Выбрать главу

АТК, як і ягоны час, быў неадназначнай і супярэчлівай фігурай, са сваімі сьветлымі і цёмнымі адценкамі, сваімі плюсамі і мінусамі. Ён мог падняць на ногі ўсю медыцыну, апякаючы хворага Уладзіміра Караткевіча, ледзь ці не штодня наведваючы яго ў лечкамісіі, і адначасова пальцам не паварушыць, каб асадзіць Івана Антановіча, які з незвычайнай, як гэта той умеў, напорыстай дэмагогіяй, бесцырымоннай нахрапістасьцю выкручваў рукі членам камісіі па дзяржаўных прэміях, каб уганараваць Дзяржаўнай прэміяй па літаратуры ня хворага Караткевіча, а іншага, асабіста блізкага да Антановіча літаратара. АТК бываў госьцем на кватэрах Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, ад апошняга, усяго на год старэйшага, настойліва патрабаваў зьвяртацца да яго на ты, зваць проста па імені і адначасова заставацца ўбаку, староньнім назіральнікам, калі іхнія творы бязьлітасна калечыла цэнзура. Падобны сьпіс можна працягваць. Тым ня менш па вялікім рахунку, аб’ектыўна, у шырокай персьпектыве ён пакінуў і добры сьлед, і добрую памяць у гісторыі нашай культуры. Ва ўсякім разе параўняцца з ім і блізка ня можа ніводзін з галоўных ідэолагаў ні да яго, ні пасьля яго...