Выбрать главу

– Як так? – пытаюся разгублена. – Не пагаварыўшы, не спытаўшы згоды...

– Партыя сказала: трэба, камуніст адказвае: ёсьць! – падміргнуў з гарэзьлівай усьмешкай Мікола...

Во гэтак і адбыўся мой кар’ерны скачок з радавога літраба ў намесьнікі рэдактара. А па вялікім рахунку зроблены пачатак, калі ў цябе ня надта пытаюцца, хочаш ты ці ня хочаш, тваім лёсам пачынае распараджацца партыя. Праўда, можна ўперціся, як баран у новыя вароты, калі ёсьць жаданьне, каб на цябе махнулі рукой, задавальняе персьпектыва бязвыездна дасядзець да пенсіі літрабом, у лепшым выпадку загадчыкам аддзелу ў сваёй раёнцы.

Пераязджаць у Жалудок, дакладней – пакідаць сваю родную рэдакцыю, калегаў, з якімі гэтак шчыра здружыліся-спрацаваліся, вельмі ж не хацелася. Першым, да каго зайшоў параіцца раніцай і паказаў абкамаўскае накіраваньне, быў Фядотаў. Аказалася, ён ужо ведаў – пры ім учора пад вечар рэдактару званіў з абкаму загадчык сектару друку Русаковіч. Іван Пятровіч трохі паўпіраўся: мы ледзь ці ня год трымалі для яго вакансію, планавалі ў бліжэйшы час прызначыць загадчыкам аддзелу, а вы знайшлі сякеру пад лаўкай, але ў рэшце рэшт здаўся – надта ж важкае вылучэньне. Шкада, канечне, разважыў Уладзімір Мікалаевіч, але табе і насамрэч расьці трэба. Змудзяк – мужык харошы, Мікола – райкамаўскі начальнік, дый брата Міхаіла ты ведаеш. У крыўду не дадуць... І Жалудок зусім побач, у нейкіх дваццаці кіламетрах, лічы, прыгарад Шчучына... Так што будзем бачыцца-сустракацца...

Тое, што рэдактар ужо ведае пра маё вылучэньне, мусіла трохі спрасьціць нашую гаворку, хоць усё роўна адчуваў перад ім незразумелую віну і ніякаватасьць. Іван Пятровіч быў чалавек прамы і адкрыты, часам рэзкі і грубаваты, але адходлівы і справядлівы, зла не трымаў за пазухай, за што яго паважалі і любілі... Шчыра расказаў, што дзеецца ў мяне на душы, і ён паглядзеў з разуменьнем, супакоіў: ты ж не бяжыш на літрабаўскую пасаду ў Гродна, Ліду, ці Слонім альбо Навагрудак. А для цябе гэта выдатны старт, і я рады, хоць, канечне, разьвітвацца шкада... Дый едзеш ня к чорту на выселкі куды-небудзь у Іўе ці Астравец... Тады газеты, як і раёны, розьніліся па катэгорыях і, адпаведна, па перыядычнасьці, штатах, акладах, ганарарным фондзе. Катэгорыя, натуральна, вызначала і прэстыжнасьць выданьня. Адно Ліда, другое Слонім, Навагрудак, Ваўкавыск, Шчучын і трэцяе Іўе ці Зэльва, пра якія ў кіруючых наменклатурных колах хадзіла пагаворка: Бог стварыў неба і землю, а чорт – Іўе і Зэльву. Жалудок па катэгорыі быў нараўне з тымі ж Іўем, Зэльвай, Астраўцом, Радуньню, Воранавам, але ня гэта мяне тады хвалявала. Непакоіла: як сустрэнуць, як успрымуць, як паставяцца ў калектыве да маладога, жоўтаротага намесьніка рэдактара, які ня мае нават незакончанай вышэйшай адукацыі, а ў рэдакцыі – людзі пераважна сталага веку, багатага жыцьцёвага вопыту, са шматгадовай газетнай практыкай?

Але ў творчых калектывах усё значна прасьцей: мяркуюць не па ўзросьце і пасадзе, а па тым, што ты можаш. А я сёе-тое ўмеў, дый энергіі было хоць адбаўляй. І калі ў газеце бесьперапыннай плыньню пайшлі матэрыялы ў розных жанрах, асабліва пасьля амаль на ўсю паласу вершаванага сатырычна-гумарыстычнага рэйду пад колішняй астрашкоўскай запеўкай “Няхай злуецца той, каму няміла...” пра парадкі ў райбыткамбінаце, нават такія газетныя аксакалы, як загадчыкі аддзелаў Восіпаў і Хілько, пачалі ставіцца паважна, прыслухоўвацца і прымаць любую заўвагу ці праўку. Словам, стаў пачуваць сябе ў новай ролі свабодна і камфортна. Таму спрыялі і добрыя, даверчыя, таварыскія стасункі з рэдактарам Абрамам Данілавічам, якія ў нас склаліся адразу ж, у многім дзякуючы Міколу Каралёву. За нейкі месяц на амаль новенькім К-740, які перайшоў у маё аднаасобнае карыстаньне, паколькі ніхто ў рэдакцыі вадзіць яго ня ўмеў, а рэдактар карыстаўся старэнькім “Масквічом”, аб’ехаў увесь раён, у тым ліку пакалясіў і па трохі знаёмых лясных дарогах у занямоньні, дзе некалі бывалі з Уладзімірам Фядотавым зьбіраючы матэрыял да ягонай кнігі “Мёртвыя застаюцца жывымі”, пазнаёміўся з кіраўнікамі калгасаў і саўгасаў. У раёне было нямала моцных гаспадарак, значна больш, чым у Шчучынскім, шмат старшыняў сапраўдных народных самародкаў, як Міхаіл Іванавіч Буча ў вёсцы Дзікушакі, які пазьней стане адным з галоўных прататыпаў Кунцэвіча ў “Шануй імя сваё”. Такіх, як Мікалай Манікала, які выдатна гаспадарыў у занёманскім калгасе на пясочках і палянах, а потым, калі перакінулі ў дабіты да ручкі калгас у Гасьцілаўцах, і яго за нейкі год вывеў у людзі. Прастаршыняваў ён тут амаль паўстагоддзя, сустракаліся з ім ня раз у розныя гады і пры розных абставінах. Ці прадстаўнічы, рашучы данскі казак Канцадалаў, які ледзь-ледзь не атрымаў Зорку Героя. А якую фірменную данскую юшку ён умеў варыць! Ці сын сонечнай Адыгеі Аслан Чухо, які ўжо ў тыя гады ўмудраўся на вялікіх плошчах вырочваць кукурузу ня толькі на зерне, але і на насеньне. А ягоны сакратар партарганізацыі па прозьвішчы Груца быў увогуле чалавек з неспасьцігальнымі здольнасьцямі. Калі расказвалі – нізашто не хацеў даваць веры, пакуль на свае вочы не пабачыў, як ён нырае ў Нёман і вынырвае з ладнай рыбінай у кожнай руцэ А іншы раз дык яшчэ адну трымае ў зубах. Два-тры ныркі – і ёсьць на ўварыстую юшку.