Выбрать главу

Чамусьці атрымліваецца, што ў круглыя мае даты адбываюцца нейкія важныя, часам нават лёсавызначальныя падзеі, якія пакідаюць сьлед альбо робяць круты паварот у маім жыцьці. Выразна запомніўся 1948 год, калі яшчэ ня ведаў ні рыфмы, ні правілаў вершаскладаньня, напісаў свой першы наіўны і бездапаможны, але надзвычай крамольны верш. Ня памятаю з рыфмай ці бяз рыфмы апавядаў, як пускаю ў вясновыя ручаінкі папяровыя караблікі, і яны даплывуць да рова, а з рова па Спушанцы, Котры да Нёмана, па Нёмане – да сіняга мора, пераплывуць на той бераг і раскажуць, што жыве тут Сталін-зьвер. Свой “твор” не паказаў нікому, схаваў у гумне пад падрубу, дзе паперчыну струшчылі мышы. Потым гады два нічога не пісаў, але то быў, пэўна, першы падсьвядомы покліч да творчасьці. 1958 год стаўся літаральна пераломным у маім армейскім і, вядома, ня толькі армейскім жыцьці, калі на валаску вісела: альбо трыбунал за ўзброены напад на камандзіра, альбо нейкае амаль нерэальнае выратаваньне, пра што амаль з дакументальнай дакладнасьцю напісаў пазьней у аповесьці “Вяртаньне на Саарэмаа”. А 1968 год крута павярнуў маю журналісцкую біяграфію – нечакана і неспадзявана патрапіў на партыйную работу, думаў на які год-два, а яна ўсё доўжылася і доўжылася. Нешта мусіла адбыцца і ў чарговы юбілейны 1978 год. Яно і насамрэч адбылося, якраз напярэдадні саракагоддзя...

Пад канец лета наш цэкоўскі санаторый “Місхор” у Крыме, звычайна, нагадваў сход рэспубліканскага партыйна-гаспадарчага актыву. Хто ў люксе-бункеры з усімі дамачадцамі, хто ўдвух з жонкай ці мужам, але больш уадзіночкі. Тут завязваліся ці ўмацоўваліся прыяцельскія стасункі, у неафіцыйных, нефармальных абставінах на прагулцы, на пляжы ці за чаркай у нечыяй палаце рашаліся важныя службовыя пытаньні, прызначэньні, вылучэньні, на выхадзе са сталоўкі можна было даведацца самыя сьвежыя навіны з Беларусі, у тым ліку і тыя, што яшчэ павінны адбыцца. У першы ж дзень прыезду на вялікае зьдзіўленьне даведаўся, што мяне пераводзяць у ЦК, і нават прычыну гэтага пераводу: нібыта з пашырэньнем зоны ўпэўненага прыёму тэлебачаньне стала іграць першую скрыпку сярод сродкаў ідэалагічнага ўзьдзеяньня на масы, таму пачалося ягонае кадравае ўмацаваньне – дырэктарам праграмаў нядаўна кінулі аднаго з намесьнікаў Паўлава Каваленку, а старшынём Дзяржтэлерадыё толькі што прызначаны вядомы паэт, галоўны рэдактар “Маладосці”, былы ўласны карэспандэнт “Правды” па Беларусі Генадзь Бураўкін, перад якім пастаўлена задача карэнным чынам павысіць ідэйны і творчы ўзровень тэлеперадачаў. У зьвязку з гэтым узьнікла партэба мець у ЦК куратарам тэлерадыё чалавека творчага і адначасова вопытнага партыйнага работніка, кампетэнтнага ў пытаньнях тэлебачаньня, радыё, літаратуры і мастацтва. Лепшай за маю кандыдатуру, быццам бы не знайшлі...

Усё гэта нібыта і было падобна на праўду, але я ня надта даваў веры, каб прымаць усур’ёз – колькі гэтакай інфармацыі так і застаецца на ўзроўні плётак-пагалосак!.. Апроч усяго, шчыра кажучы, яшчэ ня ведаў, ці хачу, ці варта пераязджаць у Менск. Праз колькі дзён у Місхор прыехаў Міхаіл Вырвіч, інструктар аддзелу прапаганды ЦК, з якім мы даўно добра зналіся як журналісты, і адразу ж сталі бавіць час у адной кампаніі. Ён прывёз сякую-такую цікавую для мяне канфідэцыйную інфармацыю аб перамовах Паўлава і Кузьміна з Емяльянавай і Кляцковым аб маім пераводзе ў Менск, нібыта дайшло да Машэрава, які сказаў: як сам вырашыць – так і будзе. Міхаіл па-сяброўску параіў добра падумаць, перш, чым прыняць рашэньне. У мяне склаліся даверлівыя, нават прыяцельскія стасункі са многімі работнікамі аддзелу прапаганды, і быў добра наслуханы пра цяжкі характар Паўлава, хоць мае асабістыя сустрэчы і гаворкі з ім пакінулі вельмі прыстойнае ўражаньне аб ім, перш за ўсё як аб чалавеку дзелавым, рашучым. У час прагулак тэт-а-тэт Міхаіл прыадкрыў мне шмат якія таямніцы аддзельскага “мадрыдскага двара” і я падумаў: насамрэч варта агледзецца і ня лезьці на скрут галавы...