Выбрать главу

Тыдзень адпачынку, што яшчэ заставаўся пасьля санаторыю, я намерыўся правесьці дома ў вёсцы – калі пройдуць дажджы, то патраплю на самыя грыбы, а лепшага адпачынку для душы, чым пахадзіць з кашом па запаведных баравіковых мясьцінах, ніколі для мяне не існавала і не існуе. Ды, як кажуць, не загадвай наперад. Не пасьпеў вярнуцца з Місхору, як паступіла каманда – тэрмінова быць у ЦК, у Паўлава. Еўдакія Яфімаўна Емяльянава расказала пра перамовы наконт мяне з Паўлавым і Кузьміным. Амаль нічога новага яна не паведаміла, апроч службовай персьпектывы, якая чакае мяне, калі адмоўлюся і застануся ў Гародні: праз год-два – пасада загадчыка аддзелу, а праз нейкі час з ейным выхадам на пенсію – сакратарская. Першае, канешне ж, магло быць рэальным, а другое – чыстай вады фантастыка: ніхто не дапусьціць дээмансіпацыю ідэалагічных кадраў. Але самае галоўнае – партыйна-чыноўная кар’ера мяне зусім перастала цікавіць, задавальняла цалкам цяперашняя пасада, якая добра сумяшчалася з літаратурнай працай, таму зьяз­джаць з Гародні, дзе так хораша пішацца-працуецца не хацелася. Але спакваля даймалі і іншыя: а чаму гэтак жа хораша пісацца-працавацца не павінна ў Менску? Там літаратурны асяродак, там усе выданьні, у рэшце рэшт туды толькі што перабраўся Быкаў, пачувае сябе някепска. І яшчэ вельмі цікавым, заманлівым падаваўся тэлерадыётандэм з няўрымсьлівым рупліўцам беларусчыны Генадзем Бураўкіным, з кім пасьпеў добра падружыцца... Адно насьцярожвала, палохала – невядома, як з маім характарам складуцца стасункі з Паўлавым. Але супакойваў сябе: а што Паўлаў! Атрымаю кватэру ў Менску, а там – што будзе то будзе... У рэшце рэшт, калі наскочыць каса на камень, – плюнуць на ўсё ды падацца ў якую-небудзь газету ці часопіс. А куды ў Гародні падасіся, калі надыйдзе час разьвітвацца з абкамам...

Ехаў у ЦК начным гарадзенскім цягніком, канчаткова і адназначна не вырашыўшы для сябе: згаджацца ці адмаўляцца. Як кажуць, і хочацца, і колецца, і мамка не дазваляе. Цягнік прыбываў у Менск раненька, і ўжо да дзевяці я быў у прыёмнай загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК Савелія (за вочы ўсе звалі яго Саўкам) Яфімавіча Паўлава. Сакратарка падміргнула з разуменьнем: што, у нашым палку прыбыло? І без усялякіх удакладненьняў прапусьціла ў шэфаў кабінет. Масіўная фігура Паўлава аж выпраменьвала прыязнасьць, зычлівасьць, дэмакратычнасьць, і я зноў засумняваўся, што ўсё чутае пра ягонае самадурства, праўда. Ён адразу ж адклаў убок сьвежыя газеты, стоячы павітаўся, і калі я сеў ля прыстаўнога століка, пачаў без усялякага ўступу, ледзь ці не па-сяброўску:

– Я вельмі хачу, каб вы згадзіліся і прыйшлі ў аддзел...

Словам, неўзабаве мы былі разам паверхам вышэй у сакратара па ідэалогіі Кузьміна, якога ня раз слухаў на розных нарадах, семінарах. У ягоным кабінеце, зрабіў для сябе адкрыцьцё: аказваецца, ён надзвычай цікавы, разумны, уважлівы суразмоўца. Кузьмін літаральна зачараваў і сваёй простасьцю, даступнасьцю, і жывымі, маладымі, дапытлівымі з лёгкай хітрынкай вачамі, і ўменьнем слухаць суразмоўцу, і незвычайнай мяккай тактоўнасьцю.

Тады я і не здагадваўся, якую ролю адыграе гэты чалавек у маім лёсе...

Належала яшчэ пабыць на гаворцы ў загадчыка аддзелу аргпартработы Якушава, другога сакратара ЦК Аксёнава і, нарэшце, заручыўшыся іхнімі візамі, ісьці да самога Машэрава. Да Якушава і Аксёнава мусіў суправаджаць па рангу хто-небудзь з намесьнікаў Паўлава, аднак на гэты даволі фармальны абавязак ня надта зважалі і суправаджаць з дакументамі ў папачцы даручылі інструктару Міхаілу Вырвічу. Да Машэрава, канешне ж, мусіў весьці як мінімум сам Паўлаў. Аднак адбывалася ўсё чамусьці не ў планавы кадравы дзень, калі гутаркі з вылучэнцамі праходзяць першым чынам у начальства, таму прыёму ў Аксёнава давялося чакаць ледзь ці не да самага вечару. З Аксёнавым да гэтага давялося дзіўным чынам двойчы сутыкацца ў жыцьці, хоць пра тое ён, канешне ж, ня мог і здагадвацца. Першы раз, здаецца, у пятым ці шостым класе ў нашай вясковай бібліятэцы, калі нейкі прыезджы дзядзька дужа зьдзівіўся, што я прынёс здаваць “Железный поток” Серафімовіча, які прачытаць мне парэкамендаваў прыблудны сусед-грамацей Ягор Ціханаў. Незнаёмец тут жа ўчыніў мне экзамен па прачытанай кнізе і, пераканаўшыся, што насамрэч прачытаў і ўсё зразумеў, вельмі пахваліў. Ад бібліятэкаркі потым даведаўся, што гэта быў сакратар абкаму камсамолу Аксёнаў. А праз нейкіх пяць гадоў ён падпісваў мне, маладому супрацоўніку шчучынскай раёнкі, пуцёўку на Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве, вядома ж, і не здагадваючыся, што перад ім той самы вясковы хлапчучок, які ў пятым класе асіліў “Железный поток”. Канешне ж, і зараз ён ня мог здагадвацца, а нагадваць пра тое ў гэтых варунках з майго боку было б крайняй бестактоўнасьцю. На гэты раз Аксёнаў, палымяныя прамовы якога я ня раз слухаў з захапленьнем, расчараваў, пакінуў непрыемны астой на душы, хоць гаварыў мне правільныя і разумныя рэчы, асабліва, калі стаў даваць характарыстыку з надзвычай высокімі ацэнкамі Генадзю Бураўкіну, які, на ягоную думку, унікальна і шчасьліва спалучае ў сабе паэтычны дар, высокія маральныя, чалавечыя якасьці, усебаковы інтэлект і выдатныя арганізатарскія здольнасьці аналітыка і палітыка буйнога маштабу, што надзвычай рэдка сустракаецца ў творчым асяроддзі. З гэтым я быў цалкам згодзен, як і з тым, што неабходна нам з ім працаваць у поўным паразуменьні і адным тандэме, дапамагаючы яму і аберагаючы ад розных зласьліўцаў, зайздросьнікаў, непрызнаных геніяў, якіх аж занадта сярод творчага люду.