Выбрать главу

Алесь Савіцкі

Узаранае поле

1

Загад камандзіра атраднай разведкі быў ясны і зразумелы: разведчык Алег Сверын на два дні накіроўваецца ў гаспадарчы ўзвод.

Але ў гэтай яснасці было столькі крыўднага, што Алегу падалося, быццам ён нешта недачуў, нешта не зразумеў, не ўсё спасціг належным чынам.

— У распараджэнне Гонты? — несправядлівасць апякла, Алег як захліпнуўся ад крыўды, нейкі час стаяў з адкрытым ротам і збянтэжана міргаў, нібыта пыл трапіў у вочы, потым падаўся наперад, як хацеў лепей разгледзець Лысюка, абурана выпаліў: — Мяне?

— Цябе, дружа мой. Цябе,— падкрэсленым сяброўскім тонам пацвердзіў сваё распараджэнне Лысюк.

Гэта быў загад, і Алег ведаў, што яго трэба не абмяркоўваць, а выконваць. Але крыўда пякла, і ён, усё з той жа збянтэжанасцю, як бы даводзячы ў першую чаргу сабе, прамовіў зацята:

— Не маеце права! Не маеце!

Лысюк зноў аніяк не пакрыўдзіўся, разважліва пагадзіўся:

— Можа, не маю. А можа, маю.

— Я — разведчык! — з горыччу выціснуў з сябе Алег.

— Калі ты сапраўдны разведчык, дык павінен не пароць гарачку, а спачатку пра ўсё дазнацца: куды пасланы, навошта, з якой мэтаю. I, дазнаўшыся, загад выконваць. Загад ты зразумеў?

— Самі ж усё патлумачылі: бульбу саджаць! Хіба ж не так?

— Але...

Лысюк пагадзіўся таропка, з паблажлівай усмешкаю натвары, нібыта спачуваючы Алегу і просячы болей непярэчыць. Ён прыслухоўваўся да франтавой кананады, водгулле якой цяпер было дужа выразнае. Учора нрымела далёка за Дзвіной, а сёння наблізілася, бы выкочвалася з лесу на гэты бок ракі, ішла несціханымі грукатлівымі хвалямі.

— Грымі-і-іць...— зазначыў ён усё тым жа радасным і рахманым голасам, нібыта ўвесь час пра гэта, пра кананаду, і ішла іх размова з Алегам. — Берасцянкі наваі папрыціхалі, слухаюць. Ха-аро-шую нашы прыкурку фашысту даюць. І мы падкінем яму агню.

З ранейшай, непрыхаванай крыўдай Алег ўноў абурыўся:

— А я? Нашы фашысту прыкурку даюць... Атрад калашмаціць фашыстаў пойдзе... А я?.. Ў гаспадарнікамі бульбу саджаць?

— А хто ж яе пасадзіць? — шчыра здзівіўся Лысюк.— Вёскі фашысты папалілі. Цягло ў людзей пазабіралі. Народ на нас спадзяецца. Правільна спадзяецца?

Паваротка ў гаворцы такая нечаканая, што Алег адразу ж і пагадзіўся:

— Правільна

Лысюк спытаў ў усміхам:

— Чаго ж тады на мяне ціснеш?

— Я не цісну. Я даводжу: зняць мяне з адказнага задання не маеце права!

— Давай... тлумач... мае правы, — прамовіў Лысюк, з роўным інтэрвалам стукаючы цыгарэцінай па трафейным пачку, які выцягнуў з кішэні мышастага нямецкага фрэнча. — Нешта апошнім часам, пад канец вайны, ва ўсіх права вялікія знайшліся. Патлумач ты мне, з чаго гэта? А я пакуру і паслухаю.

Лысюк зняў фрэнч, кінуў яго на карычневае ігольчатае лісце багуна і сеў, прыхінуўшыся спінаю да сасны. Ён яшчэ больш палагаднеў тварам, быццам начыста закрэсліў усю турботу, моўчкі паказаў рукою на старую пасохлую асіну, што расла ўнізе, на ўскрайку балаціны.

Дрэва, на якое паказаў Лысюк, спачатку нічым не зацікавіла Алега. Вядома, дзеля чаго гэта робіцца! Выпхнуў яго, Алега, у гаспадарчы ўзвод і зарадаваўся, нібыта дамогся нечага дужа важнага для сябе! I на старую асіну за балацінаю ён знарок глядзіць, каб ад яго, Алега, адчапіцца. Не, ён, здаецца, сіваграка цікуе, што сядзіць на асінавай крывульцы. Дзіўна як, бы зламалася, галіна выпірае ў бок ад усіх, навісае над маладой сасонкаю. I сіваграк нібыта прывязаны да яе, угрэўся на сонцы, ківаецца.

Алег нечакана астыў і адчуў сорам. Перагнуў ён палку, пачаўшы спрэчку з камандзірам атраднай разведкі! Ён жа заўсёды дакладна выконваў загады сваіх камандзіраў. I дзіўна не толькі гэта. Лысюк, які — увесь жа атрад тое ведае добра! — спрэчак не любіць, пярэчанняў не церпіць, цяпер пярэчанні не толькі выслухаў, але і загадвае працягваць іх, заахвочвае да тых пярэчанняў!

— Можа, не тое я сказаў…— прамовіў Алег вінаватым голасам і быў у сваім прызнанні шчыры.— Але ж крыўдна мне. Два гады ў разведцы…

— Адзін,— удакладніў Лысюк.

— Два! Што вы гаворыце? Два ж гады я ў разведцы!

Лысюк шчыра засмяяўся:

— Хоць ты яму кол на галаве чашы — сваё чаўпе. Адзін сіваграк, кажу. А ён — гады мне свае. Баішся, што нехта іх сабе перапіша?

— Я гэтага не баюся. Але хачу, каб было па справядлівасці ўсё…

— Па справядлівасці і ёсць,— сказаў Лысюк, і Алег чакаў, што крыўдны загад будзе зараз бязлітасна скасаваны. Але Лысюк дадаў зусім не пра гэта — пра сіваграка: — I ўчора за ім сачыў. I сёння… Прыляціць і сядзіць, бы ў жалобе якой. I ўсё — адзін-адзінюткі. Мабыць, без гняздзечка свайго ўласнага… Зараз паляціць…