Выбрать главу

Вэрхал ўсчаўся пасьля прамой трансляцыі футбольнага матча, які ўпершыню на тэлебачаньні з пачатку да канца каментаваў па-беларуску Алесь Камароўскі. Гэта была нечуваная дзёрзкасьць. З самай раніцы тэлефоны ў ЦК аж разаграваліся ад званкоў. То былі пераважна пратэсты, і больш за ўсё ад вайскоўцаў. Званілі і тыя, хто вельмі ўхваляў пачатае, але рабіў заўвагі і прапаноўваў падказаць тэлевізійнікам чыста беларускія аналагі спартыўна-футбольных тэрмінаў. Памятаю, пазваніў нейкі грузін і з акцэнтам на ламанай беларуска-рускай трасянцы стаў тэмпераментна хваліць, напорыста патрабаваць, каб усе перадачы на беларускім тэлебачанні ішлі толькі па-беларуску. Мяне гэта вельмі кранула, даў яму тэлефон Паўлава і папрасіў пазваніць і сказаць усё яму. Такім макарам пераадрасаваў яшчэ некалькі званкоў. Ня ведаю, якая там размова адбылася, але Паўлаў паклі­каў не мяне, а майго інструктара Ганну Сьцяпанаўну Лазоўскую, свайго намесь­ніка Гаўрылу Міхайлавіча Конанава і загадаў тэрмінова рыхтаваць пытаньне на бюро ЦК з аргвывадамі. Назаўтра пошта прынесла і пісьмовыя водгукі. Мо праз кожныя паўгадзіны мы перазвоньваліся па “вяртушцы” з Генадзем, абменьваліся інфармацыяй, узгаднялі і ўдакладнялі нашыя дзеяньні. Мы былі ўпэўненыя, што робім правільна, і не было ні ценю сумненьня, ніякай разгубленасьці ці страху. Генадзь размаўляў з АТК, і той успрыняў усё гэта даволі спакойна і нейтральна, сказаў, што высокапастаўленыя вайсковыя чыны, відаць, з нечае падачы мусіруюць пастаноўку пытаньня на бюро, але ня можам жа мы па кожнай спартыўнай тэлеперадачы зьбіраць бюро. На душы палягчэла...

Пад канец дня ўзбуджаны, змрочны Паўлаў сабраў, хто быў на месцы, на тэрміновую нараду і, махаючы стосам пісем, з ледзь прыхаваным трыумфам у голасе з ходу ў сваёй звычайнай манеры атакаваў мяне поўным наборам абвінавачаньняў, ярлыкоў і лаянак. У мяне была радасьць ад душы ад масы званкоў пад­трымкі на тэлебачаньне, пра што толькі-толькі па тэлефоне расказаў Генадзь, і гнеўныя тырады, пагрозы, абразы Паўлава мала краналі, аж сам дзівіўся, наколькі спакойна ўспрымаю іх, быццам тычыліся не мяне ўвогуле, і гэта разьятрывала яго яшчэ больш. Стоячы, размахваў рукамі, крычаў, што не давярае, і дня не намераны трымаць у аддзеле, гразіў адабраць партыйны білет. Гэта было ўжо занадта. Я падняўся, стрымана, але цьвёрда заявіў, што ня ён мне ўручаў партбілет і не яму адбіраць, а ўсе ягоныя абвінавачаньні аблыжныя, несур’ёзныя, сьмеху вартыя, што грубіць абражаць сябе я не дазволю. Ці то ён не разумеў сэнс слова “аблыжны”, ці яно падалося яму надта ж абразьлівым, кранула за жывое, але літаральна ўзарваўся, ледзьве валодаючы сабой ашалела-тупа паўтараў: я табе дам “аблыжны”, я табе пакажу “аблыжныя”!.. Першы раз бачыў ягоныя ашклянелыя, засмужаныя павалокай, налітыя злосьцю вочы, і міжволі працяла незразумелае пачуцьцё, замешанае на нейкім падсьвядомым містычным страху і адначасова спагадзе і спачуваньні яму. А ён не сунімаўся, то пераходзіў на неразборлівы крык, то трохі збаўляў тон, падбіраючы самыя крыўдныя і абразьлівыя словы, відавочна правакуючы мяне на скандал, а я на злосьць яму працягваў заставацца спакойным і стрыманым. Але праз нейкі час не рэагаваць стала немагчыма, і наколькі яшчэ мог спакойна, прапанаваў яму астудзіцца, супакоіцца, спыніць гэты базарны лямант, а затым ужо пагаварыць сур’ёзна, без абвінавачаньняў, па-сутнасьці, як таго вымушае статус нашай саліднай установы. Паўлаў ажно разгубіўся ад такога майго нахабства...

У калідоры адны адкрыта ці неўпрыкмет пад локаць паціскалі мне руку, другія з заклапочаным выглядам разьбягаліся па сваіх кабінетах. Паўлава баяліся, але ня надта паважалі і ў сваім, і ў сумежных аддзелах. Як і ў падведамасных, так і непадведамасных аддзелу прапаганды арганізацыях, ўстановах, творчых саюзах і вучэбных установах, дзе ён меў дурную славу і процьму пакрыўджаных, каму паламаў кар’еру, насаліў, нахаміў – і калі было за што, і без дай прычыны. І яны люта ненавідзелі Паўлава – хто спадцішка, асьцерагаючыся ягоных сексотаў, хто адкрыта і дэманстратыўна, як ягоны намесьнік Васіль Каленчыц, які не хаваў, што згадзіўся пайсьці ў памочнікі да Машэрава толькі з адной мэтай адкрыць таму вочы і зваліць Паўлава. Не пасьпеў...