Выбрать главу

Паўлаў, здаецца, ўсімі фібрамі душы ненавідзеў Бураўкіна, і на тое, пэўна, былі падставы. Генадзь для яго быў непапраўны, закаранелы нацыяналіст, можна сказаць, закляты ідэйны вораг, які заўсёды абыходзіў яго на паваротах. Непрыязь да незалежнага і пасьпяховага Бураўкіна ў ім жыла даўно, і сам дакладна ня ведаў, з якіх часоў. Раздражнялі і ягоныя шматлікія артыкулы ў “Правде” па праблемах ідэалогіі, культуры, гісторыі, і тое, што патрапіў прадстаўляць гэтую найсаліднейшую партыйную газету ў Беларусі з падтрымкі і пратэкцыі Машэрава. Саўка ніяк ня мог зразумець, як здолеў, на ягоную думку, чалавек з сумніўным сьветапоглядам уцерціся ў давер, гэтак ачмурыць вопытнага і мудрага Машэрава. Ды не аднаго Машэрава! Яму дазваляецца выходзіць напрамую і вырашаць пытаньні ў Аксёнава, Кузьміна, ня кажучы пра Кісялёва і ягоных намесьнікаў. Цераз ягоную, Паўлава, галаву, без усялякага ўзгадненьня і прапрацоўкі на ягоным узроўні. Па маіх назіраньнях нялюбоў Паўлава да Бураўкіна дзіўным чынам ужывалася з паважным стаўленьнем да яго і яшчэ, здаецца, таемнай зайздрасьцю ва ўсім – і ягонаму таленту, і ягонай рэспубліканскай і саюзнай вядомасьці, і ягонай камунікабельнасьці, абаяльнасьці, уменьню сыходзіцца з людзьмі, і ягонай імгненнай рэакцыі, у любой сітуацыі ня лезьці ў кішэню па слова. Паўлаў не адважваўся канфліктаваць, брацца ў рожкі з ім адкрыта, пэўна, асьцерагаўся ня толькі чарговы раз нарвацца на высокае заступніцтва, але і вострага Генадзевага языка, здольнага асадзіць, выставіць на сьмех каго хочаш. Таму, наступіўшы на горла ўласнай песьні, змушаў сябе па-прыяцельску зычліва, нават лісьліва ўсьміхацца Бураўкіну, спа­дзеючыся, што будзе сьвята і на ягонай вуліцы, ды ўсё часьцей і часьцей зрываючы сваю прыкрасьць і злосьць на мне. Нашыя добрыя службовыя стасункі неў­забаве сталі зусім псавацца. Пераканаўшыся, што патрэбнай інфармацыі, ці па­просту кажучы кампрамату на Бураўкіна, ад мяне не дачакаецца, больш таго – пастаянна абвяргаю альбо зводжу на анішто даносы ягоных сексотаў, Паўлаў дачакаўся зручнага моманту і вырашыў, самы час адкрываць па мне агонь на паражэньне – яму патрэбны быў на гэтай пасадзе зусім іншы, свой чалавек...

Калі гаварыць аб’ектыўна і па вялікім рахунку, то Бог насамрэч не абдзяліў Паўлава вострым розумам, арганізатарскімі здольнасьцямі, публіцыстычным талентам, што прадвызначала яму сьветлую будучыню, добрыя справы, людскую ўдзячнасьць і доўгую памяць. Ды, мусіць, пры гэтай дзяльбе не драмаў і чорт, неўпрыкмет падсунуўшы невыносна-цяжкі характар, з якім няпроста будзе рэалізаваць Богам задуманае. Пэўна, усё жыцьцё, ва ўсякім разе наколькі мог назіраць за ім у час сумеснай работы ў ЦК, ён змагаўся са сваім характарам, рабіў адчайныя спробы ўтаймаваць, зацугляць, узяць пад кантроль грубую, злую, чорную сілу, што расьпірала, рвалася з яго. Аднак яна была непадуладная ягонаму розуму, ягоным добрым памкненьням. Іншы раз неймавернымі высілкамі волі і з дапамогай супакаяльных пілюляў яму ўдавалася браць сябе ў рукі, але толькі на нейкі час, ненадоўга – натура ва ўсёй сваёй нядобрай, злой праяве няўмольна рвалася, вылузвалася наверх, прагнучы наталеньня новай энергіяй... Яна, натура, насамрэч нагадвала садыстку, вампірку, якая пастаянна патрабуе ахвяры, псіхічнай падзарадкі, без чаго пачувае сябе дужа няўтульна, дыскамфортна, хваравіта. У аддзеле пастаянна быў нехта ў ролі Паўлаўскай ахвяры, казла адпушчэньня, над кім ён літаральна зьдзекваўся, і чым ямчэй, балючай удавалася абразіць, растаптаць маральна, прынізіць, зьніштожыць чалавека, тым, адчувалася, ён большую асалоду меў. Гэтыя ахвярапрынашэньні сабе самому рабіліся, звычайна, публічна, для чаго склікаў да сябе ў кабінет усіх, хто быў на месцы, і працягваліся з дня ў дзень, аж пакуль не даламваў, не дабіваў некага, робячы кар’ерны крывапуск, альбо вярбуючы сабе ў сексоты, ці не выбіраў сьвежую ахвяру... На маёй памяці ў аддзеле ягонымі ахвярамі, казламі адпушчэньня, хлопчыкамі для біцьця былі Коля Шоба, Слава Некрашэвіч, Мікола Жылінскі, Мікола Зяньковіч, Генадзь Анціпаў, Васіль Каленчыц, Генадзь Суднік, Віктар Крукоўскі дый іншыя. А трохі раней дык больш за ўсіх Міхась Парахневіч. Не было ў Паўлава ні літасьці, ні элементарнага такту, калі таптаў у гразь, еў поедам, даводзячы да сьлёз мілую і дабрэйшай душы Людмілу Севасьцьянчык, бязрукага інваліда Віктара Кіселя. Канечне, ва ўсіх іх можна было знайсьці нейкія недахопы, прамашкі ў рабоце, але гэта былі пераважна разумныя, прыстойныя людзі з вучонымі званьнямі, літаратурнымі здольнасьцямі. Адны з іх, як добры празаік Міхась Парахневіч, зламалі­ся, другія, як Мікола Зяньковіч, якога ўзялі ў ЦК КПСС, дзе зусім за кароткі час прайшоў шлях ад інструктара да намесьніка загадчыка аддзелу, выдатна праявілі сябе, пакінулі сьлед і добрую памяць ў іншых калектывах. Мне з першых жа дзён вельмі не падабалася маральныя экзекуцыі Паўлава, як і незразумелым было пакорлівае маўчанне калегаў. Пэўна ж, думаў, адчуваюць свае прамашкі, сваю віну, калі моўчкі згаджаюцца, не супраціўляюцца, не абураюцца, не даюць здачы, не бароняць свой гонар і чалавечую годнасьць... Потым стаў прыглядацца, карыстаючыся добрым стаўленьнем да сябе, іншы раз устаўляў рэплікі, каб зьвесьці на жарт, трохі астудзіць гнеўны імпэт, за што тут жа атрымліваў заўвагу і незлась­лівага лёгкага прачуханца. І вось наступіла і мая чарга...