Выбрать главу

Новагоднія сьвяты і яшчэ дні два-тры пасьля іх прайшлі адносна спакойна, хоць тэлефоны і ў Дзяржтэлерадыё, дый ў ЦК не змаўкалі з ранку да вечару. Званілі людзі з розных месцаў, хто вельмі ўхваляў перадзел тэлеэфіру, высока ацэньваў новую беларускую праграму, але пераважная большасьць званкоў была ад незадаволеных – і спакойных, і поўных абурэньня. Як і можна было чакаць, крайне незадаволенымі аказаліся тыя 5-8 адсоткаў тэлегледачоў, што з-за разводкі праграмаў пазбавіліся магчымасьці бачыць Менск. Найперш у беларуска-літоўскім і беларуска-латышскім памежжы, на паўднёвым усходзе Гомельшчыны і паўночна-усходнім рэгіёне Віцебшчыны. Каб супакоіць людзей, з дазволу ЦТ вечарам у лепшы вячэрні час выйшлі на першую праграму з перадачай, у якой сьпецыялісты рэспубліканскага тэлецэнтру і Мінсувязі падрабязна расказалі аб планах і персьпектывах поўнага ахопу праграмай Беларускага тэлебачаньня ўсёй тэрыторыі рэспублікі, дзе і калі ў бліжэйшыя два гады будуць устаноўлены новыя перадатчыкі, рэканструяваны тэлецэнтры ў Гомелі і Віцебску з заменай састарэлых перадатчыкаў і ўзьвядзеньнем новых, амаль удвая вышэйшых тэлевежаў. Тут жа даваліся кансультацыі па абсталяваньні складаных антэнаў, з дапамогай якіх можна прымаць перадачы з Менску практычна ў любым населеным пункце. З такімі кансультацыямі сьпецыялісты рэгулярны выходзілі ў эфір, парады, схемы друкаваліся ў рэспубліканскім і мясцовым друку яшчэ за два месяцы да гэтага, але праўду кажуць: мужык не перахрысьціцца, пакуль гром ня грымне...

На чацьвёрты-пяты дзень на ЦК абрынуўся літаральна вал пісьмовых пратэстаў, ад іх жа і аж раскаляліся тэлефоны. І амаль усе – на закрыцьцё перадачы “Добрый вечер, малыши”, якая трансьлявалася па другой праграме. Замест яе беларуская “Калыханка” з дзедам-Барадзедам, на думку пратэстуючых, і блізка не ішла ні ў якое параўнаньне. Прасілі, патрабавалі вярнуць дзецям любімых Хрушу і Сьцяпашу. Вайскоўцы з Паставаў і іхнія сем’і ў калектыўным лісьце з ледзь ці ня тысячай подпісаў абураліся, што першую праграму перакінулі на другую кнопку і яна прымаецца ў іх у горшай якасьці. Былі яшчэ трывожныя лісты футбольных балельшчыкаў: а што будзе з матчамі, якія часам трансьляваліся толькі па другой праграме? Ну і, канечне ж, лісты з рэгіёнаў, дзе ўвогуле перасталі прымаць Беларускае тэлебачаньне.

Назаўтра з самай раніцы мяне і Гаўрылу Міхайлавіча Конанава, які пасьля Каленчыца стаў намесьнікам загадчыка і курыраваў сродкі масавай інфармацыі, паклікаў да сябе радасна-узбуджаны Паўлаў і з ходу:

– Ну, што-о?! Дагуляліся!.. Пасьля абеду зьбіраецца бюро і ўсе вашыя эксьперыменты будуць пахераныя. Тэрмінова адкручвайце назад! Каб сёньня ж усё стала на сваё месца...

Мы дружна запярэчылі: ня трэба пароць гарачку, можна сёе-тое паправіць – і ўсё аціхне, уляжацца... Дый яшчэ невядома, якое рашэньне прыме бюро, ці захоча адмяняць сваю нядаўна прынятую пастанову аб арганізацыі рэспубліканскай праграмы. Ён катэгарычна стаяў на сваім. Я заявіў, што такой каманды аддаваць ня буду, а каб і аддаў насуперак сваёй волі, мяне ўсё роўна не паслухаюцца ні Бураўкін, ні Чанін. Такую каманду можа аддаць толькі Ціхан Якаўлевіч. Паўлаў глянуў на Гаўрылу Міхайлавіча: знайдзі Бураўкіна і перадай загад...

– Чый? – удакладніў Конанаў.

– Якая табе розьніца, хоць бы мой!..

– Тады самі і перадавайце! – нечакана для мяне дзёрзка запярэчыў заўсёды спакойны, вытрыманы, далікатны Гаўрыла Міхайлавіч. – Я ня маю права адмяняць пастанову бюро ЦК...

– Дык вось ты які!– узьвіўся пагрозьліва Паўлаў. – Чаго ж ты хочаш?!

– Каб была свая тэлепраграма... – коратка і спакойна адказаў Конанаў.

У кабінет заглянула сакратарка Сьвета Дрынеўская і сказала, што мяне тэрмінова шукае Кузьмін.

Аляксандр Трыфанавіч быў заклапочаны, папытаў, дзе знайсьці Бураўкіна. Я шчыра прызнаўся, што Генадзь учора прымаў намесьніка Лапіна (тады старшыні Дзяржтэлерадыё СССР) Папова і зараз адпачывае пасьля праводзінаў. АТК усь­міхнуўся з разуменьнем, мусіць, прыгадваючы маскоўскага візіцёра, якога прымаў учора, і папрасіў тэрмінова зьвязацца з Бураўкіным, перадаць, каб ён неадкладна быў у яго, а на мой запытальны позірк пацьвердзіў тое, што я ўжо чуў ад Паўлава: пасьля абеду зьбіраецца бюро з намерам у сувязі з масавымі пратэстамі адмяніць прынятае рашэньне, вярнуцца на ранейшы рэжым тэлевяшчаньня, а рэспубліканскую праграму ўводзіць паступова. Я недаўменна паціснуў плячыма, сказаў, што не разумею, як гэта можна ўводзіць паступова – тут альбо ёсьць, альбо няма... Ён ня стаў нічога мне тлумачыць, нецярпліва прысьпешваючы: ты мне хутчэй шукай Бураўкіна, а потым разьбярэмся, што да чаго... Дарэчы, заходзьце разам...