Выбрать главу

У памочнікаўскія абавязкі ўваходзіла быць заўжды пад рукою ў шэфа, штораніцы ўзгадняць і планаваць ягоны працоўны дзень: нагадаць, што засталося “вісець” з учарашняга, пазаўчарашняга, дзе яму абавязкова трэба быць сёньня, прадстаўляць сьпіс, хто і з чым рвецца на прыём, узгадніць, каго паклікаць, з кім пагаварыць і што каму сказаць па тэлефоне ці пры сустрэчы ад ягонага імені, каго дапусьціць, а каго і блізка не падпускаць да ягонага кабінету, прыдумваючы розныя, аж да фантастычных прычынаў, і перш за ўсё спасылаючыся на неймаверную занятасьць сакратара ЦК. Ну і, канешне ж, даводка да кандыцыі розных дакументаў і бясконцых варыянтаў ягоных важных і зусім дзяжурных выступленьняў. Прыходзіў ён, звычайна, у восем-палове дзявятай і адразу ж клікаў мяне: ну што там у нас на сёньня? Неяк толькі распачаў дакладваць, як рэзка і патрабавальна завурчэў тэлефон, голас якога ня зблытаеш ні з якім іншым – прамы ад Машэрава. Адразу ж у іх пачалася гаворка на даволі высокіх танах, і я палічыў тактоўным хуценька рэці­равацца з кабінету, аднак АТК рашучым жэстам спыніў, паказваючы пальцам на крэсла ля прыстаўнога століка: сядзі! Я не зусім разумеў сутнасьць іхняй гэтакай нярвовай гаворкі, але быў зьдзіўлены, уражаны, што АТК здольны так пярэчыць самому Машэраву – ня проста пярэчыць, а зацята брацца з ім у рожкі. Неўзабаве пачуўся характэрны гук і частыя кароткія гудкі, што сьведчыла – Машэраў на паўслове паклаў трубку. АТК выразна, бы шукаючы падтрымкі, разьвёў рукамі: во, бачыш і прыпаліў чарговую цыгарэту. А праз хвіліну шумна адчыніліся дзьверы і ў кабінет рашучым, лёгкім крокам нават не зайшоў, а ўляцеў пачырванелы ад узбуджэньня Машэраў – высокі, стройны, як заўсёды, элегантна апрануты. Не паздароўкаўшыся, ён глянуў на мяне выразна, і мяне бы ветрам выдзьмула з кабінету. Шчыльна прыкрыў за сабой двайныя дзьверы, аднак яны толькі скажалі, а не глушылі іхнія галасы на высокіх нотах. Гаспадыня прасторнай прыёмнай Алена Фёдараўна затрывожана пыталася вачыма: з-за чаго гэта яны там? Што ж здарылася?! Я ведаў ня больш, чым яна, паціснуў плячыма... Не хвалюйся, супакоіла яна, ці першы раз яны так!.. І насамрэч неўзабаве галасы сталі аціхаць, а праз нейкі час адчыніліся дзьверы і ў прыёмную выйшаў Машэраў у суправаджэньні АТК. Яны прыпыніліся, спакойна і памяркоўна працягваючы гаворку, нібы атрасаючы рэшткі нядаўняга ўзбуджэньня...

І ўвогуле тады ніяк ня мог зразумець і па сёньня ня маю адказу, чаму надзвычай асьцярожны і абачлівы ў характарыстыцы маскоўскіх правадыроў АТК дазваляў сабе незалежныя, часам зусім крамольныя ацэнкі менскіх высокіх чыноў, не выключаючы і самога Машэрава, якога любіў і паважаў, аднак гэта не замінала апані­раваць яму. Нават пры падначаленых, сьведкам чаго я быў неаднаразова, АТК не хаваў свайго скептычнага стаўленьня да многіх пачынаньняў Машэрава – як усчатая масавая нарыхтоўка галінкавага корму, як татальнае вынішчэньне балотаў, як так званая матыльковая дыпламатыя з верталётнымі палётамі і пералётамі і г.д. І тут чамусьці ня надта клапаціўся пра вынікі ад магчымых вушэй Нікулкіна ці ад нечыіх даносаў. Пэўна, усё гэта ён выказваў у вочы Пятру Міронавічу. Памятаю, неяк у добрым гуморы ён нечакана завёў са мной даволі філасофскую гаворку пра чалавечыя слабасьці, найзаганьнейшымі з якіх лічыў угодніцтва, лізаблюдства. А потым на маё зьдзіўленьне задумліва і скрушліва сказаў: страшная гэта рэч... Во Пётр Міронавіч, нашто ўжо, здаецца, моцны, прынцыповы, разумны, а часам клюе, з ходу заглытвае самы што ні ёсьць прымітыўны, пячорны падхалімаж... Ці ўзяць тваіх пісьменьнікаў... Аднак нехта зайшоў у кабінет, і гаворка перапынілася. Вельмі шкада, бо ніколі больш да гэтай тэмы Аляксандр Трыфанавіч не вярнуўся, хоць я ня раз рабіў такія спробы – АТК быў чалавек настрою, у ягонай галаве ўвесь час раіліся думкі, ідэі, ён лёгка губляў усялякі інтарэс да таго, што яшчэ зусім нядаўна дужа хвалявала і клапаціла яго ці здавалася надзвычай важным, адметным і дасканалым. Ад таго, пэўна, і ягоныя бясконцыя праўкі і варыянты сваіх і чужых тэкстаў. Гэтыя бясконцыя і бясплённыя стылёвыя пошукі дасканаласьці, мусіць, і не далі магчымасьці напісаць свае, думаю, вельмі цікавыя і карысныя ўспаміны, за якія ня раз браўся, крэмзаў, выкідваў, зноў браўся, зноў заходзіў у тупік.

Ня ведаю за што, але да мяне ён заўсёды ставіўся вельмі прыязна, амаль па-бацькоўску, як і да значна маладзейшага Сяргея Законьнікава, з кім прыйшлі мы ў апарат ЦК амаль адначасова, з розьніцай у некалькі месяцаў. Мо таму, што абодва мы былі ўжо больш-менш вядомыя літаратары, а да пісьменьнікаў у АТК быў асобны піітэт і павага. Дый ня толькі ў яго як сакратара ЦК па ідэалогіі. Статус пісьменьніка ў грамадстве тады быў надзвычай высокі, творцы карысталіся аўтарытэтам, іх паважалі, шанавалі, да іхняй думкі, іхняга слова прыслухоўваліся. Таму ўлады стараліся ставіцца да творчых людзей уважліва, дзе трэба падтрымаць, дзе трэба прыручыць, дзе трэба прыкарміць, дзе трэба прыжучыць. Апошняе амаль заўсёды рабілася прымітыўна. Як судовы працэс над Даніэлем і Сіняўскім, знакамітыя антыдудзінцаўская, антыпастэрнакаўская, антысалжаніцынская кампаніі ў Маскве, з падачы і ініцыятывы ўсё той жа Масквы шальмаваньне Быкава. У нас пры Машэраве і Кузьміне ганебная антыбыкаўская кампанія паціху-памалу зьвялася на нішто, а Быкаў атрымаў належнае і заслужанае ўганараваньне, хоць ні на ёту не саступіў ад сваіх перакананьняў і прынцыпаў, стаў знакавай, культавай фігурай на Беларусі. Гэта потым улада, якая любіць абвяшчаць сябе народнай, фактычна выціснула народнага пісьменьніка ў эміграцыю. І яшчэ факт: Беларусь тады была адзінай у Саюзе рэспублікай, дзе ў навуковым і творчым асяроддзі абышлося без працэсаў над дысідэнтамі. Вядома ж, пры жаданьні можна было раздзьмуць не адно кадзіла... Чыя тут большая заслуга – кіраўніка рэспублікі, галоўнага ідэолага ці таго ж Нікулкіна, які, кажуць, быў вельмі прыстойным чалавекам? Пэўна, усіх трох. Але ў першую чаргу, вядома ж, Пятра Міронавіча, які ў адрозьненьне ад усіх сваіх папярэднікаў і спадкаемцаў на гэтай высокай пасадзе ўмеў браць на сябе адказнасьць, вельмі многае рашаць самастойна без аглядкі на Маскву, патрабаваць ад першапрастольнай лічыцца з ягонай думкай, ягонай пазіцыяй, інтарэсамі рэспублікі, ні да каго не падлізваючыся, прынцыпова адвяргаючы ўсе карупцыйныя сувязі і повязі, што пышным кветам буялі на прасторах метраполіі. І праз гэта рабіўся ўсё больш і больш чужым сярод сваіх, а ад чужакоў, як вядома, рана ці позна пазбаўляюцца, асабліва калі яны пачынаюць выклікаць рэальную небясьпеку. І тады, і сёньня праз чвэрць стагоддзя мала хто верыць у афіцыйную версію нібыта абсалютна выпадковай аўтааварыі на чыстай дарозе, што абарвала ягонае жыцьцё. Надта ж шмат вытыркоўвалася і працягвае вытыркоўвацца нестыковак, незразумелых супадзеньняў, дзіўных паводзінаў калег Машэрава па Палітбюро. Адбылося ўсё, калі не аціхалі настойлівыя пагалоскі аб маючым адбыцца пераезьдзе параўнальна маладога, энергічнага і харызматычнага беларускага лідэра ў Маскву, дзе ён стане поўным членам Палітбюро і зойме адну з ключавых пасадаў у ЦК КПСС, а ў персьпектыве заменіць амаразьмелага і ледзьве жывога Брэжнева. Гэта было зусім рэальна – геранталагічныя праблемы крамлёўскага сінкліта сталі відавочна абвастрацца ўжо ня з кожным годам, а з кожным днём, і саюзная наменклатура ўсё больш і амаль ад­крыта стала скіроўваць позіркі ў бок элегантнага, з жывой абаяльнай усьмешкай, ня толькі выдатнага аратара, але і таленавітага арганізатара, пад чыім кіраўніцтвам рэспубліка трымала лідзіруючыя пазіцыі па ўсіх накірунках эканамічнай і сацыяльна культурнай дзейнасьці, разам са сваім кіраўніком займела найвялікшы аўтарытэт і павагу ў Саюзе. Канешне ж, ён ня ўпісваўся ў сонм нямоглых, акамянелых крамлёўскіх старцаў, амаль кожны з якіх марыў хоць на сьмертным адры паруліць з крэсла Генсека. Рэальны канкурэнт ім, іхнім кланам, чужак, які невядома яшчэ, як павядзе сябе... У гэтым сьвятле ўзьнікалі і ўзьнікаюць пытаньні кшталту: чаму і ці выпадкова міліцэйскія машыны суправаджэньня, груба парушыўшы строгія інструкцыі, на час аварыі адарваліся ад машыны Машэрава? Куды падзеўся з месца аварыі чамаданчык, які браў з сабою Машэраў? Чаму канкрэтныя віноўцы абмежаваліся толькі лёгкім спалохам, а вадзіцель самазвалу, які без падачы сігналу рэзка затармазіў перад самым носам грузавіка, змусіўшы ягонага вадзіцеля выскачыць на сустрэчную паласу, нават не фігураваў на працэсе? Урэшце рэшт, чаму міністр унутраных справаў, якога па логіцы рэчаў павінны былі тут жа прагнаць з пасады і прыцягнуць да адказнасьці за незабесьпячэньне аховы першай асобы з найцяжэйшымі пасьледкамі, як ні ў чым не бывала працягваў займаць свой высокі кабінет, больш таго – усяго праз нейкі месяц указам з Масквы быў уганараваны да дня міліцыі ледзь ні самым высокім ордэнам? Выклікае недаўменьне, наводзіць на роздум і тое, што Масква не дазволіла кіраўніцтву рэспублікі абвясьціць жалобу на дзяржаўным узроўні, а на кар’еры ейнага ініцыятара старшыні Савету Міністра