Выбрать главу

Васіль Быкаў быў першым чытачом і крытыкам. Аповесьць яму спадабалася, але выказаў вялікі песімізм: нягледзячы на ўсе твае хітрыкі і намаганьні ўраўнаважыць белае і чорнае, вельмі і вельмі сумняваюся, што дазволяць партыйнага функ­цыянера такога рангу маляваць чорнай фарбай, бо такога яшчэ не было. Тады мы і паспрачаліся з ім наконт цэнзуры, а неўзабаве я быў пасаромлены...

Васіль Уладзіміравіч зрабіў на палях рукапісу шмат вельмі карысных заўвагаў, якія я ўлічыў разам з выяўленымі самім пры другім уважлівым чытаньні, калі рукапіс “адляжаўся”, а сам трохі “адышоў” ад напісанага. Як і першую, з блаславеньня Быкава паслаў у “Маладосць”. І яшчэ ён падказаў зрабіць расклейку часопіса з першай аповесьцю, прыкласьці які-небудзь машынапісны экземпляр другой і паслаць заяўку ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” на выданьне кнігі, “забіўшы” такім чынам пазіцыю ў іхніх планах, якія фарміруюцца і вярстаюцца за два гады наперад.

Адаслаўшы чысьценька перадрукаваную аповесьць у “Маладосць”, рашыў зрабіць нейкі перапынак, каб спакойна пачытаць чужое, асэнсаваць, агледзець з усіх бакоў новую задумку, аднак ужо настолькі прызвычаіўся да цяжкіх, разам з тым прыемных штовечаровых творчых пакутаў за пісьмовым сталом, што пачуваў у сабе нейкую пустэчу, нейкае карценьне, нібыта нечага не хапае, настолькі ўвайшоў-уцягнуўся ў звыклы распарадак, што ўсё роўна ня мог заснуць да трох гадзінаў ночы. Неяк раптоўна зьявіўся просьценькі сюжэт ці то вялікага апавяданьня, ці то невялічкай аповесьці на вечную тэму – выпрабаваньне каханьнем. Без усялякага начальства, службовых інтрыгаў, без неабходнасьці ўзважваць “на праходнасьць” ледзь ці ня кожны ўчынак персанажаў, ледзь ці ня кожны паварот дзеяньня, пры гэтым суадносіць, максімальна збліжаць іх з логікай жыцьця, логікай разьвіцьця, псіхалогіяй характараў, што давалася з такой кровёю ў “Адчаі”. “Вясельле ў Беражках” напісалася на адным дыханьні, літаральна за нейкі месяц ці мо трохі больш. Напісанае перш за ўсё “апрабаваў” на жонцы, якая заўсёды была вельмі прыдзірлівым крытыкам усяго, што я пісаў. Употай назіраў, як яна чытае, час ад часу выціраючы сьлёзы, і пераконваўся – якраз тое, што трэба для чытача. Аповесьць вельмі пахваліў Васіль Быкаў, адзначыўшы вялікі прагрэс у майстэрстве, прапанаваў думаць і пакрысе афармляць дакументы для паступленьня ў Саюз пісьменьнікаў, разьлічваць на ягоную рэкамендацыю. Я сьціпла заўважыў, што пра гэта будзе час падумаць – хай выйдзе кніжка, а мо і другая, і ён пагадзіўся: мо і праўда, членства ў Саюзе пісаць не навучыць...