Выбрать главу

Работа ў рэдакцыі пачыналася а дванаццатай гадзіне, а гарадзенскі цягнік прыбываў раненька, і Генадзь прыйшоў раней, каб ніхто не замінаў пагаварыць. Мы неяк адразу сышліся, знайшлося сто тэмаў для зацікаўленай гамонкі. Неўзабаве яму пазванілі і запрасілі на нейкую тэрміновую нараду. Генадзь прабачыўся і па­прасіў дачакацца яго, а зробленыя алоўкам ягоныя праўкі і заўвагі зьняць разам з Алесем Масарэнкам, які стаў працаваць у “Маладосьці” замест Дамашэвіча. Алесь узяў справу ў свае рукі, з імпэтам пачаў правіць ня толькі мой тэкст, але і рэдактаравы папраўкі, сьціраючы іх гумкай. Я з жахам назіраў, што ад напісанага мною амаль нічога не застаецца, спрабаваў нясьмела пярэчыць, пратэставаць, але Алесь быў няўмольны. Нарэшце, зьявіўся Бураўкін, глянуў, усё зразумеў, забраў рукапіс і мы пайшлі да яго ў кабінет, дзе ён аддаў рукапіс мне: паглядзі ўважліва ў спакойнай абстаноўцы дома, з чым пагодзішся – папраў, з чым не – вытры гумкай, калі ня згодзен з праўкамі Масарэнкі – аднаві, перадрукуй “брудныя” старонкі, дзе больш за тры папраўкі ад рукі (тэхнічныя нарматывы выдавецтва) і гатовы чысты рукапіс дашлі мне асабіста...

Да таго, як пазнаёміцца, Генадзь, канешне, ведаў пра маё існаваньне, а я яго – дык, бадай, з першых публікацыяў у рэспубліканскім друку, з ягонай першай паэтычнай кніжачкі “Майская просінь”. У Бураўкіна вельмі пазнавальная зьнешнасьць, і аднойчы ледзь ці ня нос у нос мы выпадкова сутыкнуліся ў Маскве, а падысьці, загаварыць у мяне не хапіла духу. Потым колькі разоў таксама выпадкова бачыў у Гародні, калі ён прыязджаў па справах “Правды”. Я ня ведаў, што яны ў добрай дружбе з Быкавым, і неяк не надарылася, каб Васіль Уладзіміравіч пазнаёміў нас. І вось, нарэшце, мы пазналіся. І не адзін з нас тады і не здагадваўся, што гэтаму па-сутнасьці дзелавому знаёмству наканавана стаць пачаткам нашага доўгага паралельнага службовага курсу, перарасьці з цягам часу ў шчырую мужчынскую дружбу і сяброўства на многія дзесяцігоддзі...

Тым часам я заняў свой былы маленькі кабінецік намесьніка загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі, з раніцы да вечару займаўся службовымі справамі, а потым да дзьвюх-трох гадзінаў ночы сядзеў за пачатай новай аповесьцю “Адчай” альбо па просьбе Аляксандра Раманава похапкам пісаў нешта для “Вожыка”, каб не перапыняць з часопісам добрыя творчыя стасункі. Калі не было імпэту пісаць – браўся чытаць што-небудзь з класікі ці нешта новае з літаратурна-мастацкай перыёдыкі, і ня проста чытаць, а ўчытвацца, як кажуць, спрабаваць на зуб ледзь ці ня кожную фразу, прыглядвацца, як вопытныя аўтары абыходзяцца з сюжэтам, якімі мастацкімі сродкамі дамагаюцца выразнасьці, зьнешняй і псіхалагічнай дакладнасьці характару і ўчынкаў сваіх персанажаў. Толькі зараз у поўнай меры стаў разумець сэнс рэкамендацыяў літкансультантаў вучыцца ў класікаў, вучыцца на лепшых узорах сучаснай літаратуры. І я пісаў і вучыўся, вучыўся і пісаў...