Выбрать главу

А тым часам трэба было ажыцьцявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму – стварыць незалежную ад ЦТ самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест другой маскоўскай, дзе пераважна трансьляваліся ў паўторы перадачы першай ды толькі зрэдку арыгінальныя, па нейкіх прычынах забракаваныя на асноўным канале. Усе саюзныя рэспублікі хто раней, хто пазьней сфармавалі свае тэлепраграмы, адна нашая ўзорна-інтэрнацыянальная беднай сіроткай тулялася са сваімі тэлеперадачамі па праграмах Цэнтральнага тэлебачаньня (вядома ж, толькі на сваёй тэрыторыі) па больш-менш, але часьцей за ўсё па зусім непрыдатных адрэзках часу, калі тэлевізар глядзяць хіба што піянеры ды пенсіянеры. Нашая дырэкцыя праграмаў толькі тым і займалася, што ўзгадняла, выпрошвала час у Масквы, паколькі ня мела права без санкцыі ЦТ закрыць ніводнай іхняй перадачы як па першай, так і па другой праграмах. Нашых запалоханых, зацюканых прававерных інтарнацыяналістаў панічна, як чорт ладану, палохалі самі тэрміны “незалежная”, “самастойная” ды яшчэ ў спалучэньні з “беларуская”, а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным сьвятатацтвам. Паўлаў з парогу адрынуў прапановы Бураўкіна, угледзеўшы ў іх незамаскіраваную ідэалагічную дыверсію нацыяналістычнага кшталту. АТК паставіўся даволі асьцярожна, без асаблівага імпэту, хоць і ведаў станоўчае стаўленьне да самастойнай рэспубліканскай праграмы кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё СССР, пазіцыю ЦК КПСС. Машэраў рашуча падтрымаў і даў сваю прынцыповую згоду пачынаць падрыхтоўчыя работы, каб да Новага году, напярэдадні чарговага зьезду Кампартыі Беларусі самастойная рэспубліканская праграма выйшла ў эфір, абяцаў сваё спрыяньне ва ўсім. Да вызначанага тэрміну заставалася трохі больш за паўгоду. Патрэбны былі каласальныя высілкі як творчага, так і тэхнічнага плану. Мабыць, найперш творчага, каб распрацаваць канцэпцыю і запусціць у вытворчасьць, адпрацоўваючы свой стыль, сваю адметнасьць, уласныя цыклавыя перадачы і каб па якасьці яны не саступалі маскоўскім, складалі ім рэальную канкурэнцыю, без чаго рэспубліканская праграма пацерпіць поўнае фіяска. Менавіта на гэта была скіравана ўся творчая дзейнасьць галоўных рэдакцыяў, вакол гэтай задачы вяліся творчыя пошукі, рыхтавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Па лініі Мінсувязі ўводзіліся ў эксплуатацыю новыя перадатчыкі, рэлейныя лініі, і ўжо да канца году была рэальная магчымасьць забясьпечыць упэўнены прыём адной тэлепраграмы на 93, двух – на 86 і трох – амаль на 25 адсотках тэрыторыі рэспублікі. Падрыхтоўчыя работы ішлі поўным ходам, і ўжо, здавалася, нішто ня зможа затармазіць, тым больш спыніць іх. Але восеньню трагічна загінуў Машэраў, а новы Першы ўнікаў у справы, прападаў у паездках то ў Маскве, то па абласьцях і раёнах. Тэрмінова трэба было прымаць падрыхтаваную больш чым месяц назад пастанову бюро, юрыдычна ўзаконіць самастойную рэспубліканскую тэлепраграму і тэрмін яе ўвядзеньня. АТК колькі раз соваўся з гэтым да Кісялёва, але той не даваў гаварыць: трэба разабрацца, зараз мне не да гэтага... Паўлаў ведаў гэта, ажыў духам, рашуча стаў на сваю ранейшую пазіцыю, спадзяваўся, мусіць, узяць рэванш, а найперш прадэманстраваць новаму начальству сваю існую інтэрнацыяналісцкую сутнасьць. АТК трымаўся асьцярожна і нейтральна. Над будучай тэлепраграмай павіс вялікі пытальнік. Генадзь рынуўся да вельмі занятага Кісялёва, і тут жа без усялякіх праблемаў атрымаў аўдыенцыю, у час якой былі зьнятыя ўсе пытаньні, дасягнутае поўнае ўзаемапаразуменьне, пастанова аб рэспубліканскай праграме была аднагалосна прынятая на чарговым пасяджэньні бюро.

Людзям ня надта падабаецца, калі ў іх адбіраюць нешта знаёмае, звыклае, нават калі ўзамен даюць больш дасканалае, лепшае. Таму прадбачылі, што гэтакая кардынальная ломка тэлеэфіру выкліча неадназначную рэакцыю. Канечне, больш за ўсё хвалявала, трывожыла непазьбежная пратэстная рэакцыя тэлегледачоў. Каб згладзіць, самартызаваць, зрабіць яе мінімальнай, важней за ўсё было заявіць пра сябе адразу, застведчыць свой твар з першых жа выпускаў. Таму праграму на першы тыдзень фармавалі асабліва ўважліва і патрабавальна. Разам з Генадзем, ягоным намесьнікам па тэлебачаньні Віталем Дзьмітравічам Чаніным, дырэктарам праграмаў Пятром Савельевічам Каваленкам, галоўным рэжысёрам і мастаком да позьняй ночы праглядалі, адбіралі ўсё лепшае, арыгінальнае, што падрыхтавалі галоўныя рэдакцыі, абноўленае мастацкае і музычнае афармленьне, застаўкі. Пайшоў насустрач і кінапракат, прадаставіўшы ня толькі лепшыя старыя, але новыя кінафільмы, якія яшчэ не былі ў тэлеэфіры. А ў Маскве выпрасілі копію папулярнага шматсерыйніка “Сямнаццаць імгненьняў вясны”, які ўжо даўненька не зьяўляўся ў тэлеэфіры.