Выбрать главу

Неяк адразу ж сышліся з непасрэдным шэфам Васілём Аляксандравічам Каленчыцам, былым рэдактарам брэсцкай абласной “Зари”, якога спачатку прызначылі загадчыкам сектару газетаў, часопісаў, выдавецтваў, а потым – намесьнікам загадчыка аддзелу. Ён ня надта трымаў нейкую службова-паказную дыстанцыю з падначаленымі, быў просты, адкрыты, непасрэдны, аўтарытэтны ў журналісцкім асяроддзі, са сваёй пазіцыяй, якую без аглядкі, часам ня надта цырымонячыся і зважаю­чы на пасады, мог выказаць кожнаму. Ён ведаў сабе цану і стаўленьне да сябе Машэрава. Васіль Аляксандравіч быў сьпецыялістам экстра-класу, узначальваў групу, якая даводзіла да ладу, рабіла апошнія філігранныя штрышкі самых адказных дакументаў, і перш за ўсё прамоваў, дакладаў, артыкулаў Машэрава, які без ухваленьня групы ня браўся ні чытаць прамовы, ні падпісваць артыкулы і іншыя дакументы. У групу, ці як яе звалі, мазгавы цэнтр, апроч Каленчыца, пастаянна ўваходзілі загадчык аддзелу планавых і фінансавых органаў Рыгор Вячорка, кіраўнік лектарскай групы Сіман Ходас, у якасьці эксьпертаў маглі прыцягваць каго заўгодна. Ні Каленчыца, ні Вячорку і Ходаса ад выкананьня сваіх непасрэдных службовых абавязкаў ніхто не вызваляў, і рэдка калі ім удавалася пакідаць будынак ЦК раней дзесяці вечару ці мець вольнымі выхадныя. Каленчыц стаў прыглядвацца да мяне і даручаць сёе-тое... Ня ведаю, якім чынам дайшло да Аляксандра Трыфанавіча аб спробе і мяне прыцягнуць да так званага мазгавога цэнтру, але неяк без аніякай патрэбы паклікаў мяне, запрасіў у пакой адпачынку, што лічылася найвялікшым даверам, прапанаваў кубачак кавы, цыгарэты і гэтак хітранька запытаў:

– А ты ўмееш пісаць левай нагой?..

– Ды-ы... – зьбянтэжыўся, разгубіўся я, не разумеючы, куды хіліць, што мае на ўвазе сакратар ЦК – ці не спадабалася яму падрыхтаваная мною нейкая паперчына?

Ён усьміхнуўся сам сабе, між іншым, як ён часта умеў сказаць нешта важнае ледзь ці не падтэкстам, працягваў:

– А ты паспрабуй іншы раз пісаць і левай нагой, каб адчапіліся, інакш – неба падасца з аўчынку... Пішы свае аповесьці і не сушы мазгі на... – Ён ня стаў даказваць, спадзяючыся на маю здагадлівасьць, і перавёў гаворку на нешта іншае...

Я ўсёк, і хоць гэта давалася няпроста, але... Ня мог толькі дазволіць сабе пісаць левай нагой, што мела непасрэднае дачыненьне да маіх службовых справаў і, канешне ж, для Кузьміна. Калі з першымі спраўляўся даволі проста, то з другім... Рабіць нейкі матэрыял ці дакумент для АТК (так, па першых літарах ледзь ці ня ўсе за вочы звалі Аляксандра Трыфанавіча) заўсёды было выпрабаваньнем. Асабліва па першым часе, пакуль ня ўведаеш ягонай методы і звычкі. Як бы ты ні выкладваўся, як бы не адшліфоўваў кожнае слоўца, кожны сказ мо ўжо ў дзясятым варыянце, можна было не сумнявацца, што гэта яшчэ ня ўсё, хоць ён вельмі па­хваліў і падзякаваў. Не праходзіць і гадзіны, як імчыць памочнік Зіновій Прыгодзіч, якога потым зьмяніў мой аднакашнік па Мітронаўскай слабадзе Лёня Ані­шчанка з пакрэсьленым, сьпісаным ня дужа разборлівым почыркам АТК толькі што ўхваленым тэкстам. Расшыфроўваем, разумеем, што гэта ўсё куды горш, чым было, але воля аўтара ёсьць воля аўтара. Разам нешта апускаем, нешта выпраўлям, амаль упэўненыя, што гэта яшчэ не апошні варыянт. Бывала, ужо ля пад’езду чакае машына адвезьці АТК у аэрапорт ці ехаць некуды выступаць, а ён усё крэмсае тэкст, каб пасьля, як выйдзе за трыбуну заблытацца канчаткова ў сваіх праўках-папраўках, і нічога не застанецца, як адкласьці паперчыну і выступаць без шпаргалкі. Тым ня меней змушаў рыхтаваць кожнае сваё выступленьне, нават калі гэта было нейкае звычайнае вітаньне. У адрозьненьне ад большасьці начальнікаў ён зусім спакойна ставіўся, калі правілі ці зусім выкідвалі напісанае ім, а праўкі, на ягоную думку, паляпшалі тэкст. Але гэтая думка трымалася нядоўга, і ён зноў мо ў дзясяты раз пачынаў перакрэмзваць, каб урэшце рэшт пагоршыць ці зрабіць зусім непрыдатным альбо непатрэбным, чаму аддадзена столькі чужых і ягоных нерваў, часу. АТК усё гэта разумеў, амаль заўсёды пачуваў сябе ніякавата перад тымі, чыя работа і час былі марна патрачаны па ягонай волі, але нічога ня мог зрабіць са сваім характарам, сваім глыбокім перакананьнем, што на сьвеце не існуе нічога абсалютна дасканалага, абсалютна ідэальнага, ня раз пры мне казаў, што нізашто ня можа прыпадобіцца тым, хто спакойна выходзіць за трыбуну, нават не прачытаўшы папярэдне падрыхтаваны падначаленымі ці памочнікамі тэкст. І вельмі любіў прыгадваць колішняга першага сакратара сталічнага гаркаму партыі Варвашэню – чалавека самабытнага, яркага, гаспадарлівага, сапраўднага народнага самародка, пры якім ён служыў загадчыкам аддзелу прапаганды і адначасова быў галоўным пісарам ягоных самых адказных дакладаў і прамоваў. Варвашэня амаль ніколі да выхаду за трыбуну не чытаў падрыхтаваныя яму прамовы, аж пакуль...