Выбрать главу

АТК у добрым гуморы любіў расказаць амаль анедактычную гісторыю, якая з ягонай ласкі адбылася з Варвашэнем на знакамітым пленуме ЦК КПБ, дзе неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна па ініцыятыве Берыі абмяркоўваліся перагібы ў бок вялікадзяржаўнага рускага шавінізму, неадкладнай карэнізацыі нацыянальных кадраў у саюзных рэспубліках і пераходзе на нацыянальныя мовы, усталяваньні ленінскіх нормаў у нацыянальнай палітыцы. У сувязі з гэтым было намечана замяніць на пасадзе першага сакратара ЦК рускага Патолічава на беларуса Зімяніна. Ініцыятыва з Масквы сталася настолькі нечаканай, настолькі ня ўкладвалася ні ў якія звыклыя рамкі і ўяўленьні зрусіфікаванага, сьмяротна напалоханага нацыяналістычнымі жупеламі беларускага чынавенства, што яно анямела, разгубілася, ня верачы сваім вушам, успрымала ўсё гэта, як нейкі палітычны выверт. Толькі адчайныя аптымісты-летуценьнікі паверылі ў вяртаньне да задушанай у канцы дваццатых – пачатку трыццатых гадоў беларусізацыі, у тое, што насамрэч адкрываецца гістарычная персьпектыва наладзіць у рэспубліцы сваё нацыянальна-культурнае жыцьцё. Але большасьць кансерватыўнага па сваім менталітэце, ня схільнага да пераменаў беларускага чынавенства ўспрымала кампанію насьцярожана, нават варожа. Разам з тым не магло, ня ў стане было аслухацца першапрэстольную, тым больш, што ініцыятыва сыходзіла ад самога ўсясільнага Лаўрэнція Паўлавіча, каго аслухвацца да нядаўняга часу мог толькі адзін чалавек – таварыш Сталін.

Патолічаў у рэспубліцы меў аўтарытэт і добрую рэпутацыю. Ён вывучыў беларускую мову, прыязна і з павагай ставіўся да нацыянальных і культурных традыцыяў народу, у вялікадзяржаўных шавіністычных замашках куды больш можна выло вінаваціць кіраўнікоў беларусаў па нацыянальнасьці, чым гэтага рускага. Таму да пленуму рыхтаваліся ўсур’ёз і грунтоўна. Абгаварылі, расьпісалі, хто павінен выступіць, што сказаць. Натуральна, запеўку павінен зрабіць кіраўнік самай буйной – сталічнай партыйнай арганізацыі Варвашэня, адзін з вядомых кіраўнікоў камуністычнага падпольля і партызанскага руху на Меншчыне. Ён атрымаў абсалютна канкрэтныя ўстаноўкі, якія давёў свайму загадчыку аддзелу прапаганды і агітацыі Кузьміну, а той начыста праігнараваў усе, на ягоную думку, сумніўныя шэфавы ўстаноўкі, скляпаў самае што ні ёсьць кандовае выступленьне пра посьпехі і дасягненьні сталіцы, нафаршыраваўшы сотнямі лічбаў і прозьвішчаў перадавікоў, наватараў вытворчасьці. Як заўсёды, Варвашэня пайшоў за трыбуну, папярэдне не зазірнуўшы ў тэкст. Пад зьдзіўленыя, недаўменныя позіркі прысутных зачытаў падрыхтаваны банальны тэкст, дзе не было нават упамінку пра сутнасьць пастаўленага на абмеркаваньне пленуму вострага пытаньня. Вушлым партыйным чынавенствам гэта ўспрынялося як намёк, як нейкі сігнал. І іншыя сталі выступаць з аглядкай, а калі дайшло да галасаваньня – не хапіла галасоў вызваліць Патолічава. Гэта быў нечуваны скандал, нечаканы выклік Маскве. Варвашэню тут жа паклікалі на цугундзер: як гэта разумець?! Вы што, забыліся, пра што дамаўляліся?.. Гэта папахвае правакацыяй...

Учарнелы, разьятраны Варвашэня вярнуўся ў гаркам, паклікаў Кузьміна, выліў на яго ўсю сваю злосьць і тут жа падпісаў рашэньне аб звальненьні неслуха без прадастаўленьня нейкай іншай работы...

Ды зусім нядоўга прабыў беспрацоўным апальны Кузьмін – роўна столькі, колькі доўжылася тая нечаканая і дзіўная беларусізацыя: Берыю арыштавалі, абвясьціўшы ворагам народу, агентам замежных выведак, і ўсё вярнулася на кругі свая... У сталыя гады, пазнаёміўшыся з абнародаванымі дакументамі пра бурную рэфарматарскую дзейнасьць крывавага Лаўрэнція пасьля сьмерці Сталіна, так і не магу сабе адназначна адказаць, што гэта было: ці насамрэч празарлівае бачаньне, спроба перавесьці стрэлкі з тупіку, куды кацілася краіна, на больш-менш цывілізаваныя рэйкі, ці проста каварная і хітрая палітычная гульня з адзінай мэтай – запалучыць абсалютную ўладу, а потым ужо вядомымі, адладжанымі метадамі ўправіцца і з рэфарматарамі, і з засьвечанымі нацыяналістамі? Хто ж яго ведае, як і куды магло павярнуцца...