Выбрать главу

За многія гады АТК не прывык і хвіліны бываць без справы, тлумных службовых клопатаў, таму, бадай, кожнаму кідалася ў вочы, наколькі балюча ён перажыве сваю бесцырымонную адстаўку, затаіўшы горкую крыўду і на Першага, і на сваіх былых калегаў, і немаведама яшчэ каго. Ён практычна перастаў заходзіць у ЦК, у адрозьненьне ад бальшыні былых партфункцыянераў высокага рангу зьняўся з ганаровага партуліку і перайшоў у домакіраўніцтва па месцы жыхарства. Каб мець нейкі занятак, засеў за правілы дарожнага руху, паступіўшы на курсы падрыхтоўкі вадзіцеляў, набыў уласнага “Жыгуля”, каб не залежачы ад некага езьдзіць на рыбалку, па грыбы. Ён напрэч адыйшоў ад публічнай палітыкі, нейкай больш-менш актыўнай грамадскай дзейнасьці, нават у бурныя гады так званай перабудовы, хоць уважліва сачыў за ўсім, што дзеецца, намагаўся зразумець і не кідаўся ні на тыя, ні на іншыя барыкады. Ня ведаю, ці працягваў ён актыўныя кантакты з кім-небудзь з дзеячаў літаратуры і мастацтва. Пэўна, не... Хоць хто ж яго ведае... Прыгадваю, ці то з Германіі, ці ўжо з Прагі званіў мне Васіль Быкаў і папрасіў падказаць, калі ёсьць пад рукой, а калі няма – нейкім чынам знайсьці і падказаць яму новы тэлефон Кузьміна, меў намер пазваніць і павіншаваць таго з днём нараджэньня. Вельмі шкадую і дакараю сябе, што пасьля адстаўкі АТК я нават спробы не зрабіў выйсьці на кантакт з ім, адчуваючы нейкую ніякаватасьць і сумненьні ў тактоўнасьці напрошвацца на сустрэчу. Сустракаліся толькі зрэдку, выпадкова на вуліцы, а часьцей за ўсё на хаду ў час невясёлых разьвітальных жалобных мерапрыемстваў з агульнымі знаёмымі, пераважна цэкоўцамі і дзеячамі літаратуры і мастацтва. Апошні раз бачыліся на разьвітаньні з Арсенам Ваніцкім. Ён шчыра ўзрадаваўся, пабачыўшы разам колісь вельмі дружную нашу цэкоўскую тройцу – Сяргея Законьнікава, Алеся Жука і мяне. Пасьпелі пастаяць, пакурыць на вуліцы і заадно добра пагаварыць. Запомніліся ягоныя прачулыя словы: я вельмі рады, хлопцы, за вас, што трымаецеся адзін аднаго. І мой вам наказ і запавет: заўжды трымайцеся разам. Паадзіночку вас загоняць, скруцяць у бараньні рог...

Здаецца, ардынарная сентэнцыя, а не выходзіць з галавы, з гадамі набываючы ўсё глыбейшы і надзёньнейшы сэнс...

Уведаўшы, што яго зваліла невылечная хвароба і зараз знаходзіцца на лячэньні ў Бараўлянах, я пазваніў на кватэру: у якім корпусе і палаце яго шукаць, як пачуваецца, ці можна адведаць? На зьдзіўленьне і радасьць жонка Таісія Андрэеўна сказала:

– А я перадаю яму трубачку, сам раскажа...

Адчувалася, Аляксандр Трыфанавіч рады майму званку. Яго адпусьцілі на колькі дзён, зрабіўшы невялікі перапынак між цяжкімі сеансамі хіміятэрапіі. Ягоны глухаваты голас быў нязвыкла слабы, але гаварыў і гаварыў, жыва цікавячыся, што робіцца ў Саюзе пісьменьнікаў, што чутно з Прагі ад Быкава, ці мне пішацца, як там маюцца хлопцы, потым узбадзёраным голасам сказаў:

– Вельмі хацеў бы вас бачыць. Бяры Генадзя, Сяргея і заходзьце...

– А калі?..

– Ды хоць бы заўтра ці пасьлязаўтра... – Схамянуўся: – Хаця, не... Мяне па­вінны забраць на тыдні два ў бальніцу. Во вярнуся... Сазвонімся і дамовімся...

– А калі мы наведаемся да вас у бальніцу?

Ён рашуча і катэгарычна адмёў такі варыянт: хочацца гаварыць з намі, трохі ачуняўшы ад цяжкіх працэдураў, бо гаворка маецца быць доўгай і нясьпешнай, бяз лішніх вушэй. І пасьля паўзы загадкава дадаў: ёсьць што прыгадаць, ёсьць што вам расказаць...

Насамрэч яму было што прыгадаць, было што расказаць, прыадчыніць, высвятліць нейкія важныя спружыны і таямніцы, мо нават споведдзю перад намі, маладзейшымі, зняць з душы камень, паспрабаваць апраўдацца, даць магчымасьць паўней зразумець, асэнсаваць і ягоны супярэчлівы час, і яго самога. На вялікі жаль не паспеў... Нібы знарок, нібы па нейкай дзіўнай іроніі лёсу свой апошні аэрадром, свой апошні зямны прытулак ён, ваенны штурман і дзяржаўны дзеяч, знайшоў на ганаровых Усходніх могілках па суседству і ў акружэньні слынных людзей навукі, літаратуры і мастацтва, сяго-таго з якіх ён калі і ня надта любіў, то паважаў, і яны яму плацілі тым жа. Побач зьлева аказаўся легендарны пясьняр Уладзімір Мулявін, непадалёк у суседніх радах Кандрат Крапіва, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, а праз нейкіх паўгоду побач, па суседству, справа лёг Васіль Быкаў, затым трошкі далей – Іван Шамякін...