Выбрать главу

А ўвогуле гэта дзіўная і рэдкая зьява, калі начальніка цэняць, паважаюць як прафесіянала і ненавідзяць як чалавека. Гэткай дваістай фігурай і быў загадчык галоўнага ідэалагічнага аддзелу ЦК. Мне падабаліся ягоныя публіцыстычныя, сатырычныя творы, феналагічныя нататкі і замалёўкі, якія ён друкаваў пад сваім прозьвішчам у “Полымі”, “Нёмане”, “Вожыку”, “Роднай прыродзе” і іншых выданьнях. Праўда, куды слабейшымі, кволенькімі падаваліся ягоныя спробы ў мастацкай прозе. Ён літаральна расьцьвітаў, калі я часам заводзіў гаворку пра ягоныя творы – і калі хваліў, і калі рабіў нейкія заўвагі. Хацелася яго зразумець, многае дараваць, апроч, канечне ж, беспардоннага хамства ў дачыненьнях з падначаленымі і, найперш, безумоўна, ваяўнічага русіфікатарства, зьняважлівага стаўлення да беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Памятаю, неяк гаварыў па “вяртушцы”, здаецца, з дырэктарам праграм Пятром Каваленкам, натуральна, па-беларуску і ў гэты час падаў голас другі, звычайны гарадскі тэлефон. Як заўсёды, падняў трубку, папрасіў пачакаць хвіліначку, хуценька закончыў гаворку па “вяртушцы”, пераключыў увагу на гарадскі. На дроце быў... Паўлаў! Мо з паўхвіліны ён чуў нашую гаворку, і першае, што сказаў: на каком это ты еще языке разговариваешь?! І ў ягоным зьдзеклівым голасе быў і недвухсэнсоўны напамінак, на якой мове належыць размаўляць у кабінетах ЦК, і непрыхаваная абраза і пагарда да роднай мне мовы. Адказаў яму рэзка, непрыязьнена, з выклікам: а вы што, ужо не пазнаеце мову рэспублікі, у якой жывеце?! Паўлаў зразумеў, што хапіў лішку, спакойным, прымірэнчым голасам павёў гаворку пра нейкую службовую справу. Ні тады, ні цяпер для мяне застаецца неспасцігальным, як чалавек, які дастаткова добра валодае беларускай мовай, піша на ёй свае артыкулы, гумарэскі, фельетоны, памфлеты, замалёўкі і зацемкі для беларускамоўных выданьняў, можа грэбліва ставіцца да яе. Неяк, калі яшчэ ў нас былі добрыя, паважлівыя службовыя стасункі, ён з характэрнай упэўненасьцю і катэгарычнасьцю ўбіваў у галаву мне, недасьведчанаму, што мова – гэта ня больш і ня менш, чым рэлейныя лініі, тэлефонныя правады, радыё і тэлеперадатчыкі, газетная папера, іншыя камунікатыўныя сродкі, а ўсё астатняе – нацыяналістычная балбатня і несусьветнае глупства...

Тады ж у Паўлава, дзе прысутнічаў аддзел у поўным складзе, удавалася на дзіва лёгка саўладаць з эмоцыямі, аднак, як толькі застаўся адзін у сваім кабінеціку, не знаходзіў сабе месца, эмоцыі рваліся наверх, карцела выліць некаму ўсё, што накіпела на душы, а лепш дык даць здачы, выказаць усё, аднак нешта стрымлівала вяртацца да яго і даказваць тэт-а-тэт... Пазваніў Генадзь, па маім голасе зразумеў, што нешта здарылася, паабяцаў праз хвілінаў сорак па дарозе з работы зазірнуць да мяне ў “начлежку”. Ніколі яшчэ сыход з ЦК ня быў такім рэальным і непазьбежным. Гняло толькі адно: не пасьпеў атрымаць тут, у Менску, кватэру. І што цяпер застаецца? Нясолана хлябнуўшы, вяртацца ў Гародню ды шукаць нейкую работу. Павагаўшыся, рашыў “паспавядацца” ў АТК, які, звычайна, да позьняга вечару заседжваўся ў сябе ў кабінеце...

Аляксандр Трыфанавіч выслухаў з лёгкай хітраватай усьмешачкай, запытаў, ці не сарваўся я пры сьведках на грубасьць і лаянку? Запэўніў, што не, і ён ­пахваліў, супакоіў: не бяры да галавы – пакуль я тут, нічога ён табе ня зробіць... На душы адразу ж адлягло, а ён строга наказаў: трымай сябе ў руках, як бы не правакаваў Паўлаў на людзях, пры сьведках – не сарвіся, не дай яму такой радасьці, хітравата ўсьміхнуўся і параіў:

– А ты дулю ў кішэні трымай і цярпі. Альбо ўяўляй сабе, што разьбіваеш яму аб лоб сырыя яйкі – і жаўткі, бялкі расплываюцца па ягонай фізіяноміі... Па­спрабуй – памагае... А бяз сьведак, калі ніхто ня чуе – сьмела пасылай к бенінай матары, хай потым некаму паспрабуе даказаць... А каб супакоіцца – абыйдзі два-тры кругі вакол ЦК, пасядзі ў скверыку. Праходзіць...

Ня ведаю, які эфект ад дулі ў кішэні, бо не пасьпеў апрабаваць, а вось пасылаць бяз сьведак Паўлава да бенінай мамы ды ў дадатак яшчэ пакрыць смачным мацюком – насамрэч вельмі памагала... Аднойчы, калі Паўлаў пры сьведках стаў выходзіць з сябе, правакуючы мяне на скандал, нечакана ўявіў, што разьбіваю яйкі аб ягоны лоб – і ня мог стрымацца ад рогату ў самы што ні ёсьць эмацыянальна-напружаны момант, ад чаго Паўлаў аж пасінеў. Ён глядзеў з лютасьцю ў вачах, як мяне душыць сьмех, пэўна, прымаў трохі за ненармальнага, як дарэчы, і я яго, са спачуваньнем...