Выбрать главу

Ад’езд у Менск супаў з маім саракагоддзем, і гэтыя дзьве падзеі адзначылі разам, у адзін прысяд. Гарадзенскія калегі падарылі мне на той час шыкоўны транзістарны радыёпрыёмнік рыжскай вытворчасьці, які спраўна служыць па сёньняшні дзень, і акуратна выгравіраваны цёплы надпіс на нікіліраванай аблямовачцы сагравае душу, выклікаючы добрыя і ўдзячныя ўспаміны і аб працы ў Гарадзенскім абкаме на Замкавай гары, і аб сябрах-таварышах, шмат каго з якіх ужо, як і самога абкаму, няма на гэтым сьвеце...

Разьвіталіся шчыра, у шумным сяброўскім застольлі, хоць яшчэ амаль два гады быў павязаны з Гародняй, пакуль там заставалася сям’я – чакалі і, каб сын Сяргей закончыў на месцы дзесяцігодку, і здачы цэкоўскага дому па Пуліхава, каб атрымаць кватэру ў новым доме. Можна было і чакаць, маючы ладную страху над галавой у цэкоўскім інтэрнаце, празванага начлежкай. “Начлежка” была зусім побач – на спуску вуліцы Карла Маркса да Янкі Купалы ў квартале старых дамоў, пабудаваных яшчэ палоннымі немцамі, уяўляла сабой прасторную пяціпакаёвую двухузроўневую кватэру з асобным уваходам са двара. На першым паверсе, дзе была кухня, ванная, душ, туалет, у трох пакоях маглі пражываць па два-тры чалавекі, а на другім былі два аднамесныя пакойчыкі, адзін з якіх займаў галоўурач лечкамісіі Мікалай Міхайлавіч Макарэвіч з маладзенькай мілай і сімпатычнай жонкай Валечкай і маленькім сынам, другі – дастаўся мне, каму належала глядзець тэлевізар ня дзеля свайго задавальненьня, а ў сілу службовых абавязкаў. Хто больш, хто менш, але праз “начлежку” праходзілі ледзь ці ня ўсе работнікі ЦК, прызваныя ў Менск з перыферыі. Іншы раз яна амаль пуставала, іншы раз не было ніводнага месца, і тады некаму даводзілася перабівацца ў тлумным інтэрнаце ВПШ. Але гэта ня надта хвалявала часова бяздомных адказных работнікаў, паколькі кожны меў права на мэбліраваную аднапакаёўку з невялічкай куханькай і ўсімі іншымі камунальнымі выгодамі ды некалькімі соткамі для саду і градак за горадам у Атоліне, дзе быў прафілакторый ЦК. З раньняй вясны да позьняй восені сюды спачатку зусім бясплатна, а потым за сімвалічную плату курсіравалі цэкоўскія аўтобусы, пад вечар адвозячы, а раніцай дастаўляючы насельнікаў прафілакторыя і іхніх сямейнікаў у горад на работу. Летам рэдка хто заставаўся ў душным горадзе.

Ніякіх складанасьцяў у пераходзе на цэкоўскі рэжым работы не было – тая ж, што і ў абкаме, чыноўніцкая служба, толькі звужаная па службовых абавязках і адказнасьці да дыяпазону дзейнасьці Дзяржтэлерадыё. Гэта і лепш, што гранічна вызначана парафія, але паколькі тэлебачаньне і радыё займаюцца літаральна ўсім сьпектарам сацыяльна-эканамічнага, культурніцка-ідэалагічнага жыцьця грамадства, значыць, немагчыма было абмяжоўвацца нейкімі ведамаснымі рамкамі, вузкай сьпецыялізацыяй, і гэта таксама было добра. Кінулася ў вочы, што ў адрозьненьне ад абкаму ў калідорах ЦК надаецца куды большае значэньне розным субардынацыйным умоўнасьцям, ад чаго стасункі між работнікамі рознага ўзроўню і розных аддзелаў больш складаныя, чым у абкаме, зафармалізаваныя, ім часта нестае шчырасьці, непасрэднасьці, звычайнай чалавечай цеплыні і ўзаемавыручкі. Магчыма, мне, правінцыялу, гэта толькі напачатку падавалася, бо потым тое перастала заўважацца – ці то першае ўражаньне было памылковым, ці то чалавеку дадзена да ўсяго прызвычайвацца. Асабліва збліжала, ледзь ці не радніла жыцьцё-быцьцё ў Атоліне – і клопатамі на градках, і лазьняй па суботах, і рыбалкай на сажалках, і спаборніцтвамі на спартыўнай пляцоўцы, шахматнымі турнірамі, лыжнымі кросамі зімою, і, чаго ўтойваць, застольлямі па інтарэсах... Практычна з усімі работнікамі свайго аддзелу я быў знаёмы яшчэ з Гародні, а з некаторымі, як Коля Шоба, Міша Вырвіч, Міхал Дубянецкі, Міхась Парахневіч, якога больш чым каго еў поедам Паўлаў, аж пакуль ня выжыў у “Вячэрні Мінск”, і таго раней. Са многімі з іх меў прыяцельскія, мо нават сяброўскія стасункі. Ну і, канешне ж, наш гарадзенскі Мікола Жылінскі, які пасьля Мітронаўскай слабады асеў у сектары друку. У аддзеле аргпартработы працаваў мой паплечнік па мітронаўцы Жэня Рабко, а трохі пазьней і Валянцін Жвалеўскі, які ў свой час зьмяніў мяне ў абкаме на пасадзе загадчыка сектару, а потым з намесьніка рэдактара “Гродненской правды” падаўся па маіх сьлядах у Маскву.