Выбрать главу

Пасьля вяртаньня ў Пскоў нам арганізавалі яшчэ адну незабыўную пазнавальную паездку-экскурсію пад апекай абласнога ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў у Сьвята-Усьпенскі манастыр у гарадку Пячоры непадалёк ад Пскова. Тэрыторыя манастыра з усімі пабудовамі і старадаўняй сьцяной вузкай паласой пад невялікім нахілам з паваротам налева расьцягнуўся па нізіне, заціснутай пагоркамі – не інакш дне яру. Дарога ад галоўнага храма ўніз высыпаная чырвоным гравіем, як напамі­нак аб візіце Івана Грознага з апрычнікамі, які сек галовы манахаў і кроў сьцякала па схіле ўніз. Але цікавай была ня столькі гісторыя старажытнага манастыра, «жыціе-быціе» ягоных цяперашніх насельнікаў, колькі тутэйшыя ўнікальныя пячоры. Падавалася нейкай містыкай, не хацелася даваць веры, што ў манастырскіх складах на схілах пагоркаў практычна ня кісьне малако, не псуецца мяса, а ў шматкіламетровых пячорах, дзе заўжды трымаецца пастаянная тэмпература плюс пяць градусаў, месяцамі ня вянуць кветкі, пры адсутнасьці ўсялякай вентыляцыі не чуваць ніякіх пахаў, дыхаецца лёгка, а пахаваныя ў сьценах нябожчыкі не падвяргаюцца тлену. Потым містыка трохі разьвеялася, калі даведаліся, што манастыр у Пячорах не выключэньне, на Пскоўшчыне ёсьць і іншыя мясьціны, дзе зямля, пераважна карычневатыя пясчанікі, мае падобныя ўласьцівасьці. У Вялікіх Луках нам расказвалі, што пры перазахаваньні Аляксандра Матросава з памерлай ужо вёскі Чарнушкі да ўзьведзенага грандыёзнага помніка-мемарыялу яму ў гарадскім парку, высьветлілася: больш за пятнаццаць гадоў герой ляжаў нібыта толькі што пахаваны, сатлела, хіба, трохі гімнасьцёрка на ранах...

Паездка ў Пячоры і наведаньне манастыра былі апошнім больш чым дзесяці­дзённым культурным мерапрыемствам у Пскове, і назаўтра мы накіраваліся вывучаць партыйнае кіраўніцтва Саветамі ў Вялікіх Луках, якія, здаецца, на пачатку шасьцідзясятых гадоў згубілі статус абласнога цэнтра. Вялікія Лукі ў мяне асацыяваліся з тысячамі жабракоў-бежанцаў, што хлынулі ў нашыя краі ў галодныя пасьляваенныя гады, і ў бальшыні сваёй называлі сябе вялікалуцкімі. І праз столькі гадоў кідалася ў вочы паўсюдная беднасьць і запушчанасьць. Занядбаныя вёскі, шмат дзе са скасабочанымі, зарослымі мохам саламянымі стрэхамі, дробнаконтурныя, з актыўным наступам хмызьнякоў палі, і нідзе ніякага звычайнага перадвеснавога ажыўленьня, руху, калі на палі вывозяцца арганічныя ўгнаеньні, па дарогах шныраюць трактары, грузавікі. І за ўсім гэтым – рэдкай прыгажосьці краявіды з азёрамі і азёркамі, рэчачкамі, барамі і гаямі.