Выбрать главу

Цяжка было не заўважаць, што пасьля Машэрава АТК неяк зьвяў, здаў нават зьнешне, стаў губляць ранейшую ўпэўненасьць, падстрахоўвацца, неахвотна браць на сябе рашэньне неадназначных пытаньняў. Праз нейкі час ён знайшоў паразуменьне з пераемнікам Машэрава Кісялёвым, акрыяў духам, але ненадоўга. Ціхан Якаўлевіч намерыўся памяняць галоўнага ідэолага. Ягоная адстаўка ў сувязі з выхадам на пенсію была абгавораная на сакратарыяце, узгодненая з Масквой. Але Ціхан Якаўлевіч з-за невылечнай хваробы неўзабаве адыйшоў, а прысланаму з Масквы новаму гаспадару рэспублікі Сьлюнькову, адразу ж празванаму дырэктарам ЦК, было не да ідэалогіі. Сьлюнькоў прыгадвае, што АТК быў першы з сакратароў ЦК, хто прыйшоў да яго, расказаў пра прынятае вуснае рашэньне і папытаў, што яму рабіць. Калі верыць Сьлюнькову, ён нічога не адказаў, прыкі­нуўшы, што зараз да гэтага ў яго ня дойдуць рукі, праз колькі дзён сустрэўся з Васілём Быкавым, каб пачуць ягонае меркаваньне пра стан ідэалогіі ўвогуле і праблемы творчай інтэлігенцыі ў прыватнасьці. Васіль Уладзіміравіч сказаў, што праблемаў хапае, але ня стаў пра іх гаварыць, заявіўшы: калі параўнаць з тым, што робіцца ў іншых рэспубліках, то можна лічыць, што ў нас іх няма, і вельмі пахваліў Кузьміна. Паклікаў АТК і сказаў: забудзьце пра тое рашэньне, працуйце... Але няўмольны час дыктаваў новыя ўмовы, патрабаваў сьвежыя падыходы, іншых выканаўцаў – пачыналася зараніца Гарбачоўскай перабудовы. АТК ня быў закасцянелым дагматыкам і кансерватарам, а хутчэй разумным і спакойным рэфарматарам, аднак дынамічная сацыяльная рэальнасьць ледзь ці не штодня стала высоўваць нязвыклыя праблемы, вытыркаць рэчы, пераступіць праз якія ён ня мог, ня выракшыся таго галоўнага, чаму служыў усё сваё жыцьцё. Праз колькі год зноў узьнікла пытаньне аб ягонай замене, ва ўсякім разе на ўзроўні другога сакратара ЦК Генадзя Барташэвіча, які вёў кадры. Наноў было ўзгоднена з Масквой, а пераемнікам яму быў названы, карыстаючыся фармуліроўкамі Барташэвіча, старшыня Дзяржтэлерадыё – малады, але вопытны, умелы, чуйны да новых праблемаў, здольны прымаць сьмелыя, адэкватныя выкліку часу рашэньні, аўтарытэтны ня толькі сярод навуковай і творчай інтэлігенцыі, але і ўсяго ідэалагічнага актыву рэспублікі, вядомы ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім Саюзе і за мяжой паэт Генадзь Бураўкін. І хоць гэтая кандыдатура не зусім падыходзіла пад патрабаваньні Слюнькова: на ўсе ідэалагічныя пасады ад сакратара да інструктара партыйных камітэтаў прызначаць толькі людзей, якія прайшлі загартоўку і школу на пасадах начальнікаў цэхаў, зьменаў, брыгадаў на прамысловых прадпрыемствах альбо брыгадзіраў, загадчыкаў жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў у калгасах і саўгасах, аднак Барташэвіч быў упэўнены, што той ня будзе пярэчыць супраць узгодненай у Маскве кандыдатуры Бураўкіна. Канечне ж, ні я, ні Генадзь пра тое нічога ня ведалі, хоць і даходзілі нейкія чуткі, але ўсё гэта падавалася на той час малаверагодным і амаль нерэальным. І ў Генадзя былі зусім іншыя планы і памкненьні – ён ссумаваўся па ўласнай творчасьці, на якую проста не хапала часу, прагнуў перабрацца на спакайнейшае месца, займець магчымасьць не прыхапкам, а грунтоўна заняцца рэалізацыяй нязьдзейсьненых за гэтыя гады творчых задумак. Ён быў ужо згодзен перайсьці на работу ў Саюз пісьменьнікаў, яшчэ нядаўна зьняўшы сваю кандыдатуру з абмеркаваньня, аднак АТК рашуча заявіў: і ня думай – ты мне патрэбен на тэлерадыё... Калі праз нейкі час у кабінет да Бураўкіна нечакана заявіўся Барташэвіч з інсьпектарам ЦК КПСС па Беларусі і Прыбалтыцы, Генадзю і ў галаву не прыйшло, што гэта агледзіны, і паводзіў сябе перад высокім маскоўскім госьцем абсалютна натуральна і раскавана, гаварыў без усялякай аглядкі, ад чаго Барташэвіч аж круціўся ў крэсьле, утыркаўся ў гаворку, намагаўся неяк згладжваць вострыя вуглы. А потым пазваніў задаволены і паведаміў і пра мэту візіту маскоўскага чыноўніка, і тое, што таму вельмі спадабалася і шчырая, вострая гаворка, і Генадзева кандыдатура, пра што і зробіць заключэньне свайму начальству. А затым АТК паклікалі ў Маскву, выразна намякнулі і спыталі, каго бачыць сваім пераемнікам. Адказаў, што не гатовы назваць адразу, папрасіў час падумаць. Яму назвалі кандытатуру Бураўкіна, і АТК як толькі мог стаў хваліць яго, у канцы зрабіўшы выразную заміначку: ёсьць адзін недахоп – заядлы беларускі нацыяналіст... Гэтага было дастаткова, каб пахаваць рэальнага суперніка. Я не хачу надта строга судзіць АТК – не ён адзін такім чынам падстаўляў падножкі супернікам, тады была, дый пэўна, жыве па сёньня гэтая звычайная практыка паддывановых наменклатурных гульняў...