Выбрать главу
Сяргея Законьнікава, з кім прыйшлі мы ў апарат ЦК амаль адначасова, з розьніцай у некалькі месяцаў. Мо таму, што абодва мы былі ўжо больш-менш вядомыя літаратары, а да пісьменьнікаў у АТК быў асобны піітэт і павага. Дый ня толькі ў яго як сакратара ЦК па ідэалогіі. Статус пісьменьніка ў грамадстве тады быў надзвычай высокі, творцы карысталіся аўтарытэтам, іх паважалі, шанавалі, да іхняй думкі, іхняга слова прыслухоўваліся. Таму ўлады стараліся ставіцца да творчых людзей уважліва, дзе трэба падтрымаць, дзе трэба прыручыць, дзе трэба прыкарміць, дзе трэба прыжучыць. Апошняе амаль заўсёды рабілася прымітыўна. Як судовы працэс над Даніэлем і Сіняўскім, знакамітыя антыдудзінцаўская, антыпастэрнакаўская, антысалжаніцынская кампаніі ў Маскве, з падачы і ініцыятывы ўсё той жа Масквы шальмаваньне Быкава. У нас пры Машэраве і Кузьміне ганебная антыбыкаўская кампанія паціху-памалу зьвялася на нішто, а Быкаў атрымаў належнае і заслужанае ўганараваньне, хоць ні на ёту не саступіў ад сваіх перакананьняў і прынцыпаў, стаў знакавай, культавай фігурай на Беларусі. Гэта потым улада, якая любіць абвяшчаць сябе народнай, фактычна выціснула народнага пісьменьніка ў эміграцыю. І яшчэ факт: Беларусь тады была адзінай у Саюзе рэспублікай, дзе ў навуковым і творчым асяроддзі абышлося без працэсаў над дысідэнтамі. Вядома ж, пры жаданьні можна было раздзьмуць не адно кадзіла... Чыя тут большая заслуга – кіраўніка рэспублікі, галоўнага ідэолага ці таго ж Нікулкіна, які, кажуць, быў вельмі прыстойным чалавекам? Пэўна, усіх трох. Але ў першую чаргу, вядома ж, Пятра Міронавіча, які ў адрозьненьне ад усіх сваіх папярэднікаў і спадкаемцаў на гэтай высокай пасадзе ўмеў браць на сябе адказнасьць, вельмі многае рашаць самастойна без аглядкі на Маскву, патрабаваць ад першапрастольнай лічыцца з ягонай думкай, ягонай пазіцыяй, інтарэсамі рэспублікі, ні да каго не падлізваючыся, прынцыпова адвяргаючы ўсе карупцыйныя сувязі і повязі, што пышным кветам буялі на прасторах метраполіі. І праз гэта рабіўся ўсё больш і больш чужым сярод сваіх, а ад чужакоў, як вядома, рана ці позна пазбаўляюцца, асабліва калі яны пачынаюць выклікаць рэальную небясьпеку. І тады, і сёньня праз чвэрць стагоддзя мала хто верыць у афіцыйную версію нібыта абсалютна выпадковай аўтааварыі на чыстай дарозе, што абарвала ягонае жыцьцё. Надта ж шмат вытыркоўвалася і працягвае вытыркоўвацца нестыковак, незразумелых супадзеньняў, дзіўных паводзінаў калег Машэрава па Палітбюро. Адбылося ўсё, калі не аціхалі настойлівыя пагалоскі аб маючым адбыцца пераезьдзе параўнальна маладога, энергічнага і харызматычнага беларускага лідэра ў Маскву, дзе ён стане поўным членам Палітбюро і зойме адну з ключавых пасадаў у ЦК КПСС, а ў персьпектыве заменіць амаразьмелага і ледзьве жывога Брэжнева. Гэта было зусім рэальна – геранталагічныя праблемы крамлёўскага сінкліта сталі відавочна абвастрацца ўжо ня з кожным годам, а з кожным днём, і саюзная наменклатура ўсё больш і амаль ад­крыта стала скіроўваць позіркі ў бок элегантнага, з жывой абаяльнай усьмешкай, ня толькі выдатнага аратара, але і таленавітага арганізатара, пад чыім кіраўніцтвам рэспубліка трымала лідзіруючыя пазіцыі па ўсіх накірунках эканамічнай і сацыяльна культурнай дзейнасьці, разам са сваім кіраўніком займела найвялікшы аўтарытэт і павагу ў Саюзе. Канешне ж, ён ня ўпісваўся ў сонм нямоглых, акамянелых крамлёўскіх старцаў, амаль кожны з якіх марыў хоць на сьмертным адры паруліць з крэсла Генсека. Рэальны канкурэнт ім, іхнім кланам, чужак, які невядома яшчэ, як павядзе сябе... У гэтым сьвятле ўзьнікалі і ўзьнікаюць пытаньні кшталту: чаму і ці выпадкова міліцэйскія машыны суправаджэньня, груба парушыўшы строгія інструкцыі, на час аварыі адарваліся ад машыны Машэрава? Куды падзеўся з месца аварыі чамаданчык, які браў з сабою Машэраў? Чаму канкрэтныя віноўцы абмежаваліся толькі лёгкім спалохам, а вадзіцель самазвалу, які без падачы сігналу рэзка затармазіў перад самым носам грузавіка, змусіўшы ягонага вадзіцеля выскачыць на сустрэчную паласу, нават не фігураваў на працэсе? Урэшце рэшт, чаму міністр унутраных справаў, якога па логіцы рэчаў павінны былі тут жа прагнаць з пасады і прыцягнуць да адказнасьці за незабесьпячэньне аховы першай асобы з найцяжэйшымі пасьледкамі, як ні ў чым не бывала працягваў займаць свой высокі кабінет, больш таго – усяго праз нейкі месяц указам з Масквы быў уганараваны да дня міліцыі ледзь ні самым высокім ордэнам? Выклікае недаўменьне, наводзіць на роздум і тое, што Масква не дазволіла кіраўніцтву рэспублікі абвясьціць жалобу на дзяржаўным узроўні, а на кар’еры ейнага ініцыятара старшыні Савету Міністраў Аксёнава, найбольш верагоднага і натуральнага прэтэндэнта на пост Першага, пастаўлены быў крыж. Ад імя Палітбюро і Савецкага ўраду на пахаваньне дазволілі прыехаць толькі паплечніку Пятра Міронавіча па партызанцы і камсамолу, ягонаму асабістаму сябру Міхаілу Васільевічу Зімяніну, які толькі што прыйшоў з “Правды” ў ЦК адным з радавых сакратароў, што дапамагалі нямоглым старцам кіраваць замацаванымі за імі напрамкамі партыйнай дзейнасьці. Казалі, парываўся прыляцець разьвітацца і намесьнік прэм’ера Касыгіна Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, які пры Машэраве шмат гадоў узначальваў беларускі Саўмін, але яго пасьпелі ўжо вызначыць у пераемнікі нябожчыку і строга наказалі: аслухаешся – ня бачыць Менску і машэраўскага кабінету, як сваіх вушэй... Такое стаўленьне да памяці заслужанага і аўтарытэтнага кіраўніка рэспублікі, кандыдата ў члены Паліт­бюро, Героя Савецкага Саюзу, якое заслужыў крвёю ў гады вайны, і Героя Сац­працы, атрыманае за рэальныя справы, не адпавядала, выламлівалася з самых элементарных нормаў наменклатурных пратаколаў і рытуалаў, успрымалася як абраза, непавага і, натуральна, яшчэ больш узмацняла недавер да афіцыйнай версіі прычыны аварыі... Хто ж яго ведае, хто ж яго ведае... Несумненна толькі адно: позна ці рана, але таемнае робіцца яўным...