Выбрать главу

Пасьля сьмерці Машэрава АТК цяжка было хаваць, што пачувае сябе даволі няўтульна, дыскамфортна. Падобна, ён разгубіўся, страціўшы звыклыя арыенціры і стрыжань, стаў кідацца ў крайнасьці, дапускаць недаравальныя для яго памылкі. Як выступленьне перад партактывам з першай адкрытай, публічнай крытыкай Машэрава за перабольшаньне ролі партызанскага руху і прыніжэньне ролі Чырвонай арміі ў вызваленьні Беларусі. Канечне, было тое перабольшаньне, але час для крытыкі выбраў абсалютна непрыдатны – яшчэ ня ўлёгся боль страты, а Пётр Міронавіч і пасьля сьмерці працягваў заставацца і ў народзе, і ў партактыву абсалютным аўтарытэтам, таму крытыка была ўспрынятая з недаўменьнем і прыкрасьцю, а бестактны выпад былога паплечніка расцэнены як спроба дагадзіць, выслужыцца перад новым Першым, які ня меў дачыненьня да партызанкі. Асабліва прыкрым было гэтае выступленьне для тых, хто прымаў удзел ці ведаў аб падрыхтоўцы вялікага артыкулу з асэнсаваньнем і ацэнкай партызанскага руху на Беларусі, суаўтарамі якога выступалі Машэраў і Кузьмін. Недзе за месяцы два да трагедыі АТК даваў мне гэты больш чым на восемдзесят старонак машынапісу тэкст з просьбай прайсьціся па стылю, што я і зрабіў найдобрасумленьнейшым чынам. Матэрыял падаўся мне надзвычай цікавым – доказным, пераканаўчым, з мноствам невядомых фактаў. Шкада, што ён так і застаўся неапублікаваным. І вельмі сумняваюся, што абачлівы АТК пастараўся, каб артыкул патрапіў у партыйны ці дзяржаўны архіў. Але калі і насамрэч рукапісы не гараць, то яшчэ можна спадзявацца... Думаю, гэта было б калі не сенсацыйнай, то вельмі цікавай знаходкай...

Калі АТК бываў у добрым настроі, іншы раз яму проста карцела расказаць, мо трошачкі пахваліцца, які ён мудры і тонкі псіхолаг, апаратны гулец экстра-класу. Мусіць, з гадамі ў кожнага зьяўляецца такая патрэба, асабліва ў тых, хто з-за сваіх высокіх пасадаў застаюцца абдзеленымі шчырымі сяброўскімі стасункамі. Канечне ж, было б найвялікшым нахабствам сьцьвярджаць, што я быў на кароткай назе з АТК, але, як ужо казаў, сам ня ведаю чаму ён заўсёды ставіўся да мяне прыязна, яму падабалася разважліва, неназойліва, з намёкамі, паўнамёкамі даваць мне, маладому, урокі мудрасьці, часьцей за ўсё на прыкладзе свайго багатага жыцьцёвага вопыту, падміргваючы: маўляў, глядзі-назірай пісьменьніцкім вокам, матай на вус – мо спатрэбіцца... Калі не для сябе, то для новай аповесьці ці раману... Насуперак усялякай службовай этыцы ён з хітраватай усьмешачкай прыадкрыў заслону на тайную паддывановую гульню загадчыкаў аддзелаў прапаганды і агітацыі Паўлава і культуры Антановіча, якія навыперадкі, вылузваючыся са скуры, ірвуцца на ягонае пакуль што занятае сакратарскае месца. На маё бясслоўна-запытальнае зьдзіўленьне ўсьміхнуўся, нясьпешна ўзяў чарговую цыгарэту, машынальна прапанаваўшы і мне, хоць ведаў, што ў ягоным і без таго пракураным пакоі адпачынку ды яшчэ ў ягонай прысутнасьці паліць ніколі сабе я не дазваляю, зьняў акуляры паглядзеў з характэрным доўгім задуменна-гарэзьлівым прыжмурам, пстрыкнуў колькі раз запальнічкай, не прыкурваючы, сказаў, здаецца, больш сабе, чым для мяне:

– Самае цікавае – ні аднаму з іх нічога ня сьвеціць. Не разумеюць, дурні... – І на працяг майго бясслоўнага зьдзіўленага пытаньня з хітрынкай патлумачыў: – Па-першае, я сам пакуль што сыходзіць не зьбіраюся. А па-другое... Па-другое... А ты сам прыгледзься ды пакумекай, чаму...

У калідорах і кабінетах на чацьвертым паверсе цэнтральнага корпусу, дзе размяшчаліся ўсе тры ідэалагічныя аддзелы, канечне ж, вяліся шэпты аб магчымых пераемніках АТК – узрост ёсьць узрост, нікуды не падзенешся. Лагічна было, што ў крэсла галоўнага ідэолага, як і колісь АТК, павінен перасесьці загадчык галоўнага ідэалагічнага аддзелу Паўлаў. На першы погляд, ён меў усе падставы для вылучэньня – і ўзрост, і дзелавыя якасьці з багатым службовым вопытам, і насамрэч жалезную арганізатарскую хватку, і ўменьне на высокім узроўні падрыхтаваць любы дакумент, за што яго высока цанілі Машэраў, а потым Кісялёў, і прэстыжнае вучонае званьне кандыдата навук з падыходам доктарскай дысертацыі, і членства ў Саюзах журналістаў, пісьменьнікаў, шматлікія публікацыі і кнігі. Праўда, вялікім мінусам быў ягоны характар, з якім, па словах АТК, у кабінеце галоўнага ідэолага той будзе паводзіць, як слон у лаўцы з посудам. І яшчэ: пэўна, каб выслужыцца і паспрыяць кар’еры, у анкеце той запісаў сябе рускім, хоць, здаецца, жменька старавераў на Браслаўшчыне, з якіх паходзіў Паўлаў, за столькі стагоддзяў, тым больш пры атэістычным сацыялізме даўно растварылася ў мясцовым насельніцтве. Дый справа павярнулася так, што Масква пачала сачыць і негалосна патрабаваць, каб на пасадзе галоўнага ідэолага ў саюзных рэспубліках быў прадстаўнік карэннай нацыянальнасьці. Канечне, пры жаданьні таго ж Машэрава ці потым Кісялёва, Сьлюнькова гэтае патрабаваньне можна і абыйсьці, але ці будзе тое жаданьне?.. Загадчык другога па значэньні ідэалагічнага аддзелу – навукі і навуковых установаў Юры Смірноў доўгія гады працаваў памочнікам у Машэрава, падобна, прытаміўся і ў знак удзячнасьці за добрасумленную працу атрымаў гэты аддзел, і ні па ўзросту, ні па вопыце работы, ні па нейкіх іншых якасьцях у патэнцыяльныя прэтэндэнты нават не каціраваўся. Затое значна маладзейшы за сваіх калегаў надзвычай амбітны загадчык аддзелу культуры Іван Антановіч быў абсалютна рэальным і найбольш верагодным пераемнікам АТК. Хоць ён і блізка ня меў такога паслужнога сьпісу на ідэалагічных пасадах, такога вопыту і хваткі, як у Паўлава, але быў прадстаўніком так званай новай наменклатурнай эліты – з вучоным званьнем доктара філасофскіх навук, прафесара, дасканалым валоданьнем замежнымі мовамі, вопытам, у тым ліку дыпламатычнай, працы за мяжой. Аднак нягледзячы на сваю вучонасьць, ён быў чалавек надзвычай саманадзейны, самаўлюбёны, на поўным сур’ёзе лічыў сябе вялікім стратэгам і дыпламатам, здольным бачыць і прадбачыць разьвіцьцё падзеяў, дакладна пралічваць кожнае сваё дзейства, кожны свой хітры крок як мінімум на пяць хадоў наперад. Аднак усе ягоныя хітрыя хады тут жа распазнаваліся нават маладасьведчанымі, маласпрактыкаванымі у кулуарна-закулісных гульнях дылетантамі. З яго аж перлі кар’ерныя памкненьні, і АТК з хітравата-паблажлівай усьмешачкай назіраў за ягоным местачковым інтрыганствам, іхняй з Паўлавым дробнай валтузьнёй-варажнечай, то падліваючы неўпрыкмет масла ў агонь, сутыкаючы ілбамі, то вялікадушна разводзячы, патрабуючы ад іх міру і згоды між сабой. Вялікі хітраван добра ведаў: пакуль прэтэндэнты варагуюць, гатовыя ў любы момант учапіц­ца адзін аднаму ў горла – яны ў ягоных руках, і бліскуча перайграў, абвёў вакол пальца абодвух: рэальнага і небясьпечнага прэтэндэнта сплавіў падалей у Маскву на заштатную пасаду прарэктара Акадэміі грамадскіх навук... Паўлаў жа перася­дзеў АТК, так і не дачакаўшыся запаветнага кабінету на пятым паверсе, закончыў сваю кар’еру на пасадзе апошняга рэктара мясцовай ВПШ. А Антановіч усё ж зьдзейсьніў сваю блакітную мару – колькі часу пабыў ня проста, а другім сакратаром аперэтачнай Расейскай кампартыі на чале з адыёзным Палазковым. Пасьля правалу ГКЧП і разгону кампартыяў ці не бальшыня нашых землякоў-партфункцыянераў, застаўшыся ў Маскве без пасадаў і іншай сінекуры, як птахі з выраю, пацягнуліся на малую незалежную радзіму, дзе сустракалі іх надзвычай цёпла і гасьцінна, ледзь ці не імгненна ўладкоўваючы на ўплывовыя і грашавітыя пасады. Сярод гэтых, так сказаць, рэпатрыянтаў, канечне ж, не магло ня быць і Івана Антановіча, які ў адрозьненьне ад пераважнай большасьці валодаў ня толькі замежнымі еўрапейскімі, але і роднай беларускай мовай, якая стала дзяржаўнай і магла вельмі і вельмі спатрэбіцца... Антановіча паклікалі пад сьцягі тагачаснага прэм’ера Кебіча, пад якога наменклатура зварганіла канстытуцыю і рыхтавала ў прэзідэнты ледзь ці ня з царскімі паўнамоцтвамі. Іван Іванавіч з найвялікшым імпэтам узяўся за справу і неўзабаве зрабіўся самым актыўным, самым наступальна-агрэсіўным членам Кебічаўскай перадвыбарнай каманды, ейным стратэгам, тактыкам і агітацыйным рупарам. Штодня з ранку да ночы па тэлебачаньні, радыё, у газетах, на мітынгах і сустрэчах з выбаршчыкамі ён скарыстоўваў усё сваё красамоўства, даказваючы, які мудрэц і прафесіянал ягоны патрон і якія ды­летанты, нікчэмнасьці ўсе іншыя прэтэндэнты на прэзідэнцкае крэсла. Кебіч бліскуча прайграў, тым ня менш ягоны верны рупар неўзабаве ўпісаўся ў сьвіту пераможцы, атрымаў выдатную магчымасьць праявіць свае дыпламатычныя таленты на высокай пасадзе міністра замежных справаў, аднак умудрыўся перахітрыць нават самога сябе, словам, наламаў дроў, і гаспадару нічога не заставалася, як выдаліць яго з дыпламатычнага ведамства...