Выбрать главу

З Пятром Міронавічам за два гады работы ў ЦК пад ягоным кіраўніцтвам мне не даводзілася сутыкацца настолькі, каб ён асабіста ведаў мяне. Як ўжо казаў, я нават не патрапіў на абавязковую гаворку да яго пры залічэньні ў штат апарату ЦК, якая мяне запэўнівалі абавязкова адбудзецца пасьля, пры зручным выпадку, але такога выпадку так і не надарылася. Пэўна ж, ён ведаў, што ёсьць работнік з такім прозьвішчам – праглядваў асабовую справу, падпісваючы пастанову бюро аб прызначэньні, а потым маё цэкоўскае пасьведчаньне. Дакладна ведаю толькі, што ён аднойчы зьвярнуў на мяне пільную ўвагу на нейкай нарадзе, куды я прыпёрся з Гародні без пінжака, у льнятой кароткарукаўцы і сярод публікі, спрэс апранутай у модныя тады неймаверна белыя нейлонавыя кашулі, пад якімі макрэе сьпіна нават у прахалоднае надвор’е, і чорныя пінжакі з такімі ж чорнымі вузенькімі нейлонавымі гальштукамі выглядзеў непачцівай белай варонай, пачуваў сябе ледзь ці ня голым. Зладзюкавата прыладкаваўся за нечай даволі масіўнай сьпіной збоку ў перадапошнім радзе, каб не калоць вочы прэзідыуму, а найперш Машэраву. І вось ён зьявіўся з-за кулісаў, а за ім – гуськом астатнія члены бюро. Машэрава не прынята было сустракаць уставаньнем. Ён уважліва агледзеў залу, спыніў позірк на мне, ад чаго я аж уціснуўся ў крэсла, усьміхнуўся, падалося, нават падміргнуў з разуменьнем, зьняў пінжак і гальштук, якія падхапіў падасьпелы з-за кулісы памочнік. І тут жа, як па камандзе, пад вясёлы шумок у зале сьпешна пачаў пазбаўляцца гальштукаў і вызваляцца з пінжакоў увесь прэзідымум, прыладжваючы іх ззаду сябе на сьпінкі крэслаў, і амаль адначасова ўсчаўся ўсеагульны шумны рух у зале. Пётр Міронавіч моўчкі цярпліва чакаў, а на ягоным твары лунала характэрная машэраўская гарэзьлівая ўсьмешачка, здавалася, ён вось-вось гатовы быў пырснуць вясёлым сьмехам...

Кажу пра гэты малазначны забаўны выпадак, каб яшчэ раз прыгадаць народную мудрасьць: які поп – такі і прыход. Людзі заўсёды імкнуцца быць падобнымі на свайго куміра, а падначаленыя – свайго кіраўніка, незаўважана, міжволі пераймаюць ягоныя звычкі, ягоны стыль. Магчыма, і ў АТК паважнае стаўленьне да пісьменьнікаў, увогуле да творчых людзей сыходзіла ад Пятра Міронавіча, які меў ня столькі службовую, колькі чалавечую, духоўную патрэбу бачыцца, гаварыць, выслухоўваць іх і ў фармальнай абстаноўцы на зьездах ці важных пленумах, дзе лічыў патрэбнай і абавязковай сваю прысутнасьць, і знаходзіў час без усялякай затрымкі і валакіты прымаць любога творчага чалавека, які папросіцца, у сваім рабочым кабінеце, і сустракацца ў нефармальных абставінах у час традыцыйных творчых семінараў на Нарачы, і бываць на выставах і ў майстэрнях мастакоў. Ад блізкіх да яго людзей ведаю, што ў Машэрава была партэба калі ня ўважліва чытаць, то праглядваць ледзь ці ня ўсё, што выходзіла з-пад пяра беларускіх літаратараў. Пра аўтараў і іхнія творы ён меў сваю дакладную і даволі прафесійную думку, але амаль ніколі не выказваў яе, каб не навязваць нікому, тым больш абвяшчаць яе ісьцінай у апошняй інстанцыі. Выключэньнем была, хіба, ягоная станоўчая ацэнка літаратурный вартасьці ананімнай паэмы “Сказ пра Лысую гару”, што распаўсюджвалася ў машынапісных і ад рукі перапісаных копіях. Ці то ўсур’ёз, ці то каб уведаць рэакцыю ейных герояў, прапанаваў надрукаваць “Сказ” у “Вожыку”, аднак, як і варта было чакаць, яны ўзмаліліся: не трэба! Канечне ж, станоўчы водгук Машэрава тут жа ахаладзіў гарачыя галовы, якія намерыліся кваліфікаваць таленавіты твор як дысідэншчыну, нелегальшчыну, кінуць усе сілы адпаведных органаў на пошук аўтара, каб найстражэйшым чынам пакараць яго.