Выбрать главу

Генадзь жыў недалёка на вуліцы Янкі Купалы, і пачуўшы пра сітуацыю, праз хвілінвў дзесяць занепакоены, нявыспаны быў у мяне. Настроены ён быў рашуча: не дадуць рабіць праграму – тут жа ідзе ў адстаўку. Я сказаў, што зраблю тое ж самае, аднак Генадзь разважыў: ты хоць кватэру атрымай, дый нельга рабіць гэтакі падаруначак Паўлаву...

АТК пачаў без усялякіх уступаў: напярэдадні зьезда кампартыі ўся рэспубліка пастаўленая на вушы, ведаеш, якія страсьці-мардасьці могуць разгарэцца? Таму трэба неадкладна адступіць, да сваёй праграмы рухацца паступова, паэтапна... І працягнуў яму кароценькі, на чвэрць старонкі праект пастановы бюро з двух пунктаў – адмяніць ранейшую пастанову і з заўтрашняга дня вярнуцца да былога фармату вяшчаньня. На паперчыне ўжо было некалькі подпісаў, у тым ліку Паўлава і ягоная, Кузьміна:

– Пазнаёмся, завізіруй і хуценька давай каманду неадкладна адкручваць усё назад...

Генадзь прачытаў уважліва, яшчэ больш пазмрачнеў і рашуча, зацята сказаў:

– Візіраваць гэтага я ня буду... І даваць каманду паварочваць назад – таксама. Хай адмяняе праграму іншы старшыня...

– Як гэта разумець? – сумеўся АТК.

– Проста, – адказаў Бураўкін. – Забароніце праграму – я тут жа іду ў адстаўку...

– Гэта ты сур’ёзна? – зьмераў яго зьдзіўленым і дапытлівым поглядам АТК, не зусім верачы, што ён насамрэч здольны на такое.

– Больш чым сур’ёзна. Завізірую толькі тады, калі ў пастанове будзе яшчэ адзін, трэці пункт: вызваліць Бураўкіна па ўласным жаданьні альбо па ягонай просьбе... – заявіў Генадзь, не пакідаючы ніякага сумненьня, што для яго гэта справа прынцыпу і не можа быць ніякага кампрамісу.

– Ладна, ты пасядзі тут адзін ды добранька падумай... – трохі разгублена сказаў АТК, кіўнуў да мяне: – А мы пайшлі, каб не замінаць яму думаць...

Моўчкі мінулі прыёмную, у калідоры ён павярнуў налева, пэўна, да Кісялёва, а я страшэнна прыгнечаны спусьціўся паверхам ніжэй у свой кабінецік, стаў нецярпліва чакаць Генадзя. Ён зьявіўся праз паўгадзіны. Сказаў, што зноў наадрэз адмовіўся візіраваць праект і ўрэшце рэшт расстроены АТК паслаў яго к чортавай матары...

Што мяне не запрасілі на бюро – зразумела, а вось чаму праігнаравалі, палічылі непатрэбнай Генадзеву прысутнасьць – гэта ўжо пытаньне... Ледзьве яно закончылася, як я ад Конанава даведаўся, што ніякага рашэньня не прынята і як усё адбывалася. Кісялёў пацікавіўся, чаму прадастаўлены праект пастановы не завізіраваны Бураўкіным і чаму той адсутнічае тут? АТК патлумачыў, што заняты з высокім маскоўскім госьцем, а візіраваць наадрэз адмовіўся, патрабуе, каб быў яшчэ адзін пункт аб вызваленьні яго ад пасады па ўласным жаданьні, прасьцей кажучы паставіў пытаньне рубам: альбо праграма, альбо ягоная адстаўка. Прайшоў незадаволены шумок: бач ты, надумаў ставіць ультыматумы... Конанаў не сказаў, хто высунуў, але тут жа стала абмяркоўвацца нечая радыкальна-рэвалюцыйная прапанова – адхіліць Бураўкіна ад пасады за стварэньне ідэалагічнай правакацыі, заадно – выключыць з партыі. Але страсьці-мардасьці астудзіў Кісялёў, разважыўшы: вызваліць, тым больш выключыць з партыі Бураўкіна мы заўсёды пасьпеем. А, магчыма, ён ведае нешта такое, чаго мы ня ведаем? І ў сваёй манеры нечакана зьвярнуўся да прысутных: хто з вас дзеля прынцыпу здольны паставіць на кон сваю пасаду, кар’еру, членства ў партыі, устаньце ці падыміце руку? Зьнячэўку ніхто не варухнуўся. Во, бачыце, працягваў Першы, то мо ня будзем пароць гарачку... І ўсе дружна пагадзіліся, што ня варта пароць гарачку...

Гэта была калі не перамога, то і не паражэньне. Чаго б там ні каштавала, а трэба ўратаваць праграму! Хочаш-ня-хочаш, а Паўлаў патрапіў у патавую сітуацыю: бюро не прыняло ягоную прапанову, значыць, ні ён, ні хто іншы ня можа спыніць праграму да адмены ранейшай пастановы. Невядома, колькі нам дадзена часу, але неабходна пасьпець зрабіць усё, каб патушыць ці хоць прытушыць пажар, супакоіць людзей. Дзеля выратаваньня праграмы трэба ісьці на кампрамісы і паўкампрамісы. Ну, напрыклад, чаргаваць: дзень гэты Хруша ў запісе, другі – наша Бульбінка. Пакуль будуць знаёмяцца і прывыкаць да “Калыханкі”. Супакоіць жа вайскоўцаў і іхнія сем’і ў Паставах – прасьцей простага... Каб не зацягваць час, пазваніў міністру сувязі Івану Міхайлавічу Грыцуку, гарадзенцу, з якім у мяне склаліся вельмі добрыя службовыя і неслужбовыя стасункі, папрасіў распарадзіцца тэлеграмай перакасіраваць на Нарачанскім рэтрансьлятары, які пакрывае сігналам Пастаўскі рэгіён, першую праграму ЦТ на звыклы, больш магутны перадатчык, заадно перадаць пад трансьляцыю ЦТ маламагутны стоватнік у Браславе, паскорыўшы ўвядзеньне ў дзеяньне яшчэ аднаго, значна навейшага і больш дасканалага, для рэспубліканскай праграмы. І адразу ж памчаў да Генадзя, які нецярпліва чакаў вестачкі з бюро. Ён званіў заклапочана ледзь ці ня кожную гадзіну: ну што чуваць? Яму хацелася пэўнасьці і яснасьці. Адчувалася, настрое­ны ён вельмі песімістычна, хоць у душы ня згас праменьчык надзеі, тым ня менш зусім не падзяляў мой аптымізм, веру ў розум і цьвярозую разважнасьць. Маю інфармацыю ён успрыняў ледзь ці як нейкі цуд, уздыхнуў з палёгкай, ажывіўся, імгненна набыў сваю заўсёдную ўпэўненасьць, энергічнасьць. Тут жа знайшлі поў­нае паразуменьне аб стратэгіі і тактыцы паводзінаў і дзеяньняў па ўратаваньні праграмы. Пазваніў дырэктару праграмаў Каваленку, распарадзіўся сёньня ж замест абвешчанай “Калыханкі” паставіць у запісе “Доброй ночи, малыши”, зрабіўшы абвестку, што па прапанове тэлегледачоў “Калыханка” і “Доброй ночи, малыши” будуць транслявацца праз дзень, пачаў сьпешна зьбірацца на работу...