі па сельскай гаспадарцы, што, калі на тое пайшло, нармальнае, але і не такое ўжо вялікае павышэньне для першага сакратара райкаму. Жэні Рабко давалі пасаду другога сакратара райкаму, а мне – начальніка ўпраўленьня паліграфіі і выдавецтваў аблвыканкаму, і гэтая перадпенсійная сінекура выклікала лёгкае недаўменьне ў загадчыка сектару ўліку кадраў ЦК. Я, шчыра кажучы, гэтаксама быў не ў захапленьні, але што мог сказаць? Дый што чакаць ад новага кіраўніцтва, якое мяне зусім ня ведае? Думаю, гэта часовы варыянт, заўважыў загадчык сектару, і я пагадзіўся, сказаўшы няпэўна: абкаму відней...

Па атрыманьні заявак стаў перабудоўвацца і вучэбны працэс – паглыблялася сьпецыялізацыя. Мелася быць традыцыйная месячная практыка ў розных рэгіёнах краіны, якая часьцей за ўсё прывязвалася да канкрэтных планаў ЦК КПСС, Вярхоўнага Савету і Савету Міністваў па вывучэньні нейкіх пытаньняў – праверцы, падрыхтоўцы дакументаў і абмеркаваньні на вызначаным узроўні. Слухачы-практыканты ў залежнасьці ад аператыўнасьці падрыхтоўкі і важнасьці праблемы альбо ўключаліся ў сфарміраваныя групы, альбо працавалі самастойна на вызначанай тэрыторыі, а потым прадстаўлялі абагульнены матэрыял. Сьпецыялізацыя і практыка праходзіла па трох напрамках: партыйная, савецкая, грамадская і гаспадарча-распарадчая работа – у адпаведнасьці з заяўкамі абкамаў. Ствараліся групы па 8-10 чалавек. Мы з напарнікам па пакоі Сабітам Валіевым, якога заявілі на старшыню райвыканкаму, патрапілі, натуральна, у тую ж савецкую плынь, больш таго – у адной групе разам паехалі на месяц вывучаць партыйнае кіраўніцтва Саветамі ў Пскоўскую вобласьць. Нашым куратарам быў малады выкладчык па прозьвішчы Жылінскі родам з Рыгі, куды адразу ж арганізаваў незабывальную трохдзённую паездку-экскурсію, зрабіўшы невялікага кругаля з Масквы. Пры ягонай апецы спыніліся ў інтэрнаце мясцовай партыйнай школы, пабылі і паглядзелі ледзь ці ня ўсе найбольш славутыя мясьціны і куточкі старой Рыгі і, канешне ж, не маглі не паслухаць музыку ў знакамітым Домскім саборы, ды абмінуць сусьветна вядомую Юрмалу, якую першы і апошні раз бачыў напрадвесьні бязьлюдную, як і неласкавы, прадзьмуты холадам затокі, засланы выкінутымі штормам крыгамі пляж. Праехалі на рафіку з прыпынкамі ў славутых ці проста прыгожых мясьцінах праз усю Латвію, частку Эстоніі, і куратар здаў нас пад апеку абкаму партыі, прызначыўшы мяне за старшага групы, а сам вярнуўся ў Рыгу. Дамовіліся пасьля практыкі дабі­рацца ў Маскву самастойна і там сустрэцца...

У Пскоўскім абкаме партыі прынялі нас за немаведама якое начальства. Напачатку мы ад непамернай увагі пачувалі сябе ніякавата, бянтэжыліся, але як даведаліся, што апошнім самым вялікім начальнікам, які чатыры гады назад наведаў Пскоў, быў інструктар ЦК, перасталі зьдзіўляцца. Адразу ж нас гасьцінна і нефармальна прыняў даволі малады, прадстаўнічы першы сакратар абкаму, які коратка, стрымана, нават прэснавата расказаў пра вобласьць, пасьля чаго засыпалі яго пытаньнямі. Мяне дык вельмі ўразіла, што першы не валодае самымі элементарнымі эканамічнымі паказчыкамі, як ураджайнасьць, вытворчасьць малака, мяса, рэнтабельнасьць і г.д., і, каб адказаць, пачынаў удакладняць па тэлефоне – у нас у Беларусі такога ўявіць сабе немагчыма, кіраўніка гэткага рангу Машэраў і дня не трымаў бы... На заканчэньне амаль двухгадзіннай гаворкі гаспадар запытаў, што б мы, апроч праверкі работы Саветаў у Вялікіх Луках, хацелі пабачыць у Пскове і вобласьці. На правах старшага групы я сьціпла сказаў: усе мы ўпершыню ў Пскове і з найвялік­шай удзячнасьцю прымем усё, што гасьцінныя гаспадары палічаць патрэбным паказаць, выказаў толькі адно жаданьне – наведаць Пушкінскія горы. Першы даручыў сакратару па ідэалогіі скласьці для нас насычаную культурна-пазнавальную праграму, паведаміў, што апякаць нас будуць прысутныя тут загадчык аргапартаддзелу і намесьнік старшыні аблвыканкаму, даручыў забясьпечыць нам усе ўмовы і для плённай работы і зьмястоўнага культурнага адпачынку. Мы шчыра падзякавалі, а потым дзён дзесяць з ранку да вечара ў суправаджэньні дасьведчаных гідаў наведвалі гістарычныя мясьціны і славутасьці, на якія вельмі багаты старажытны Пскоў, а таксама культурніцкія ўстановы, прамысловыя прадпрыемствы, і нарэшце, на двух “Волгах” у суправаджэньні інструктара абкаму накіраваліся ў Пуш­кінскія горы. На мяжы раёну з кветкамі сустрэла першы сакратар райкаму, выхаванка ВПШ, якая пакінула Мітронаўскую слабаду ў той год, як мы паступілі. Сустрэліся як родныя, засядзеліся ў “грэчаскай зале” рэстарана за ўспамінамі і чаркай, знаходзячы агульных знаёмых, якім абяцалі прывезьці ейныя прывітаньні. Словам, прабылі-прагасьцявалі ня дзень, як планавалася, а ледзь ці ня тры. З добрай, ад­крытай душою яна хацела паказаць нам як мага болей, пазнаёміла з легендарным арганізатарам і захоўнікам мемарыяльнага Пушкінскага музею-запаведніка Гейчанкам, чалавекам, які сваё жыцьцё прысьвяціў Пушкіну, ведаў пра паэта ўсё. Ён быў таленавіцейшы апавядальнік, і правёў ня проста захапляльную экскурсію, а адкрыў нам вочы на Пушкіна. На разьвітаньне падпісаў і падарыў кожнаму з нас сваю кніжку пра Пушкіна і Пушкінскія горы...