Выбрать главу

Заўзятых беларусіфікатараў тады, канешне ж, не судзілі і не растрэльвалі, а проста паціху адных пазасоўвалі на наменклатурныя задворкі тут на месцы, другіх разам з прэтэндэнтам на першую ролю ў рэспубліцы Зімяніным забралі на малапрыкметныя пасады ў Маскву, а самога прэтэндэнта саслалі на дыпламатычную работу ў Манголію, трэціх адправілі на заслужаны адпачынак. Ніхто з іх так і не падняўся, хіба толькі Зімянін праз колькі дзесяцігоддзяў ужо ў шаноўным узросьце ўсплыў на саюзным партыйным алімпе на нейкіх дзясятых ролях, без членства і кандыдацтва ў палітбюро. А тады беларускую кампартыю, якая адзінай сярод саюзных рэспублік ня вызваліла свайго рускага першага сакратара, абвясьцілі ўзорам палітычнай сьпеласьці і інтэрнацыяналізму, а наймудрэйшым стратэгам і тактыкам прызналі сталічнага першага сакратара Варвашэню. Празарлівага Кузьміна той, вядома ж, вярнуў на ранейшае месца, адкуль і пачалося ягонае службовае ўзыходжаньне. А тая кароценькая, дзіўная беларусізацыя пакінула свой злавесны сьлед. Рускага Патолічава неўзабаве забралі на міністэрскую пасаду ў Маскву, і першай асобай у рэспубліцы ўпершыню стаў беларус па нацыянальнасьці Мазураў, пры якім вышэйшая школа стала цалкам рускамоўнай, а ў гарадах, раённых пасёлках, нават невялікіх мястэчках практычна вынішчана беларускае школьніцтва.

АТК любіў прыгадваць той павучальны эпізод у сваёй біяграфіі, калі трэба было падкрэсьліць неабходнасьць абачлівага стаўленьня да далікатных, непрадказальных і сьлізкіх нацыянальных пытаньняў і праблемаў, дзе асабліва чуйна трэба трымаць нос па ветры.

– Што меў бы, хто ведаў бы сёньня Варвашэню, каб ня тое дурное выступленьне на пленуме? – усьміхаўся пераможна. – А вось навечна займеў вуліцу ў самым цэнтры Менску. Ні адзін з менскіх першых сакратароў пакуль што не ўдастойваўся такога гонару...

У публічных і нават што ні ёсьць прыватных выказваньнях па нацыянальных праблемах, палітыцы і практычных дзеяньнях маскоўскага кіраўніцтва АТК заўсёды быў крайне асьцярожны і абачлівы, зашпілены на ўсе гузікі. Ён пільна сачыў, каб у сваіх, дый ня толькі сваіх, выступленьнях, нейкіх дакументах з выхадам на Маскву прысутнічала дарэчы і недарэчы ўдзячнасьць вялікаму рускаму народу, старэйшаму брату за помач і падтрымку, ня менш пяці цытатаў, вернападданых кіўкоў і паклонаў у адрас “мудрага ленінскага Палітбюро на чале з верным ленінцам, правадыром сусьветнага пралетарыяту на сучасным этапе Леанідам Ільічом Брэжневым”, а потым Юрыем Уладзіміравічам, Канстанцінам Усьцінавічам. Хоць, здаецца, як чалавек разумны, дасьведчаны ён ведаў цану кожнаму гэтаму “вернаму ленінцу”, але не дазваляў сабе і паўнамёкам усумніцца ў прысутнасьці нават тых, каго любіў і каму давяраў. Пэўна, здагадваўся, а мо і ведаў, якія гаворкі пра ге­ніяльнасьць састарэлых і амаразьмелых маскоўскіх правадыроў вядуцца ня толькі ў творчым, навуковым асяроддзі, але і ў калідорах, кабінетах ЦК, выключаючы, хіба, пяты паверх, дзе атабарваліся сакратары ЦК, іхнія памочнікі і сакратаркі і агульны аддзел, які ў бытнасьць Чарненкі непамерна разбух, надзьмуў шчокі, пачаў рэальна прэтэндаваць на пальму першынства ў партыйнай іерархіі. Іншы раз я, а часьцей непасрэдны і эмацыянальны Сяргей Законьнікаў, загадчык сектару літаратуры, “забываліся”, дзе знаходзімся, і выдавалі ў кабінеце АТК тое, да чаго прызвычаіліся ўжо нашы вушы, і тады сакратар ЦК напалохана глядзеў па баках і папярэджваў, што нас слухае Нікулкін (тады старшыня КДБ). Мы недаўменна паціскалі плячыма: а што такога крамольнага, антыпартыйнага, антысавецкага мы гаворым?.. АТК незласьліва гразіўся пальчыкам, казаў, што з КДБ лепш ня мець справы. Перад гэтай арганізацыяй у яго жыў нейкі містычны страх, хоць былы баявы штурман і ў вайну, і ў мірны час на сваёй высокай пасадзе быў не з палахлівага дзясятку, бадай, адзін з кіраўнікоў рэспубліканскага ўзроўню, членаў бюро ЦК, асьмельваўся апаніраваць, часам вельмі рэзка і жорстка самому Машэраву, выказвацца пра яго, ня дужа хвалюючыся, што праслухоўвае Нікулкін, сьведкам чаго міжволі і не міжволі быў і я. Асабліва, калі на два месяцы стаў ягоным памочнікам заместа Зіновія Прыгодзіча, прызванага на камандзірскія курсы ў так званую Мар­дасаўскую (па імені начальніка гэтых курсаў) дывізію, праз якую мусіў прайсьці кожны вайсковаабязаны наменклатуршчык ва ўзросьце, здаецца, да сарака пяці гадоў. Яна разьмяшчалася ў мікрараёне Зялёны луг на скрыжаваньні вуліцаў Славінскага і Каліноўскага, дзе зараз атабарылася прэстыжная вайсковая вучэльня. У свой час, калі быў яшчэ ў Гарадзенскім абкаме, і я весела пракантаваўся тут два вясновыя месяцы...